Стрыгінскія народныя песні

Для мясцовых песен характэрна мелодыя, якая паўтараецца ў кожным куплеце. У асобных песнях сустракаюцца запевы і прыпевы, пры дапамозе якіх ярчэй адцяняецца агульны змест песні, яе галоўная думка.

У 1975 годзе ў вёсцы Галавіцкія пачала працаваць фальклорная група, якую арганізавала маладая тады настаўніца Галавіцкай васьмігадовай школы Любоў Мікалаеўна Ківатыцкая.

У склад фальклорнай группы ўваходзілі  Пунько Марыя Уладзіміраўна, Бобель Ганна Іванаўна, Пунько Вольга Васільеўна, Пунько Марыя Сцяпанаўна, Пунько  Ксенія Мікалаеўна, Бобель Любоў Пятроўна, Заверач Алена Рыгораўна. Жанчыны самі сабе выткалі нацыянальныя касцюмы для выступленняў, якімі работнікі дома культуры часам карыстаюцца і цяпер. З 1982 года група пачала ўваходзіць у склад аднаго з фарміраванняў Стрыгінскага Дома культуры. С цягам часу група перастала існаваць.

З 2014 году пры Стрыгінскім Доме культуры пачаў працаваць фальклорна-этнаграфічны калектыў “Суседкі” з вёскі Перасудавічы, які раней працаваў пры Перасудавічскім клубе. Кіраўнік калектыву Мікіціч Надзея Васільеўна.

З 2014 года пры Доме культуры працуе дзіцячы клуб аматараў фальклору “Крынічка”, які дапаўняе сваімі танцамі і песнямі выступленне “Суседак”. Стварыла групу мастацкі кіраўнік Алена Канстанцінаўна Манюк.

Песня дарэвалюцыйнага часу “Ах, ты, сонца-сонейка…” запісана ад жыхаркі вёскі Совіна Садоўскай Ульяны Паўлаўны:

— Ах, ты, сонца-сонейка,
Я на цябе віну маю,
Віну маю вялікаю,
Што ты раненька ўзыходзіш,
Што ты позненька заходзіш?

-Ах, ты, дзеўка-дзеванька,
Не вінуй жа ты мяне,
Вінуй свайго пана.
Хоць я раненька ўзыду
Цябе на ніўцы знайду,
Хоць і позненька зайду
Цябе на ніўцы кіну.

Песня дарэвалюцыйнага часу “У агародзе вярба расла” запісана ад жыхаркі вёскі Совіна Садоўскай Лідзіі Іванаўны:


У агародзе вярба расла,
Там стаяла дзеўка красна.
Яна красна дый красіва,
Доля яе нешчасліва.
Доля яе нешчасліва,
Няма таго, каго любіла.
Няма яго дый не будзе
Разлучылі злыя людзі.

Песні з рэпертуару фальклорных калектываў:

Як пад вішняю
Як пад вішняю, дай пад дубчыкам
Там гуляла дзяўчына, ой, са сваім любчыкам!
Там гуляла дзяўчына, ой, са сваім любчыкам!

Ой, дзяўчына мая, раскрасавіца,
Красата мне твая, ой, не наравіцца!
Красата мне твая, ой, не наравіцца!

Красата твая не ўраджоная,
Красата твая, ой, навядзёная,
Красата твая, ой, навядзёная.

Ой, дзяўчына мая, пакінь красіцца!
Буду верна любіць, ой, прыйду сватацца!
Буду верна любіць, ой, прыйду сватацца!

Пасею я руту
Пасею я руту, руту за ракою,
Пасаджу дзярэўка, за
морам блізенька,
Пасаджу дзярэўка за морам блізенька!

Мая руту ўзышла, зелейкам парасла,
Час руту палоці, вярхі пажынаці,
Час руту палоці, вярхі пажынаці!

Пара пажынаці, у вяночак віці,
У вяночак віці, на Дунай пусціці,
У вяночак віці, на Дунай пусціці!

Хто вяночак пойме, той дзеваньку возьме!
Хто вянок дастане, то той маім стане!
Хто вянок дастане! То той маім стане!

Абяшчаўся Коля вяночак падняці,
Вяночак падняці і дзеваньку ўзяці,
Вяночак падняці і дзеваньку ўзяці.

Як ступіў нагою – па пояс вадою,
Як ступіў другою – на дно галавою,
Як ступіў другою – на дно галавою.

Ой, ты мой Дунаю, ой, ты ціхусенькі!
Прападае хлопец, хлопец маладзенькі,
Прападае хлопец, хлопец маладзенькі!

Пойдзем, сястра, у цёмны лес
Пойдзем, сястра, у цёмны лес,
Няхай нас звяр’ё і з’есць – 2 разы.

Не, браточак, баюся,
Пайду лепей ўтаплюся – 2 разы.

Сонца кажа высушу,
Вецер кажа выхаплю – 2 разы.

А Бог кажа: долю дам,
Несумысла шлюб узяў – 2 разы.

Пойдзем, браточак, гарою
Абярнемся траваю – 2 разы.

Будуць кветачкі зрываць,
Братца з сястрай успамінаць – 2 разы.

Сінейкі цвет – брацейка,
Жоўценькі цвет – сястрыца – 2 разы.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *