Словам сонечным, песняй шчыраю… Фальклорны калектыў Міжлескага сельскага клуба

Складальнік: Ніна Іванаўна Селівончык, бібліятэкар Міжлескай сельскай бібліятэкі

Артыкул утрымлівае фотаздымкі з краязнаўчай калекцыі Міжлескай сельскай бібліятэкі


Амаль 25 гадоў (1973–1997) пры Міжлескім сельскім клубе існаваў фальклорны калектыў, заснаваны па ініцыятыве Кацярыны Фёдараўны Шэшка, былога загадчыка клуба.  

Састаў калектыву некалькі разоў абнаўляўся, але ў ім заўсёды былі задзейнічаны таленавітыя людзі, якія валодалі  выдатнымі вакальнымі і акцёрскімі навыкамі, імкнуліся радаваць гледачоў сваімі выступленнямі і паказваць усю прыгажосць, мудрасць, жыццёвую сілу і самабытнасць народнага  фальклора.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі калектыву былі Максімчук Вольга Мікіцічна, Кенда Вольга Іванаўна, Карпук Вольга Іванаўна, Пастаялка Соф’я Васільеўна, Хвядчук Мікалай Іосіфавіч, Клімук Марыя Мікалаеўна, Гардзей Крысціна Сцяпанаўна, Шэшка Валянціна Паўлаўна, Пігас Сцяпан Каленікавіч. Гэта – сапраўдныя знаўцы культурных традыцый, майстры выканання песень сваёй вёскі, носьбіты мясцовай музычнай і харэаграфічнай культуры, дыялектнай мовы.

У рэпертуары фальклорнага калектыву выкарыстоўваліся прыпеўкі, каляндарна-абрадавыя песні, тэатралізаваныя пастаноўкі і сюжэтныя кампазіцыі народных свят, звычаяў, гулянняў, замалёўкі побытавых танцаў. Песні выконваліся як а-capella, так  і ў суправаджэнні музычных інструментаў (баяна, гармоніка, бубна).

Калектыў быў пастаянным удзельнікам мерапрыемстваў раённага ўзроўню: канцэртаў, кірмашоў, дажынак. Неаднаразова выступалі ў Брэсце, Кобрыне, Мінску, Баранавічах.

За час існавання калектыў быў адзначаны шматлікімі дыпломамі і граматамі за значны ўклад у развіццё культурнага жыцця Бярозаўскага раёна.  

Каб памяць пакаленняў не перарывалася, у 1990-я гады ўдзельнікі калектыву аднавілі мясцовы абрад «Вячоркі».


Вячоркі – даўні звычай вясковых дзяўчат збірацца восеньскімі і зімовымі вечарамі з работай у адной хаце. На вячорках звычайна пралі (таму часам іх называлі попрадкі, супрадкі), вышывалі.  Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На вячорках жартавалі, распавядалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні,  былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невялікі пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Вячоркі былі адметнай з’явай грамадскага побыту сялянскай моладзі шлюбнага ўзросту і служылі сродкам працоўнага і эстэтычнага выхавання.

Вячоркі / Л. І. Мінько // Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / пад агульнай рэдакцыяй В. С. Цітова; маст. : І. І. Бокі, У. М. Жук.  – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2002. – С. 98.


У Міжлессі гаспадары дома, дзе праходзілі вячоркі, заўсёды гасцінна сустракалі вяскоўцаў. Звычайна ў хаце збіралася каля 1520 чалавек. Падчас вячорак спалучалі працу з вольным часам: спявалі прыпеўкі, народныя песні (успаміналіся вясельныя, калядныя песні і інш.), танцавалі, абмяркоўвалі навіны.

У 1993 годзе фальклорны калектыў быў запрошаны на Беларускае тэлебачанне, дзе была паказана рэканструкцыя вячорак па-міжлеску.  Сцэнарый абрадавай сцэны быў напісаны на мясцовым дыялекце.


Ролі выконваюць: ніжні рад (злева направа): Кенда Вольга Пятроўна, Грыцук Вольга Пятроўна,  Амельяновіч Марыя Антонаўна, Скарына Ніна Васільеўна, Мацука Марыя Кірылаўна, Гардзей Крысціна Сцяпанаўна,  Кенда Раіса Іванаўна, Шэшка Валянціна Паўлаўна, Пастаялка Соф’я Мікалаеўна, Клімук Марыя Мікалаеўна.

Верхні  рад (злева направа):  Бухарэвіч Уладзімір Уладзіміравіч, Мошка Ніна Мікалаеўна, Раманчук Канстанцін Іванавіч, Грыцук Алена Васільеўна, Леанчук Аляксандр Аляксандравіч, Хвядчук Мікалай Іосіфавіч, Пастаялка Соф’я Васільеўна, Барашка Антон Антонавіч (былы начальнік аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама), Шэшка Кацярына Фёдараўна, Пігас Сцяпан Каленікавіч, Самсонаў Аляксандр Іванавіч.



Выкарыстаныя крыніцы

  • Вячоркі / Л. І. Мінько // Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / пад агульнай рэдакцыяй В. С. Цітова ; маст. : І. І. Бокі, У. М. Жук. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2002.– С. 98.
  • Из народных истоков : [об участницах фольклорного коллектива из д. Междулесье] / Белинформ ; фото Е. Козюли // Маяк. – 1993. – 13 августа. – С. 2.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *