У даўнія часы мясцовасць тут была балоцістай і амаль непраходнай у цёплы перыяд года. Толькі мясцовыя жыхары ведалі, дзе можна было прабрацца праз лясныя і балотныя глухамані, а паселішча, што знаходзілася за балотам, праз якое выхад быў толькі пяшком ці “пешкі”, як тут гавораць, так і назвалі – Пешкі.
Яшчэ кажуць, што на гэтым балоце вяскоўцы касілі сена і складвалі яго ў стагі, а пасярэдзіне кожнага стога ставілі палку, якую называлі “пешкай”. Ад яе і пайшла назва паселішча. [1]
А старыя бабулі расказвалі, што сена, якое калісьці касілі на балоце, выносілі сушыць. Рабілі такія навесы, на іх і раскладвалі сена. Звалі іх “пешкі”. Вось сяло і назвалі Пешкі. [2]
[1] Матэрыял прадаставіла бібліятэкар Боркаўскай СБ Л.П.Юдчыц.
[2] Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т.4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн. Кн. 2 / А.М. Боганева [і інш.]; ідэя і агул. рэдагаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск : Вышэйшая школа, 2009. – С.465.