Крыжы ля дарогі: вёскі Чарнякаўскага царкоўнага прыхода

Нашы праваслаўныя продкі, маючы моцную веру, ведалі пра значэнне  і важнасць паклонных крыжоў для выратавання ў вечнасці душ сваіх і блізкіх, таму ставілі іх на памятных месцах, непадалёк ад гарадоў і вёсак. Такія крыжы зваліся прыдарожныя,  усталёўваліся каля дарог,  каб, адпраўляючыся  ў падарожжа ці заходзячы ў вёску, чалавек мог папрасіць дапамогі ці падзякаваць Богу і нябесным заступнікам.

Да крыжа
Мы свае нясём
Усе надзеі і трывогі.
Да Крыжа
Мы свае вядзём
Усе сцяжынкі і дарогі.
Малітвы словы кожны раз
Гаючай сілай
Раны лечаць
У бласлаўлёны дзень і час
Вялікай
З Госпадам сустрэчы.

Алена Усцілоўская. Да крыжа…

Да Чарнякаўскага царкоўнага прыхода адносяцца вёскі Чарнякава, Боркі, Пешкі, Міхалкі, Кашалёва, Лясковічы, Шлях-Пушча, Ястрабель, Судзілавічы, Стаўкі, Батарэя.

Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы  Чарнякава ўзведзена ў 1725 годзе  на месцы з’яўлення  іконы “Цуд Прасвятой Багародзіцы, Свяціцеля  і Цудатворца Мікалая і пяці свяціцеляў”. Святыню знайшоў  мясцовы селянін-бядняк,  які шукаў ноччу ў лесе сваіх згубленых валоў.     Чарнякаўскі абраз Божай Маці  быў як бы ўрублены ўнутры хвоі.  Месца з’яўлення абраза адзначылася шматлікімі цудамі, вылячэннем хворых.

Потым Прасвятая Багародзіца некалькі разоў з’яўлялася ў сне хвораму селяніну з суседняй вёскі Лясковічы і прасіла, каб на месцы яе з’явы была пастаўлена царква. Селянін расказаў аб гэтым памешчыку Самуілу Юрэвічу, які збудаваў капліцу, сюды і перанеслі ікону.  Слава аб ёй    разнеслася на ўсю акругу. І тады памешчык пачаў будаўніцтва царквы ў гонар Свяціцеля Мікалая. Яго сын Станіслаў з жонкай  Бенедыктай завяршылі пабудову храма. Капліца ж пры будаўніцтве царквы арганічна ўпісалася ў асноўны будынак, захаваўшы ўсе свае абрысы. Сёння гэта алтар царквы, над якім узвышаецца невялікі купалок з простым жалезным каваным крыжам.

Чарнякаўскі абраз Божай Маці  шанаваўся як цудатворны і знаходзіўся  ў царкве да чарговага вітка барацьбы з рэлігіяй у 60-х гадах.

Вось як расказвае краязнаўца  Анатоль Антонавіч Гладышчук, ураджэнец  вёскі Чарнякава, прафесар, загадчык кафедры фізікі  Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта аб святкаванні Дня памяці Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Чарнякава:

«Черняковская Свято-Николаевская церковь всегда была в центре внимания нашего, теперь уже очень далекого детства, а престольный праздник, который на местном языке именовался «Мыколой» и выпадал на 22 мая, являлся символом небывалого торжества и многолюдья родного Чернякова…

         …Люди стекаются на праздник по всем трем дорогам, сходящимся в Чернякове у церкви, где веками стоял высокий дубовый православный крест – с юга, севера и запада… Пространство вокруг церкви и прилегающих к ней домов начинает заполняться за несколько дней до праздника и уже с вечера накануне заставлено возами, жующими сено лошадьми, и людьми, разводящими огонь, которые по традиции приехали издалека, а также нищими. Всё это напоминает огромный цыганский табор. В сам праздник, 22 мая, к этому люду добавятся коренные жители деревень Черняковского церковного прихода…, а также других окольных деревень, жители которых традиционно, как и их предки, почитают Черняковскую Свято-Николаевскую церковь…

Деревянная церковь в такой большой праздник вместить всех желающих не в состоянии, но не все туда и стремятся, достаточно накоротко зайти в притвор, так как пробиться в саму церковь сложно из-за плотной толпы стоящих, перекреститься на царские ворота и святые образа иконостаса, и выйти на цвинтар или под звонницу, где образовавшиеся группки, в основном мужиков или молодёжи, оживлённо обсуждают все местные проблемы и дела на родном диалекте, не забывая вставить в разговор как весёлые житейские эпизоды, так и короткие шутки. Праздничный гул стоит над всем этим цветным и разнообразным людским коловоротом, который подслащивают несколько местных лавок, торгуя сладким и подкрашенным газированным сидром, белыми булочками, слипшимися конфетами-подушечками на развес, дешёвыми конфетами в бумажных обёртках, твёрдым печеньем и другими доступными сладостями…

Колокольный звон переключает внимание всех к церкви, так как это сигнал к кульминации праздника – крестному ходу вокруг церкви….«

У 1959 годзе царква ў Чарнякава была зачынена,   цудатворны абраз Божай Маці  вывезены ў Дзяржаўны мастацкі музей  Беларусі, дзе знаходзіцца  і цяпер.

Жыхарка вёскі Пешкі Ніна Іванаўна Скарына ўспамінае, як ратавалі царкву ад разбурэння:

«Пусціў пагалоску сам Шымчук Пеця (старшыня Пешкаўскага сельсавета), ён сказаў маці, што заўтра будуць раскідаць царкву. А ў той дзень жанчыны палолі буракі насупраць Леўкаўца. Маці Шымчукова прыйшла і кажа: “Бабы, стройся. Царкву едуць раскідаць”.  І людзі пабеглі да Чарнякава на дарогу ад Ястрабля, а там ужо па ўсіх дарогах і ад Лясковіч, і ад Борак людзі на дарогі лажацца, і нашы жанчыны ляглі. Машыны не рызыкнулі па людзях ехаць, з іх павылазілі мужыкі і пайшлі пяшком. Шымчук узяў лесвіцу і палез на дах царквы,   а яго маці схапіла за нагу і сцягвае. Царкву тады пакінулі ў спакоі. А потым людзі пачалі пісьмы пісаць у духавенства, ездзілі нават у Мінск, і царква так і засталася, хоць і зачынена была, але не раскідалі.«

Трыццаць гадоў вецер гуляў  у старажытных сценах, царква прыходзіла ў запусценне. У тыя гады бязбожжа быў знішчаны і крыж, зроблены    з моцнага дубу, якіх шмат расло ў навакольных лясах…

Свята-Мікалаеўскую царкву   вярнулі прыхаджанам у 1989 годзе.    У кнізе “Вечны паклон” Міхаіла Шыманскага, ураджэнца вёскі Пешкі, змешчаны нарыс “Дзякуй, старшыня, за царкву!”, у якім   дырэктар ААТ “Боркаўскае” Мікалай Іосіфавіч Дземідовіч расказвае  аб   драматычным лёсе храма і яго рэстаўрацыі:

«Калі апошняя камісія дала мне дазвол на рэстаўрацыю царквы, мы ўзяліся за работу. Найперш неабходна было замяніць фундамент. Дамовіўся          з чыгуначнікамі, прывезлі ў Чарнякова магутны дамкрат, ім і паднялі цалкам усю цэркаўку. Падвялі пад яе новы фундамент. Само памяшканне царквы было яшчэ    ў добрым стане, мы яго і не кранулі. Толькі сцены звонку абшалявалі, замянілі дах… Цяпер царква на дзіва прыгожая, утульная, прывабная. Няхай моляцца прыхаджане. Навошта пазбаўляць іх веры і таго куточка, дзе гэтая вера найбольш жыве?.. Нездарма гэтая царква абвешчана помнікам гісторыі  і культуры Беларусі як узор драўлянага дойлідства.«

Нягледзячы на дружныя патрабаванні прыхаджан, ікона ў царкву так і не вярнулася, яе замяніў спіс,  выкананы іканапісцам Віктарам Ціханавым.

Вяртанне Чарнякаўскай заступніцы ў царкву адбылося 30 жніўня 2009 года, яе сустракалі сотні людзей. Па праваслаўных традыцыях  спіс цудатворнага абраза шануецца, як і арыгінал.

Дарэчы, частка хвоі з высечаным гняздом для абраза, на якой з’явілася выява Багародзіцы і святых, дагэтуль знаходзіцца ў храме, пры яго аднаўленні чурбачок старога дрэва быў знойдзены і захаваны. 

28 ліпеня 2016 года адбылася значная падзея:  у Дзень Хрышчэння Русі, па завяршэнні малебна роўнаапостальнаму вялікаму князю Уладзіміру настаяцель  храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэй Сергій Вайтовіч  благаславіў і асвяціў новазбудаваны крыж у вёсцы Чарнякава.

Усімі аднаўленчымі работамі займаўся дырэктар ААТ «Боркаўскае» Мікалай Іосіфавіч Дземідовіч.

Цяпер крыж вярнуўся на сваё  месца на злучэнні  ўсіх дарог прыходскіх вёсак, і кожны падарожны можа пакланіцца жыватворчаму дрэву.

У апошнія гады ў Чарнякаўскім прыходзе  адраджаецца традыцыя ўстаноўкі  раскрэсных паклонных крыжоў. Яны ставяцца ўсёй вёскай ва ўрачыстай атмасферы на перакрыжаванні дарог альбо пры дарозе, якая выходзіць з вёскі, каб уратавацца ад нягод, заручыцца на добры зыход распачатае справы. Устаноўка крыжа патрабуе захавання пэўнай абраднасці: выбару месца, благаславення бацюшкі, асвячэння крыжа. Ставяць яго звычайна на ўзвышшы, якое сімвалізуе Галгофскую гару – месца распяцця Хрыста.

12 ліпеня 2017 года Дзень памяці апосталаў Пятра і Паўла стаў для жыхароў аграгарадка Боркі двайным святам.  Пасля заканчэння богаслужэння аб усіх праваслаўных хрысціянах адбылося асвячэнне новага   паклоннага крыжа, усталяванага на скрыжаванні дзвюх дарог. Настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма звярнуўся да прысутных  з віншавальным словам і заклікам старанна шанаваць Крыж Хрыста, памятаючы вечны запавет Яго:  “Любіце адзін аднаго”.   

З гэтага дня асвечаны святы крыж узвышаецца над нашай вёскай, вядомай сваёй гісторыяй, людзьмі і іх працавітасцю. Няхай жа кожны захоўвае гэтую святыню, засцерагае яе і пакланяецца ёй, аддаючы чэсць крыжу Хрыстову сваімі добрымі паводзінамі на карысць Айчыне і царкве.

Нашы продкі лічылі, што вёска – гэта абгароджаная тэрыторыя,        а дарогі – гэта асноўныя каналы ўзаемадзеяння з навакольным светам, таму ўваходы  ў паселішча трэба абараняць ад нячыстай сілы і хвароб. Аграгарадок Боркі цяпер мае сваё ахоўнае кола з двух крыжоў, якое засцерагае ўсіх нас ад бед   і няшчасцяў. Другі крыж устаноўлены і асвечаны  пад час Велікоднага свята памёрлых у 2017 годзе  на месцы ранейшага  на ўездзе  з боку Міхалак.  

Паклонныя крыжы ў нашай мясцовасці звычайна робяцца з дрэва, радзей — металічнымі і даволі высокімі – не меней двух метраў. Такі металічны крыж у 2015 годзе быў усталяваны і асвечаны на перакрыжаванні дарог у гонар 500-годдзя  Лясковіч.

 У вёсцы Малыя Лясковічы кожны год людзі, карані якіх тут, збіраюцца на свята Святой Троіцы ў родных мясцінах, каб вёска не памерла.  На гэты раз свята атрымалася незвычайным:  яно было прысвечана 500-годдзю  вёскі Лясковічы. Пры садзейнічанні дырэктара ААТ «Боркаўскае» Мікалая Іосіфавіча Дземідовіча паміж вёскамі Лясковічы і Малыя Лясковічы з’явіўся незвычайны помнік,  аб’яднаўшы  ў адно цэлае камень-валун і нібыта ўросшы ў яго металічны крыж. На камяні прымацавана стылізаваная пад геральдычны герб таблічка з надпісам :«Род проходит и род  приходит. А земля пребывает вовеки. Лесковичи. 500 лет. В знак памяти и уважения к предыдущим поколениям. В честь юбилея. Июнь 2015 года».         

