
Аб узнікненні двайной назвы горада таксама існуе некалькі паданняў. Большасць з іх звязана з будаўніцтвам у нашай мясцовасці манастыра ордэна картэзіянцаў (картузаў), які быў закладзены ў 1648 годзе Казімірам Львом Сапегам. Уплыў картузаў на развіццё паселішча быў настолькі значны, што яно атрымала назву Картуз-Бяроза ці Бяроза-Картузская. Вярнулася гораду старажытная назва «Бяроза» ў 1940 годзе. Чаму ж манастыр узвялі менавіта ў Бярозе?
ПЕРШАЯ ЛЕГЕНДА
Першая легенда расказвае, што ў даўнія часы блукаў па свеце сляпы стары з хлопчыкам-павадыром. Каб пазбавіцца сваёй слепаты, шукаў ён дапамогі ў розных краінах; якіх толькі знахароў не наведваў, якія толькі зеллі не спрабаваў! Але ўсё дарэмна: збавенне ад хваробы не наступала. I вось аднойчы добрыя людзі падказалі старому, што ёсць на зямлі такое месца, дзе з-пад зямлі б’юць струмені жывой вады, якія любыя хваробы вылечваюць. Невядома, як доўга вяліся пошукі гэтай цудоўнай крыніцы, але аднойчы хлопчык прывёў старога ў бярозавы гай, наскрозь прасякнуты сонечным святлом. У ім струменіў ручай крыштальна чыстай вады і білі свежыя крынічкі. Стомленыя доўгай дарогай вандроўнікі спачатку напіліся крынічнай вады, а потым старац набраў яе ў далоні і плескануў сабе на вочы. I адбыўся цуд – перад старым адкрылася ўсё наваколле ва ўсёй яго прыгажосці і разнастайнасці. Старац у падзяку за сваё вылячэнне за свае сродкі – а ён быў чалавекам заможным — сярод бярозавага гаю пабудаваў манастыр, які і паклаў пачатак будучаму гораду. [1]
Паэтычным словам пераказала гэтую легенду ў сваім вершы Таццяна Мацкевіч.
Есть такая легенда
Не раз, когда в детстве ребята играли,
Им старые люди легенду читали…
Бродили по свету старик и юнец –
Искали живой родниковой воды.
Старик был слепым и хотел он прозреть,
А вместе со старцем пошел поводырь.
А время летело вперед и вперед,
И поиски длились недели, года…
Но только однажды нашел ручеек
Тот мальчик, что вел за собой старика.
В березовой роще струился ручей –
Кристально чиста была в нем вода,
А рядом кринички – присядь и испей,
И роща пронизана светом. Тогда
Достали усталые путники ковш,
Испили они родниковой воды
И, чтобы усталость быстрее прошла,
Умылись водой той холодной. И что ж?
Наполнились счастьем глаза старика –
Увидел он солнце и лес, и цветы…
И в память об святости этой воды
Построил старик в роще той монастырь.
Проходят года, пролетают столетья,
И возле старинного монастыря
Одно за другим вырастают селенья –
Здесь вырос мой город, Береза моя.[2]
Паводле другой легенды, калісьці ў гэтых мясцінах быў бярозавы гай, дзе струменілі чыстыя крыніцы. Аднойчы сюды зайшоў сляпы стары з хлопчыкам-павадыром. Стомлены падарожнік заснуў, а хлопчык загуляўся ў лесе і заблукаў. Прачнуўшыся і не даклікаўшыся свайго павадыра, сляпы стаў блукаць па гаі і пачуў шум крыніцы. Напіўшыся чыстай вады і ўмыўшыся ёю, стаў бачыць. У гонар гэтага цуду ён паставіў каля крыніцы бярозавы крыж і пайшоў сведчыць людзям пра сваё вылячэнне. Пра цудадзейныя крыніцы пачуў Казімір Леў Сапега, у якога быў сляпы сын. Ён прывёз яго ў гай, і зноў здарыўся цуд – хлопчык, умыўшыся і папіўшы вады, набыў зрок. І тады ў знак падзякі магнат, які атрымаў у спадчыну ад свайго бацькі не толькі дзяржаўны склад розуму, але і вялікую набожнасць, вырашыў пабудаваць тут кляштар для манахаў- картэзіянцаў. [3]
Трэцяя легенда распавядае, што аднойчы падчас палявання Сапегаў сабакі адчулі звера і пагналіся за ім з гучным брэхам. І раптам – цішыня. Калі гаспадар выбраўся на паляну, ён убачыў, што пасярод яе стаіць крыж, якога раней тут не было. Вакол крыжа мірна ляжалі яго сабакі. Прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду ўспрыняў гэта як Божы знак і вырашыў закласці тут кляштар.[4]
Кажуць яшчэ, што ў даўнія часы у нашых мясцінах пабываў ці то Сувораў, ці то Напалеон. І хтосьці з іх павесіў свой картуз на бярозу, ды і забыў яго. Сапраўды, у 1771 годзе праслаўлены рускі палкаводзец Аляксандр Васільевіч Сувораў разам са сваімі палкамі праходзіў праз Бярозу. [5]
Звязаную з гэтай падзеяй легенду пераказаў у сваім вершы паэт Алесь Разанаў, ураджэнец вёскі Сялец Бярозаўскага раёна.
Бяроза-Картузская
На рэчцы,
дзе ціха шумяць вербалозы,
стаіць гарадок невялікі Бяроза.
Аб бераг пляскочуць злянелыя хвалі,
чаму паэтычна так
горад назвалі?
Мінаюць гады,
праплываюць стагоддзі,
а слова жывое вандруе ў народзе.
— Аднойчы паходам, –
легенда гавора, –
тут з войскам ішоў палкаводзец Сувораў.
Стаміліся крочыць салдаты палямі,
зрабілі прывал на зялёнай паляне.
Сувораў суніцы збірае па лесе,
А пыльны картуз на бярозу павесіў.
Ці доўга ці не
на цяністым прывале
салдаты з Суворавым адпачывалі.
Затым падаліся далей па дарозе,
застаўся вісець той картуз на бярозе.
З тых пор
каля ціхае Ясельды-рэчкі
Бярозай-Картузскай
назвалі
мястэчка.[6]
[1] Сяленя, Я. Бярозай-Картузскай той горад назвалі… / Яўген Сяленя // Маладосць. – 2007. – № 11. – С. 97.
[2] Мацкевич, Т. Есть такая легенда : [стихотворение] / Татьяна Мацкевич // Маяк. – 1997. – 19 июля. – С.2.
[3] Вертинская, С. Цветы на руинах. Монастырь картезианцев в Березе / Светлана Вертинская // Брестский курьер. – 2014. – №17 (1209). – С. 20.
[4] Серадзюк, Д. Горад-унікум [Электронны рэсурс] / Дзіяна Серадзюк. – Рэжым доступу: http://www.zvyazda.minsk.by/be/news/20140716/ 1405458110-gorad-unikum.
[5] Сяленя, Е. Бярозай-Картузскай той горад назвалі… / Яўген Сяленя // Маладосць. – 2007. – № 11. – С. 97-98.
[6] Разанаў, А. Бяроза-Картузская : [верш] / Алесь Разанаў // Адраджэнне / Алесь Разанаў. – Мінск : “Беларусь”, 1970. – С.30.