Жыў-быў на свеце Гумар. Рашыў ён свету пабачыць. Ішоў–ішоў, прытаміўся. Шмат краін абыйшоў, гарады і вёсачкі не мінаў, шмат цікавых людзей сустрэў, а цяпер і адпачыць крыху можна. Сеў на купіну, пачаў разувацца, каб ногі падыхалі. Узяўся за чаравік, а ён увесь чысценька ў дзірках. Падэшва адарвалася, бы нехта рот разявіў, цвічкі з іх тырчаць, якраз як зубы ў страшыдлы. Смешна яму стала. І пачаў ён з сябе самога кпіць, жартаваць. Спачатку паціху, употайкі. Але дзе ж ты ўтрываеш, калі жарт за жартам бяжыць і жартам папіхае, і што раз то жартаўнейшы. Не стрымаўся Гумар і пачаў рагатаць, успамінаючы розныя прыгоды.
А як зарагатаў, рот сам па сабе і адкрыўся, і па языку, як па той дарожцы, жарты і пакаціліся і паплылі, што сліна да губы данясе. Вялізнымі кроплямі падаюць на зямлю, адна да аднае туляцца, у хвалі ператвараюцца. А Гумар у той час усё смяецца, з рогату аж заходзіцца. Вочы заплюшчыў і ні на што ўвагі не звяртае. Так і заснуў, смеючыся. Раптам нешта казытнае ў вуха залезла. Адкрыў вочы. Туды–сюды галавою варушыць, прыемна яму гойдацца на хвалях, азіраецца сярод сваіх жартаў. А іх вакол столькі многа – цэлае возера наплыло. Нарэшце Гумар здаволіўся і кажа:
– Ну, вось і добра. Натупаўся я па белым свеце, накоўзаўся. А цяпер я тут і жыць застануся. Вельмі прыемны, утульны куточак. Так і застаўся. Па сённяшні дзень у тым возеры жыве.
Людзі пра тое возера яшчэ нічога не ведалі. Вядома ж, гэтак раптоўна яно з’явілася на Палессі.
Надыйшоў час, пайшоў Юрась (жыхар тутэйшы) па свой статак, што раніцаю адагнаў за лес пасвіцца. Бачыць, возера дарогу загарадзіла. Паспрабаваў абыйсці, не выходзіць ніяк, вялікае вельмі. Пайшоў з другога боку, каб абыйсці. А насустрач чалавек ідзе. Павіталіся.
-Ты хто?
-Юрась. Тутэйшы. А ты?
-Я Мыколо. Іду здалёку, шукаю дівчіну чорнооку. Ты куды ідзеш?
-Па статак. А ты?
-До Белого озэра. Мова ідэ, шчо там дывчата хорошы, пойду посватаю котору. А гэто шчо за озеро? Як ёго называюць?
-Сам першы раз бачу. Раніцаю гнаў статак, ніякага возера не было, а зараз во, абыйсці не магу аніяк, – кажа Юрась.
-То ёго ж назваты нам трэба, – кажа Мыколо.
Пачалі яны ўсякія назвы прыдумляць. Адзін адно скажа, другі другое прапануе. Ніяк не згаджаюцца, ніяк агульнай назвы не знойдуць, сварацца, нават тузацца пачалі.
Невядома чым бы ўсё гэта скончылася. Можа тузаліся б і дагэтуль, а возера так бы без назвы і засталося, але на той час едзе па дарозе коннік. Зброя ў яго аж зіхціць, шлем і кальчуга на ім з чыстага срэбра, ззяе, пераліваецца на сонцы.
– Об чём спор затеяли, мужики, – пытае. – Чего это вы не поделили, не поладили?
– Назву возеру ніяк не прыдумаем. Мыколо хочэ па-свойму, а я вось думаю, што трэба каб па-мойму было. Вось: спор выйшаў.
– Эх, мужики, — кажа коннік разважліва, – пусть будет по-другому. Раз спор вышел из-за названия, то и озеро назовите Споровским, коль такое оно уж споровое.
Хацеў павярнуць каня, бо далей дарогі не было, але раздумаў.
Пасядзелі ля кастра, расказалі адзін аднаму хто яны і адкуль, і што ім трэба, заначавалі. А нараніцу коннік сеў на свайго варанога і на развітанне, паціскаючы далоні, кажа:
– Вот что, мужики, люди вы добрые, работящие, но чтобы у вас споров больше не было, постройте себе дома один в одном конце озера, а второй в другом, и живите с миром.
А сам падаўся па сваіх справах.
Разышліся Юрась з Мыколою ў розныя бакі і пачалі сабе новыя хаты закладаць. Мыколо зсек добрую смаляную ёлку, а Юрась зваліў дуба-волата, але ні адзін з іх з месца скрануць бярвенні не могуць. Выйшлі з лесу і дамовіліся адзін аднаму дапамагчы ў гэтай справе. Але як размова пайшла каму першаму хату ставіць, тут ізноў сыр-бор ад спрэчак закалыхаўся: той сабе хоча, а той сабе.
Нарэшце Юрась і кажа:
— Ты ж мяне, Мыколо, абхітраваць хочаш. На тое ж ты і хахол.
Ці ж можна такую абразу сцярпець? Падскочыў Мыколо да Юрася ды схапіў яго за грудкі. Ізноў валтузня пачалася. Тузаліся-тузаліся ды і скаціліся ў возера разам, ды з такім пляскам, што сам Гумар прачнуўся ў чароце. Пабачыў сябрукоў і адразу ўсё зразумеў. А возера ахінула іх сваёй хваляю, астудзіла, і давай жарты над імі ладзіць. То аднаго возьме ў абарот, то другога, то за ногі пацягне ўніз, то выкіне на хвалю. Ледзьве выкруціліся яны тады на бераг, бо ні адзін з іх плаваць не ўмеў.
Ды толькі ж ці самі яны выскачылі? Гэта Гумар правучыў іх і, выштурхнуўшы з вады, абсыпаў жартамі. З тых пор, як хто не сустрэне жыхара гэтай мясцовасці, дык адразу бачыць тыя жарты. Так з лёгкай рукі Гумару пачалі кпіць над людзьмі, што пасяліліся ля возера, прыдумляць пра іх смешныя гісторыі.
А Мыколо і Юрась ляжаць тым часам на возеры ды смех іх разбірае, жартуюць самі з сябе.
— Спорава? – пытае адзін.
— Спорава, – кажа другі. І зноў смяюцца.
Потым усталі, абняліся па-брацку і, не згаворваючыся, пачалі разам бярвенні нарыхтоўваць. І будыніны свае ставілі побач разам па-над возерам.
Спачатку Юрасю паставілі хатку.
А потым Мыколу хатыніну нову.
Мыколо просыв на вэсэлле Юрася,
бо дзівчіна чорна паблізу знайшлася.
Спораўкаю зваць сінявокую Ганну.
Мыколо вядзе яе ў хату, бы панну.
Шчасліва жывуць.
Жарт у хаце вядзецца.
Цяпер і Мыколо спароўцам завецца…[1]
Кіра Арцішэўская
[1] Арцішэўская, К. Чаму возера Спораўскім завецца : казка / Кіра Арцішэўская // Спорава і тое-сёе пра спараўцоў / склад. І.Г.Ганчарка, А.М.Жуковіч, М.М.Пракурат. – Бяроза, Аддзел культуры Бярозаўскага райвыканкама, 1996. – С. 44-47.