Асвяцілі гэты памятны знак, што ўстаноўлены побач са старым крыжам, які многія гады ахоўвае вёску, благачынны цэркваў Бярозаўскага раёна протаіерэй Георгій Шаўцоў і настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Сергій. Звяртаючыся да людзей, айцец Георгій адзначыў, што з твару зямлі могуць згінуць вёскі, і толькі крыж Хрыстовы сведчыць, што на гэтым месцы жылі людзі, якія верылі і вераць у Божую міласць, спадзяюцца на Бога і робяць добрыя справы. І новы крыж будзе сведкам таго, што жылі тут прадзеды, якія імкнуліся да духоўна-маральнай дасканаласці і вучылі гэтаму нашчадкаў сваіх. Няхай жа ўдзячная памяць аб продках назаўсёды захаваецца  ў сэрцах новых пакаленняў.   

У той жа дзень адбылася прэзентацыя кнігі нашай зямлячкі, кандыдата гістарычных навук, краязнаўцы Наталлі Дзядзічкінай “Малыя Лясковічы. Была такая вёска…”, якую можна знайсці ў  чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі горада Бярозы. У гэтай кнізе асвятляецца гісторыя вёсак Малыя Лясковічы і Вялікія Лясковічы, лёс жыхароў, прыведзены дакументы розных стагоддзяў і змешчаны шматлікія фотаздымкі. Апісаны ў ёй і трагічны лёс прыдарожнага крыжа:

«Органы ўлады ініцыявалі і правядзенне кампаніі па зняццю крыжоў, якія былі ўсталяваны на ўскраінах і вулічных скрыжаваннях вёсак. Драўляныя крыжы, упрыгожаныя ручнікамі і кветкамі, стаялі ў кожнай вёсцы. Калі ў сям’і хто-небудзь моцна хварэў – на крыж вешалі ручнічок і абракаліся не рабіць граху. Каля крыжа ставілі труну з нябожчыкам для развітання аднавяскоўцаў, хрысціліся, ад’язджаючы ў далёкі шлях. Аднойчы мясцовыя змагары з рэлігіяй прыйшлі зносіць прыдарожны крыж у Малых Лясковічах. Гэта былі двое маладых людзей, для якіх умовай прыняцця ў партыю было выкананне партыйнага даручэння па спілаванню прыдарожнага крыжа на чале са старшынёй сельсавета Шымчуком П.М. Прыдарожны крыж стаяў побач з домам Еўдакіі Кузьмінічны Клапаць. Баючыся абурэння людзей, зносіць крыж прыйшлі ўначы. Еўдакію Кузьмінічну і яе дачку Марыю Васільеўну, якія спрабавалі выйсці на двор, з дома не выпусцілі. Еўдакія Кузьмінічна і яе сын Сяргей назіралі за тым, як яны гэта рабілі, праз маленькае акенца каморы. Праз гады Сяргей Васільевіч Клапаць апісаў бачанае ў сваім вершы.«

Часы, калі крыжы паўсюдна знішчаліся, даўно мінулі. Цяпер  у некаторых вёсках устаноўлена па два, тры і болей крыжоў.  У Лясковічах у  2017 годзе   адбылося ўрачыстае асвячэнне двух новых паклонных крыжоў. Пасля асвячэння здзейснена пакланенне крыжам  жыхарамі вёскі.

У 2017 годзе протаіерэем Сергіем Вайтовічам быў здзейснены чын благаславення і асвячэння яшчэ аднаго новага крыжа —  у вёсцы Батарэя.

У вёсцы Пешкікрыж калісьці знаходзіўся справа ад дарогі, калі ехаць у Боркі, таму што хавалі пешкаўцаў на могілках у Борках, каля крыжа аднавяскоўцы развітваліся з памерлым.

Перад Вялікай Айчыннай вайной у вёсцы  з’явіліся свае могілкі, каля старой дарогі на Антопаль. Таму ўжо пад час вайны крыж устанавілі на перакрыжаванні насупраць цяперашняга магазіна. Яго мы бачым на малюнку Васіля Андрэевіча Юдчыца, жыхара Пешак. Вярышка Надзея Іванаўна, ураджэнка вёскі,  успамінае, што гэта быў высокі прыгожы крыж. Калісьці ў вёсцы пры ўстаноўцы крыжа збіраліся ўсе жанчыны  і ткалі  спецыяльны фартушок альбо ручнік і з ім абыходзілі вакол вёскі. Рабілася гэта, каб не было вайны і ўсякіх бед.

У вёсцы Пешкі на перакрыжаванні дзвюх дарог зараз стаяць два крыжы  насупраць адзін аднаго – стары і новы. Яны  выклікаюць мноства пачуццяў: новы дае надзею, што Бог жыве ў сучасным чалавеку, стары, які прастаяў многа гадоў, напамінае аб страшным перыядзе ў нашай гісторыі, калі вера ў Бога знішчалася разам з крыжамі. 

У Пешках, як і ў навакольных вёсках, у 50-я гады крыж быў знішчаны савецкімі актывістамі. Але  людзі захоўвалі праваслаўныя традыцыі: вянчаліся, хрысцілі дзяцей, адзначалі царкоўныя святы.  І  аднойчы ноччу крыж з’явіўся на сваім месцы насупраць магазіна. Людзі ўспрынялі гэта як цуд. Казалі, што зрэзаны крыж прынесла з вясковых могілак і паставіла каля бэзу Ганна Аляксандраўна Ляшчынская (Юдчыц у дзявоцтве).

За адну ноч  тайна быў устаноўлены крыж і каля  дарогі на могілкі. Улады нават вялі расследаванне, але  так і не знайшлі выканаўцаў. Магчыма, гэта былі Мікалай Дзмітрыевіч Гук і Іван Міхайлавіч Касевіч.

На старым месцы крыж устанавілі пазней, вырабіў яго Аляксандр Іванавіч Юдчыц.

 У вёсках Чарнякаўскага прыходу, як і па ўсёй Беларусі, жывуць людзі розных веравызнанняў, але ў большасці гэта праваслаўныя і католікі, якія вякамі жывуць побач, раздзяляючы жыццёвыя радасці і няўзгоды.  Так і крыжы – праваслаўны і каталіцкі стаяць побач, як у вёсцы Ястрабель, праводзячы  падарожнікаў і сустракаючы іх з далёкай дарогі. Форма ў крыжоў розніцца, але мэта адна – просьба да Госпада аб ахове і падзяка за дапамогу.

Гледзячы на прыдарожны крыж, з удзячнасцю думаеш аб тых людзях, якія зрабілі яго, устанавілі, упрыгожылі, хто прыходзіць да яго з малітвамі. Звычай упрыгожваць крыжы атрымаў развіццё менавіта ад звычаю ахвяравання тканін на крыж.Упрыгожваюць крыж звычайна адзін раз у год – перад Вялікаднем. Набожныя вяскоўцы, у асноўным жанчыны, збіраюцца разам, каб прыбраць крыж. Для ўпрыгожвання крыжоў    выкарыстоўваюцца   штучныя кветкі, рознакаляровыя стужкі.

На крыж  павязваецца ручнік — новы, звычайна  прыгожа вышыты.  Як вы думаеце, што азначае ручнік на крыжы? (Адказы)

Ручнік – гэта  вечны спадарожнік беларусаў. Ён і цяпер прысутнічае ў найбольш важныя моманты нашага жыцця,  суправаджае чалавека ад нараджэння і да апошняга дня жыцця, аб’яднаўшы многія пакаленні кожнай сям’і, кожнага роду. З хлебам-соллю на ручніку сустракаюць дарагіх гасцей. З ручніком ідуць у сваты. На ручніку стаяць маладыя на вянчанні. У хатах іконы  пакрываюць ручнікамі. Ручнік на прыдарожным крыжы – старадаўняя малітва, якая замольвае на дабро і спагаду, любоў і спакой.

