Геалагічны помнік прыроды «Бярозаўскі валун»

Велізарны валун вагой 40 тон устаноўлены ў 2012 годзе ў горадзе Бярозе на пляцоўцы каля дзіцячага садка № 2, на скрыжаванні вуліц Чырвонаармейскай і Якава Свярдлова. Частка каменя закапана ў зямлю, але нават тое, што відаць, уражвае сваімі памерамі.

Валун перамешчаны сюды з Паўночнага Гарадка, дзе быў адкапаны ў маі 2009 года падчас будаўніцтва шматпавярховага дома 58Б. Каб выцягнуць яго на паверхню, спатрэбілася некалькі аўтакранаў. Цікава, што газета «Маяк» нават звярталася да чытачоў за прапановамі, дзе ў Бярозе можна ўстанавіць знаходку.

Што тычыцца паходжання каменя, найбольш верагодна, што ён быў прынесены ледавіком. І, хутчэй за ўсё, гэта быў Дняпроўскі ледавік (320–250 тысяч гадоў таму), бо ён быў самым магутным і мог данесці да нашай мясцовасці валун такой велічыні.

Рашэннем Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 снежня 2017 года камень быў абвешчаны геалагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Зараз гэта аб’ект, які ахоўваецца дзяржавай. Забараняецца перасоўванне валуна, нанясенне выбоін, драпін, надпісаў, афарбоўка валуна, правядзенне работ, якія могуць парушыць яго цэласнасць.

Камень на ростанях дарог ва ўсе часы быў сімвалам, знакам, пасланнем Неба. Дастаткова ўспомніць былінных волатаў, народныя казкі, прыказкі. Наш камень, створаны тысячагоддзі таму, адшліфаваны часам і прыродай, нясе пазітыўную энергетыку і, безумоўна, стаў славутасцю горада, месцам фотасесій і сустрэч.

Гэтаму спрыяюць і ўстаноўленыя вакол лаўкі са скульптурамі. [1]


[1] Валуны — сведкі гісторыі / склад. А. М. Гук ; ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма», Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ. — Бяроза, 2021. — 48 с. : іл.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *