“Спорава – у назве адлюстраваны старыя зямельныя адносіны: спорная зямля, зямля няяснай прыналежнасці”.
Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии.[1]
Адкуль такая дзіўная назва – Спорава? Старажытны візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі спорамі называў славян. У тыя часы мяжа паміж славянамі і балтамі праходзіла па тэрыторыі Палесся. У раёне сучаснага горада Івацэвічы жылі балты, а наваколлі Спораўскага возера былі заселены славянамі (па-тагачаснаму – спорамі). Споры і маглі даць назву паселішчу: Спорава – мясціна славян.[2]

Згодна з адной з легенд, назва Спорава, самай аддаленай ад райцэнтра вёскі Бярозаўскага раёна, бярэ пачатак ад геаграфічнага становішча пасялення. Спораўскія землі ў’яўлялі сабой астраўкі, раскіданыя сярод балот, таму лічыліся цяжкімі для жыцця. Сюды, у забытае богам месца, у далёкія часы высылалі людзей, незадаволеных існуючымі парадкамі, гэта значыць, “спорных людзей”. Адсюль і назва – Спорава.
Другая легенда гаворыць аб тым, што даўным-даўно возера было больш глыбокім і шырокім, падобным на мора. Па ім хадзілі вялікія караблі, праплывалі розныя купцы. І такая цудоўная прыстань была на беразе, што за яе суднаўладальнікі лаяліся і спрачаліся. Адсюль і пайшла назва берага возера – спорны, а пасялення, што тут узнікла – Спорава.[3] Трэцяя легенда расказвае, што людзей, жадаючых жыць на такім прыгожым месцы, і жыць абасоблена, ні ад каго не залежыць, было многа. А месца каля возера і астраўкоў сярод балот было мала. Так пачаліся спрэчкі паміж супляменнікамі за кожны кавалачак зямлі. І справы чуць было не дайшлі да боек. Але ж на такой прыгожай зямлі ці можна спрачацца, калі красамоўнасць мясцін так і схіляе да рамантычных адносін. Вось пакуль бацькі сварыліся – дзеці палюбіліся, і нічога бацькам не заставалася, як стукнуць па руках і будаваць на спрэчным месцы хату дзецям. На гэтым месцы і вырасла вёска Спорава.[4]
[1] Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. – Минск: Издательство БГУ, 1974. – С. 358.
[2] Клімчук, Ф. «Споры» Пракопія Кесарыйскага і Спорава [Электронны рэсурс] / Фёдар Клімчук // Гістарычная Брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. – 2002. – № 1-2 (19-20).– Рэжым доступу: http://brama.brestregion.com/nomer19-20/artic25.shtml
[3] Спорава і тое-сёе пра спараўцоў / склад. І.Г.Ганчарка, А.М.Жуковіч, М.М.Пракурат. – Бяроза : Аддзел культуры Бярозаўскага райвыканкама, 1996. – С. 5–6.
[4] Талстая, А. Спораўскія гісторыі /Ала Талстая // Газета для вас. – 2002. – 18–24 студзеня.