Да нашага часу захаваўся звычай праводзіць нябожчыка ўсёй вёскай да крыжа, дзе  аднавяскоўцы развітваюцца з памерлым. На крыж павязваецца ручнік, калі памірае мужчына,ці фартушок, калі хаваюць жанчыну. Гэты ручнік на  крыжы гаворыць: хай будзе шырокай і светлай пуцявіна памерлага пасля смерці, як белае палатно ручніка. Але і гэты звычай у наш час мяняецца. Усё часцей на крыж ці агароджу павязваюць стужку.

На крыжах звычайна ёсць іконы, адна або некалькі. Над іконай можа быць казырок, які захоўвае святыя лікі ад сонца і дажджу. На ікону таксама павязваецца ручнік. У вёсцы Пешкі на крыжы змешчана распяцце.

У Пешках існаваў цікавы звычай упрыгожваць крыж на Купалле. Маладыя хлопцы і дзяўчаты ішлі ў лес,  рвалі папараць, дубовыя галінкі, кветкі, плялі вялікі вянок.  Затым усе разам браліся за вянок, гэта было вельмі важна – хоць дакрануцца да яго, неслі да крыжа і вешалі,  уплятаючы папяровыя кветкі.

У нашых продкаў з прыдарожным крыжам было звязана мноства абрадаў. Ля крыжа спынялася вяселле, каб маладыя маглі памаліцца перад Укрыжаваным  у дзень, калі назаўсёды крыжаваліся іх шляхі. Калі хлопца забіралі ў армію, то пры выездзе з вёскі ён абавязкова спыняўся каля крыжа, як бы з просьбай аб дапамозе ў службе і шчаслівым вяртанні дамоў.

Сталыя жанчыны звярталіся да крыжа з малітвай аб дапамозе ў сямейным жыцці і падзякай за атрыманую Божую ласку. Маладыя дзяўчаты, якія хацелі выйсці замуж, неслі да крыжа белую тканіну ці фартушок.

У нашай мясцовасці існаваў звычай каля крыжа варажыць. Крыж каля Свята-Мікалаеўскай царквы знаходзіўся ў нізіне, каля яго часта стаяла вада. Моладзь, збіраючыся на царкоўныя святы, пускала па вадзе  качачак з паперы – калі качачкі, пушчаныя хлопцам і дзяўчынай, сустрэнуцца, то маладыя пажэняцца.

Збіраючыся ў дарогу, вяскоўцы каля крыжа, перахрысціўшыся,  гаварылі такія словы: “Божая Маці ўперадзе. Анёлы па баках. Мы ў Божых руках”. Кожны спыняўся каля крыжа са сваім клопатам, і кожнаму крыж адказваў – каго суцяшаў, каго падтрымліваў. І ў наш час  сталыя людзі вёскі, а цяпер усё больш і маладыя, праходзячы каля крыжа, хрысцяцца і пакланяюцца яму, такім чынам выказваючы павагу да святога месца.

Прыдарожныя крыжы – гэта не толькі гісторыя нашых вёсак,  нашых продкаў, нашага народа, якую трэба вывучаць і захоўваць. Крыжы кажуць нам – Бог жыве ў душах людзей. Зноў адчыняюцца святыні, моляцца там людзі. І зноў да крыжа нясуць яны свае хваробы і боль, радасць і падзяку, просяць аб дапамозе, моляцца аб сваёй Бацькаўшчыне.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

         БАРАДУЛІН, Р. Маленне за Беларусь: [верш] / Рыгор Барадулін  // Рыгор Барадулін. Збор твораў: т.2. —  Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. – С.149-150.

          БАШЛАКОЎ, М. Пяро зязюлі падніму: паэма і вершы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2001. – С. 55-56, 136-137.

ГИЛЕВА, Л.  Возвращение иконы: [в Свято-Николаевскую церковь             д.Черняково была возвращена Чудотворная икона Божьей Матери] / Людмила Гилева //  Маяк. — 2009. — 26 сентября. — С.5.

