Слоўнік мікратапонімаў вёскі Хрыса і яе ваколіц

Мікратапонімы (грэц. micros малы + topos мясціна + onyma імя) — гэта назвы дробных геаграфічных аб’ектаў: палёў, лясоў, сенажацяў, лугоў, дарог, ручаёў, балот, урочышчаў. Мікратапонімы — важная крыніца вывучэння мовы народа, яго гісторыі, геаграфіі, археалогіі і геаграфіі. Вядома,  што  каля  кожнай  вёскі  20–100  урочышчаў маюць свае назвы.

Бура́тын — балота. Мікратапонім паходзіць хутчэй за ўсё ад слова буры – шэравата-карычневы. Гэтым можна патлумачыць, што падчас меліярацыі гэтае балота засталося некранутым, бо землі былі б не вельмі ўрадлівымі.

Бэро́зовэ — частка возера Чорнае. Мікратапонім паходзіць ад назоўніка бяроза. Раней на гэтым месцы было шмат бяроз, потым яго затапіла возера.

Выжа́ — невялікі востраў на возеры Чорным. Мікратапонім паходзіць ад назвы вежа — назіральная вышка. Магчыма, на возеры, якое было калісьці падзелена на часткі, быў назіральны пункт, які і знаходзіўся на астраўку.

Га́лына — балота. Назва хутчэй за ўсё паходзіць ад назоўніка прагаліна — голае, пазбаўленае покрыву месца на якой-небудзь паверхні.

Га́чышча — урочышча, якое ў час разліву возера затаплялася вадой і раздзяляла хутары. Для таго, каб прайсці ад хутара да хутара, людзі будавалі гаць —насціл з бярвення, галля, ламачча для пераходу цераз  балота ці гразкае месца.

Глыбо́кэ — назва ўзнікла ад асаблівасцей мясцовасці, якая вызначалася непраходнасцю, адсюль і назва.

Глы́нкы — назва ўрочышча, на якім нарыхтоўвалі гліну для гаспадарчых работ.

Гора́ — былы сасновы лясок, які знаходзіўся на высокім пясчаным месцы. Зараз часткова вырублены.

Гры́цовэ боло́то — умоўна паходзіць ад імя Грыгорый (Гріц,  Гріцко — укр.)

Дрогобу́жка — рака з балоцістымі берагамі. У час палаводдзя разлівалася. Злучае два возеры: Спораўскае і Чорнае. Сама назва — складаны назоўнік. У аснове – тэрмін буг — выгін, звіліна ракі; першая частка назвы – патронім  (уласнае імя): Дрог, Дарог, Драга. Тады назву можна патлумачыць імёнамі першых пасяленцаў. Магчыма сувязь назвы з этнонімам «дрыгавічы». Дрыгавічы —  адно з першых славянскіх плямён, якое рассялялася на берагах рэк у гэтай мясцовасці.

Завэ́рбэ — мясцовасць ля Белага возера, калісьці быў добры будаўнічы лес.

Загору́ддзе (выпас) — нізкая балоцістая мясцовасць, якая знаходзілася адразу за апошнімі хатамі вёскі. Паходзіць ад слова аграда, загарадзіць. З прычыны частых спораў з-за сенакосу на некаторых участках балота ставілі агароджу.

Задо́ўжэ — выпас для жывёлы. Назва ўтворана ад слова доўгі (выпас меў вялікую даўжыню і малую шырыню).

Замлы́нне — невялікая балоцістая мясцовасць. Назва ўтворана ад слова млын, які тут калісьці быў.                              

Зары́ччэ  — былое сенакоснае балота за ракой.

Ко́зын — балота. Паходжанне назвы можна тлумачыць дваяка. Першы варыянт: патронім ад   прозвішча Козік, якое вельмі часта сустракаецца ў гэтай мясцовасці. Другі варыянт ад слова «козні», што азначае гіблае месца.

Косту́сеў Рог — плавучы востраў на Чорным возеры ў выглядзе рога. Названы Костусеў Рог па імені чалавека, якому належала гэтае месца для лоўлі рыбы.

Край — месца ля возера, вельмі нізкае, забалочанае, дзе канчаліся апошнія хаты вёскі. Цяпер вуліца Набярэжная.

Ку́цні — побач знаходзіліся хутары, якія былі апошнімі, кутнімі.

Ло́сеў грудо́к — высокае месца ў лесе, дзе часта бачылі ласёў.

Максы́мовэ боло́то — былое балота, якое належала чалавеку па імені Максім.

Омэляно́вэ — месца, якое належала чалавеку па імені Емяльян (у мясцовай гаворцы  Омэлян).

Парагу́н — нізкая вуліца, цяпер вуліца Лермантава, якую масцілі для пераходу людзей і перагону жывёлы.

Плаўе́ — нізкае балоцістае месца, вясною пры разліве возера яно затаплялася.

Пого́ня — былое балота, назва паходзіць ад слова ганяць скаціну. Калісьці тут было месца, дзе пераганялі жывёлу.

Подбі́лле — урочышча каля Белага возера. Назва паходзіць ад словазлучэння пад Белым возерам.

Подгу́р’е — поле, якое знаходзіцца каля пясчанай гары, словазлучэнне пад гарой.

Подмо́шшэ — нізкае месца каля возера Чорнае, дзе раней бралі мох для будаўніцтва хат.

Подчы́рын — поле каля высокай пясчанай гары (сходнае з назвай Подгур’е).

Постру́жжэ — мясцовасць каля рэчкі Струж, якая ў дадзены час амаль знікла.

Строку́ўске — хутчэй за ўсё, месца належала чалавеку з прозвішчам Строк.

Тры́зна — высокае пясчанае месца з захаваным сасновым лесам. Паходзіць ад слова, што азначае пахаронны абрад. Хутчэй за ўсё, на гэтым месцы  праходзіў абрад трызны.

Ту́роў — сенакоснае ўгоддзе, якое ўваходзіць у склад Пінскіх балот. Магчыма, назва паходзіць ад назвы горада Тураў.

Чайку́ў — былы выпас. Назва паходзіць ад слова чайка, так па-мясцоваму называюць кнігаўку. У гэтым месцы былі шматлікія гняздоўі гэтых птушак.


Спіс выкарыстаных крыніц:

  • Гилева, Л. Ценные реликвии / Л. Гилева. — Маяк. — 2008. — 13 декабря. — С. 3.
  • Жучкевич, В. А.   Краткий   топонимический   словарь   Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск : Издательство БГУ, 1974. — С. 395.
  • Слоўнік мікратапонімаў вёскі Хрыса і яе ваколіц / склад. : Т. А. Гмыр, В. С. Яцкевіч. — Бяроза : Бярозаўская ЦБС, Хрысаўская сельская бібліятэка, 2000. — 5 с.

Складальнік: Наталля Міхайлаўна Філіпчук, бібліятэкар Хрысаўскай сельскай бібліятэкі

Рэдактар: Ала Мікалаеўна Гук, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *