У ваколіцах вёскі Ястрабель многа прыгожых мясцін. І розныя куточкі маюць свае незвычайныя назвы — тапонімы і мікратапонімы.
Звестакі сабраны членамі клуба «Роднае слова» Ястрабельскай базавай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Бялецкай Валянціны Васільеўны ад жыхароў вёскі Ястрабель Касовіч Вольгі Сямёнаўны, Богуш Веры Арцёмаўны, Богуша Мікалая Ігнацьевіча, Галуска Міхаіла Міхайлавіча, Бяцені Ганны Рыгораўны і ад жыхароў вёскі Зарэчча Кухарчук Марыі Пятроўны, Дубойскай Феадосіі Мікалаеўны.
Успаміны жыхаркі вёскі Ястрабель Марыі Ціханаўны Яцкевіч запісала бібліятэкар Ястрабельскай сельскай бібліятэкі Вольга Міхайлаўна Зялёнка.
Складальнік: Вольга Міхайлаўна Зялёнка, бібліятэкар Ястрабельскай сельскай бібліятэкі
Б
- Бандарыха (Бандарышка).
Месца і лес атрымалі сваю назву ад прозвішча жанчыны, якая тут жыла. Бацька гэтай жанчыны быў родам з вёскі Пешкі, дзе рабілі бочкі. Ён быў бондарам, таму дачку празвалі Бандарыхай (Бандарышкай). Гэтая жанчына вельмі любіла многа гаварыць, была мясцовай знахаркай, дапамагала людзям ад розных хвароб. У вёсцы так і гавораць: «Пайшлі ў лес за Бандарыху» (г. зн. у лес, які размяшчаецца за яе хатай).
В
- Валокі (поле).
Назва пайшла ад таго, што поле было доўгім.
- Васілейкаў луг. Васілейкаўшчына.
Чалавек, якога звалі Васілій, купіў у пана луг. Сам жа чалавек потым паехаў жыць у Амерыку. А луг і зараз называюць у яго гонар.
Г
- Галя (лес).
Пані Галя купіла гэты лес. Калі пачалася вайна, то прадала яго, пераехала жыць у Польшчу. Па іншых звестках, у пана была дачка Галя. Яна рана памерла, і пан назваў лес у памяць аб ёй.
- Глінкі (лес).
Тут раней людзі капалі гліну для гаспадарчых патрэб, адсюль і назва.
- Грабына (лес).
У гэтым лесе, як нідзе больш, захавалася многа грабаў, адсюль і назва.
- Грэбенеў (лес).
Гэта быў панскі лес. А калі пачалася вайна, пан усе свае землі прадаў, а сам уцёк у Польшчу. Гэтую частку лесу купіў нейкі чалавек з вёскі Сігневічы, прозвішча ў якога было Грэбень. Ад яго прозвішча лес пачалі называць Грэбеневым.
Д
- Дрэніна (поле).
Раней там жыў пан Антоній, у яго было два сыны. Ён жыў у лесе і назваў свой лес Дрэнінай. Побач з лесам было гэтага ж пана поле. І поле так сталі называць.
- Дубовая (лес).
Канешне ж, назва пайшла ад таго, што тут было вельмі многа дубоў.
- Дубы (лес, хутар).
Паселішча Дубы знаходзілася ў кіламетры ад вёскі Ястрабель, у бок Батарэі, было кампактным, складалася з дзясятка дамоў. Кажуць, што калісьці чалавек па прозвішчы Пачка (усе яго вельмі баяліся) купіў у пана зямлю, пабудаваў сабе хату і жыў тут.
З трох бакоў да паселішча падступаў лес, у якім раслі толькі дубы і грабы. Месца было высокае, прыгожае. Да вёскі Ястрабель вяла палявая дарога. А ў бок ад Дубоў былі раскіданы ўздоўж лесу і па лесе хутары, якія таксама адносіліся да Ястрабля і паціху перасяляліся ў вёску.
Е
- Ерашукова (поле).
Тут знаходзіўся хутар чалавека, які меў прозвішча Ерашук (Ярашук). Яго дзеці жылі ў вёсцы Ястрабель.
Ж
- Журавы (луг).
На гэтым лузе вадзілася шмат журавоў, і зараз мы чуем іх галасы.
З
- Завадчына (лес).
Прыкладна ў трохстах метрах ад дарогі на Зарэчча ў лесе знаходзіцца Завадскі луг, а лес вакол яго называецца Завадчына (па прозвішчы былога ўладальніка гэтага лесу пана Завадскага). Ніхто не ведае прычыны, але ўсе ведаюць, што калі хто трапляе ў гэтае месца, калі няма сонца, ён абавязкова блукае. І хоць здаецца, што ведаеш кожны куст за столькі гадоў — не дапамагае, даходзіць да слёз, да крыку, ужо думаеш, каб выбрацца хоць да ночы. А ноччу, казалі старыя, там наогул баяліся хадзіць, бо людзей штосьці палохала.
- Залужжа (месца).
Назва пайшла ад таго, што месца знаходзіцца за лугам.
- Зарэчча (вёска).
Размешчана за рэчкай Вінец.
І
- Іванкаў (лес).
З краю гэтага лесу і зараз стаіць Іванкава хата (апошняя хата па дарозе з Ястрабля ў Шлях-Пушчу). Раней жа ў лесе жыў іх продак Іван. Адсюль і назва.
- Ігнатаўскае (поле).
Назва пайшла ад імя чалавека, які жыў тут.
К
- Калюга (поле).
Да меліяратыўных работ на гэтым полі было шмат гразі, людзі часта не маглі нават хадзіць тут. І не хадзілі. Зараз жа гэта ўрадлівае поле, а назва засталася.
- Кароставы (луг).
На лузе нічога не расло, адсюль і назва.
- Красныца (лес).
Тут здабывалі і здабываюць торф, у ямах зямля рудая, амаль чырвоная (красная).
- Крашаўшчына (месца).
Тут некалі жыў багаты пан Крашэўскі.
- Курган (поле).
Гавораць, што тут адбыўся бой, а пасля яго заканчэння быў насыпаны курган.
Л
- Лёдзіна (поле).
Тут раней быў хутар. Зараз ён носіць імя жанчыны, якая была дачкой гаспадароў хутара. Яе сын і цяпер жыве ў вёсцы Ястрабель.
- Лісаноры (лес).
У лесе вельмі многа лісіных нор. Адсюль і назва.
М
- Маліннік (лес).
У лесе было многа маліны, цэлыя яе зараслі, амаль у два чалавечыя росты. Нават вырубваць даводзілася. Зараз гэта звычайны лес. Праўда, маліну тут яшчэ можна знайсці.
- Мароз (месца, поле).
Мароз — прозвішча багатага чалавека, гаспадара гэтых зямель, адсюль і назва.
- Матросава (яліна, поле).
На гэтым месцы жыў чалавек, якога звалі Матросам, бо ён служыў матросам. Дзеці гэтага чалавека жылі ў вёсцы Ястрабель.
- Мікольскае (поле).
На гэтым месцы жыла багатая пані Мікольская (Мікульская). Потым з’ехала ў Польшчу.
- Мэдова (гара, поле).
Высокае поле, якое купіў чалавек па мянушцы Мэд. Яго ўнукі і праўнукі жылі ў вёсцы Зарэчча і зараз маюць такую ж мянушку.
Н
- Надатак (поле).
Тым з сялян, у каго было мала зямлі, давалі на гэтым полі невялікі дадатак.
О
- Олесец (былая вёска).
Гэтая вёска ўвайшла ў склад вёскі Ястрабель дзесьці ў канцы 70-х гадоў. Мяжой, якая аддзяляла Олесец ад Ястрабля, была калгасная лазня. Людзі ж усё роўна называюць гэтую частку вёскі Олесцом. А назва гэтая паходзіць ад таго, што землі гэтыя належалі чалавеку па імені Олесь. Ён быў першым, хто тут пасяліўся. Людзі нават ведаюць канкрэтна месца, дзе стаяла яго сядзіба. На жаль, яе ўжо няма.
Олесецкіе хутары, 1950–1958 гг. (з успамінаў Марыі Ціханаўны Яцкевіч, жыхаркі вёскі Ястрабель)
Олесецкіе хутары знаходзіліся ў трох кіламетрах ад вёскі Ястрабель у бок Пешак. З правага боку дарогі першы быў хутар Богуша Франца. У сям’і было чатыры сыны і адна дачка. У самім лесе насупраць Богушаў былі размешчаны яшчэ тры хутары — Бятэні Рыгора, Бялецкага Міхаіла і Бялецкай Вольгі.
Далей было невялікае возера — Шлама. Гэта было месца сустрэчы ўсёй моладзі. Улетку — рыбалка і купанне, язда на веласіпедах (у каго былі), зімой — катанне на самаробных каньках.
І, прыкладна ў чатырохстах метрах, зноў хутары — Гарбачука Ціхана і Вайняловіча Сямёна. У Вайняловіча грыбы раслі пад самай сядзібай, там дуб стаіць да цяперашняга часу. Гарбачук цікавіўся садоўніцтвам і агародніцтвам. Сад у яго быў раскошны.
А з левага боку першым стаяў дом Чаркаса Андрэя — аднаасобніка. Далей, у бок Чарнякава, стаяў хутар Шчарбука Іосіфа і Чыжа Антона Сідаравіча, у якога таксама быў вялікі сад. Яны потым спаборнічалі з Гарбачуком, у каго сад лепшы.
Каля дарогі стаяў дом Ярашукоў, крыху далей — Гарбачук Анастасіі, потым Мурзы Якава. А апошні дом размяшчаўся ў былой панскай сядзібе, у ім жыў Севярын Мікіта, добры чалавек і сем’янін. Гэты маёнтак належаў пані Мікульскай. Яна наймала работнікаў з Ястрабля, там людзі жылі бядней.
У гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас акупацыі, знайшоўся здраднік, ніхто не памятае яго прозвішча, але звалі яго Пяцько. Ён прывёў фашыстаў на хутары, сказаў, што хутаранцы звязаны з партызанамі і самі партызаны. Зайшлі спачатку да Мурзы. Забралі ўсіх, засталіся непаўналетні Якаў і Сцяпан маленькі. Потым іх у Бярозе расстралялі. Затым павёў да Севярынаў, там Мікіта ім кажа: «Якія мы партызаны, ты ж ведаеш, што гэта не так», на што ён адказвае: «Так, ты не партызан, але ты ведаеш, хто мне вокны разбіў». З немцамі быў перакладчык, які пачаў крычаць на Пяцька, што ён зводзіць асабістыя рахункі і агаворвае людзей. На гэтым немцы скончылі аблаву і паехалі. Наступнай ахвярай павінна была стаць сям’я Гарбачука.
У 1958 годзе амаль усе хутары перасяліліся ў вёску Олесец, дзе было каля дзясятка раскіданых хацін. Сады былі выкарчаваны, маладыя дрэўцы гаспадары перанеслі ў вёску.
П
- Павэлкаў (луг).
Жыў на гэтым лузе Павэлка, луг быў яго маёмасцю. Калі яго сям’я перабралася жыць у вёску Зарэчча, то луг так і застаўся Павэлкавым.
- Пярэдняе (поле).
За вёскай Зарэчча гэтае поле канчалася і пераходзіла да Ястрабля. Перад вёскай Ястрабель поле лічылася першым, пярэднім.
- Палоскі (поле).
На гэтым месцы жыў чалавек, якога звалі Матросам, бо ён служыў матросам. Дзеці гэтага чалавека жылі ў вёсцы Ястрабель.
- Потарэб (поле).
Раней на гэтым месцы быў лес, яго вырубілі, зрабілі поле, адсюль і назва.
Р
- Рова (луг).
На гэтым лузе шмат канаў, якія людзі капалі ўручную, каб спускаць ваду з лугу. Па-мясцоваму «роў» — значыць канава.
- Розумного (Стасікава, Стахова) хвоінка.
Раней на гэтым месцы жыў чалавек па мянушцы Стах (ад імя Стась). Спачатку ля гэтай хваінкі быў рад бярозак, а потым іх вырубілі. Хваінку назвалі Разумнай, таму што Стах быў вельмі разумным. Яго ўнукі і зараз жывуць у вёсцы Ястрабель.
С
- Састаў (луг).
Жанчыну-палячку, якая купіла ў пана гэтую зямлю, звалі Саста.
- Саўкаў (лес).
Тут чалавек жыў, гавораць, вельмі знакаміты (толькі не маглі высвятліць, чым), а звалі яго Саўкам.
- Сахалін (поле).
На ім раслі карчы, нешта подобнае на луг.
- Сегневское (лес).
Пасля Вялікай Айчыннай вайны яшчэ некаторы час гэты лес належаў вёсцы Сігневічы, а зараз ён належыць вёсцы Ястрабель. Назва ж засталася.
- Сівірынава (поле, былы хутар).
Раней тут быў панскі маёнтак, вельмі прыгожы, з алеямі, сажалкамі, вялікім садам. Потым гэтыя землі купіў чалавек па прозвішчы Севярын, яго родзічы жылі ў вёсцы Ястрабель.
- Смуга (лес).
Па дарозе на Калонію за вёскай Ястрабель знаходзіцца лес, які называецца Смуга. Каля дарогі ляжаў валун, на якім быў адбітак босай жаночай нагі. З пакалення ў пакаленне перадаецца, што гэта адбітак нагі Маці Божай. У гэтым месцы хацелі пабудаваць царкву. Цяпер валун знік.
Т
- Точкі (поле).
Раней гэта быў хутар, дзе было ўсяго тры хаты. У адной з хат жыла сям’я па прозвішчы Точка, адсюль і назва.
Ц
- Цагэльня (поле).
На тым полі капалі гліну і рабілі з яе цэглу, адсюль і назва.
Ч
- Чаркасава (поле).
Гэтае поле было раней маёмасцю гаспадара па прозвішчы Чаркас. Яго ўнукі і зараз жывуць у вёсцы Ястрабель.
Ш
- Шлях-Пушча (вёска).
Гавораць, што раней дарога з вёскі Ястрабель у Шлях-Пушчу называлася шляхам, а на месцы вёскі Шлях-Пушча быў вялізны лес, які называлі Пушчай. Першыя пасяленцы, якім давялося адваёўваць для жылля землі ў пушчы, назвалі гэтую вёску так: Шлях праз Пушчу, або Шлях-Пушча.
Я
- Янкава (поле, лес).
Тут жыў нейкі чалавек па імені Янка, але потым ён паехаў у Польшчу.
- Ястрабель (вёска).
Назва вёскі па-рознаму тлумачыцца рознымі людзьмі:
- у гэтым месцы было шмат ястрабаў і елак. Гэта было заўважана першымі пасяленцамі. Адсюль і назва, якая ўзнікла шляхам складання слоў;
- гавораць, што тут вадзілася шмат белых ястрабаў, было бела ад гэтых птушак;
- а па-лацінску, гавораць, Ястрабель astra bella — гэта «зорка, якая блішчыць» (што слова astra — гэта зорка, мы ведаем, а вось у расшыфроўцы другога слова не ўпэўнены).
- Ястрабца (поле).
Гэта поле жыхароў вёскі Ястрабель, далей пачыналіся палі вёскі Машковічы. А жыхароў вёскі Ястрабель завуць ястрабцамі, адсюль і назва.