ГЛАДЫЩУК, А.  «Черняков: о церковном святе — Мыколе» / Анатолий Гладыщук // Маяк. — 2011.  — 21 мая. — C.6.

ГЛАДЫЩУК, А. Черняковской «Мыколе» –  300 лет / Анатолий   Гладыщук //  Маяк. — 2016.  — 14 мая.  — С.4.

ГОРОВАЯ, М.  Триста лет со Святителем Николаем /  Маргарита Горовая // Маяк. — 2017.  — 28 октября.

ДЗЯДЗІЧКІНА, Н.Я. Малыя Лясковічы. Была такая вёска…: гістарычны нарыс / Н.Я. Дзядзічкіна. — Брэст: ААТ «Брэсцкая друкарня», 2015. — С.539-540.

КАРПЕШ, Р. Тут  ім пашчасціла нарадзіцца /  Разалія Карпеш //  Маяк. —2015.  —13 чэрвеня. — С.5.

ЛИТВИНОВИЧ, Е. «Маяки» истории / Евгений Литвинович // Заря. — 2017.  — 14 октября. — С.7.

          МАРОЗ, У. За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз.  —Мінск: Мастацкая літаратура, 2004. – С. 194-197.

          РУДСКАЯ, І. На радзіме вада смачнейшая і трава зелянейшая / Ірына Рудская // Маяк. —  2015. —  6 ноября. —  С. 5.

         ШЫМАНСКІ, М.  Вечны паклон: нарысы  / Міхаіл Шыманскі. —  Мінск: Мастацкая літаратура,  2016.  — С. 93-95.

УСЦІЛОЎСКАЯ, А. Да крыжа … : [верш] / Алена Усцілоўская // Маяк. — 2010. —  27 марта. — С.8.

Інтэрнэт –рэсурсы:

 ДЕНЬ ПЕТРА И ПАВЛА в Чернякове: [освящение новосооруженного креста в агрогородке Борки] [Электронный ресурс] // Березовское благочиние. – Береза. —  Режим доступа: https://berezahram.by/news/  ?arrFilter _pf% 5BPRIHOD%5D= 55&set_filter= Y&PAGEN_1=2.  —   Дата доступа: 21.11.2017.

ДЗЕРУЖЫНСКІ, А.  Наш беларускі ручнік:  верш /  А. Дзеружынскі [Электронны рэсурс] // Часопіс “Роднае слова”. — Рэжым доступу: http://www.rs.unibel.by/main.aspx?guid=3743.  —   Дата доступу: 16.12.2017.

ОСВЯЩЕНИЕ  креста в деревне Черняково [Электронный ресурс] // Березовское благочиние. — Береза. —  Режим доступа:  https:// berezahram. by/news/osvyashcheni  -kresta-v-derevne-chernyakovo/.  — Дата доступа: 15.11.2017.

ОСВЯЩЕНИЕ новосооруженного креста в дер.Батарея [Электронный ресурс] // Березовское благочиние. — Береза. —  Режим доступа:  https:// berezahram.by /news/ osvyashchenie-novosooruzhennogo-kresta-v-der-batareya/. — Дата доступа: 15.11.2017.

ОСВЯЩЕНИЕ поклонных крестов в деревне Лесковичи [Электронный ресурс] // Березовское благочиние. — Береза. —  Режим доступа: https:// berezahram.by/news/ osvyashchenie- poklonnykh- krestov-v-derevne-leskovichi/.  — Дата доступа: 15.11.2017.

ПОКЛОННЫЕ кресты [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http/www.srpska.ru/article.php?nid=21131. — Дата доступа: 10.10.2017.

РАДОНИЦА  в Черняковском приходе [Электронный ресурс] // Березовское благочиние. — Береза. —  Режим доступа: https:// berezahram.by/news/radonitsa-v-chernyakovskom -prikhode2017/. — Дата доступа: 15.11.2017.

РАМАНЮКМ. Крыжы прыдарожныя: зорна-крыжовы шлях / Міхась Раманюк   [Электронны рэсурс] // Наша вера. — 1998. — № 2. —  Рэжым доступу: media. catolik. bu/hv/ ns/ art 15 htm/. —  Дата доступу: 14.10.2017.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *