Як у шчасце, у цябе апрануся,
Родны мой — край гаючых крыніц,
Тваёй веры святое нап’юся,
Каб душой не счарцвець, не змылюся —
Ёсць збавенне ад злых навальніц.
Светлы мой … Беразовы, хваёвы,
Ясяльдзянскі, дзядоў маіх край.
Столькі думак яднае з табою,
Столькі мрояў дзіцячай парою!
Дасель песняй гудзе небакрай.
Ясяльдзянскі, дзядоў маіх край…
Запаветны. Пшанічны. Ласкавы.
Партызанскі. Ажынны. Лясны.
Яшчэ пякуць у грудзях тваіх раны,
Не ўсе сцежкі вайны параслі.
Спапяліць бы твой боль незямны…
Край картузскі. Зарны. Верасны…
Тваіх сцежак таемныя ўзоры,
Маіх крокаў рамонкавы шлях.
Родны мой — гаварлівы, вясёлы,
Ні прад кім і нічым не скароны —
Родны край… Родны край…[1]
[1] Папко, А. Роднаму краю : [верш] / Алена Папко // Маяк. — 2017. — 22 июля. С. 9. — (Крыніца : літаратурная старонка).

