Твары вёсак, якія знікаюць : [праект «Вёска, якая не павінна знікнуць», снежань 2010—снежань 2014 / склад.: Л. і А. Быцко; фота: Л. і А. Быцко, І. Хоміч, М. Радзько, А. Паплаўскі, Л. Бунеева; рэд. І. Хоміч; пер. Т. Кошман]. — [Б. м. : Б. в., 2014]. — 48 с.
Альбом складае галерэя партрэтаў пажылых людзей, якія тым ці іншым чынам былі задзейнічаны ў праекце “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Тут ёсць фотаздымкі былых нямецкіх вязняў – галоўнай мэтавай аўдыторыі праекта, ёсць адзін партрэт ахвяры сталінскіх рэпрэсій і шмат абліччаў звычайных пажылых людзей, што нарадзіліся да ці падчас вайны. Усе фотаздымкі зробленыя падчас праектных мерапрыемстваў і экспедыцый. Вялікае значэнне ў аздабленні выдання складаюць размешчаныя ў канцы малюнкі Марыі Радзько, што рабіліся ёю падчас канцэртаў у межах праекта. Галерэю фотапартрэтаў вясковых людзей яна ўзбагаціла і ўпрыгожыла сваімі мастацкімі працамі.
На працягу чатырох год у якасці валанцераў у рэалізацыі праекта ”Вёска, якая не павінна знікнуць” удзельнічалі знакамітыя берасцейскія журналісты, мастакі, гісторыкі, навукоўцы, этнографы, фалькларысты.
Вялікая ўвага ў кнізе надаецца вёскам Бярозаўскага раёна: Перасудавічы, Сабалі, Пешкі, Боркі, Мастыкі, Пузі. У альбоме можна ўбачыць “твары вёсак, якія знікаюць”, ля кожнага партрэта можна знайсці цытаты з аповедаў герояў.
“Узгадваецца такі момант: падчас экспедыцыі ў весцы Перасудавічы мы завіталі да Мікалая Пунько. Дзядок ледзь прыйшоў на кухню, дзе мы яго чакалі. А як пачаў спяваць, прыкметна ажывіўся. Яго дачка прапанавала: “Бацьку, заспявай “Гамэрыку!” Гэта была вельмі рэдкая эмігранцкая песня, аналагаў якой мы не чулі ні разу. Прыблізна праз месяц Мікалая Пунько не стала, а песня засталася.»
З кнігай можна пазнаёміцца ў чытальнай зале Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.