Сакалова і Агароднікі: назвы родных мясцін

Складальнік: Таццяна Мікалаеўна Папко, бібліятэкар  Сакалоўскай сельскай бібліятэкі

Дапамогу ў зборы мікратапонімаў аказалі: Кавалевіч Валянціна Феафанаўна, Ракіцкая Любоў Іосіфаўна, Говін Валянціна Васільеўна

БОРО́К — хваёвы лес, які знаходзіцца каля фермы на ўскраіне вёскі Агароднікі. Значэнне назвы Бо́рок ідзе ад слова «бор», што азначае іглічны, звычайна сасновы лес на ўзгорку.

ВАЛЮХО́ВА КО́ПАНЬ — сажалка за хатамі вёскі Агароднікі, на месцы якой зараз знаходзіцца луг. У аснове назвы — імя-мянушка Валюха.

ВОЎКОЎНЯ́ — хутар каля вельмі густога, непраходнага лесу ў вёсцы Агароднікі, дзе часта бачылі ваўкоў. Назва ўтворана ад словазлучэння «воўчая яма». Жыхары капалі глыбокія ямы-пасткі для ваўкоў, зверху прыхаваныя галлём.

ГУЛЁ́́ЎКА — месца ў лесе за вёскай Агароднікі, дзе растуць дубы. Зараз часткова вырублены. Раней на гэтай пляцоўцы моладзь наладжвала вечарынкі, гульбы, гулянні. Праз гэты лес праходзіла дарога на вёску Пескі праз вёску Вайцяшын.

ДЭТІ́НІН МО́СТІК — мост праз канал паміж вёскамі Сакалова і Рэчыца. Адносна паходжання назвы існуе версія, што пад гэтым мастком жанчына ўтапіла сваё дзіця (дэтіну), і пасля 12 гадзін ночы там чуўся дзіцячы плач.

КАТЮ́РЫНА ДОЛІ́НА — назва паходзіць ад імя-мянушкі Кацюра. Раней на гэтым месцы было шмат буякоў (галубікі). Знаходзіцца гэтая даліна справа па лясной дарозе, каля агародніцкага магазіна.

КОЗЛЫ́ — зараз вуліца Кастрычніцкая ў вёсцы Агароднікі. Раней тут быў выпас для хатняй жывёлы.

ЛЫ́САЯ ГОРА́ — узгорак перад могілкамі вёскі Сакалова. Лысым гэтае месца звалі таму, што яно было зусім беднае на расліннасць.

ЛЫСЫЧЫ́ХА — былы хутар, які знаходзіўся адразу за апошнімі хатамі вуліцы 17 Верасня ў вёсцы Сакалова. Назву гэтае ўрочышча атрымала ад мянушкі гаспадыні хутара.

МОЛО́ЧКА — сажалка паміж вёскамі Агароднікі і Сакалова. Дно вадаёма гліністае, таму колер вады белы, як малако. За гэта мясцовыя хлопцы і далі сажалцы такую назву.

ПЕ́ЎНЕВЭ БОЛО́ТО — урочышча на нізкім месцы, забалочаная сенажаць за вёскай Сакалова. Калісьці тут размяшчаўся хутар, гаспадар якога меў мянушку Певень.

П’Я́НАЯ — так завецца завулак Новы ў вёсцы Агароднікі. Тут дамы будаваліся каля лесу з крывымі, пахіленымі ў розныя бакі дрэвамі. Такі лес у народзе завецца п’яным. Вось і завулак празвалі — П’я́ная.

СТА́НЦЫЯ — вуліца Маякоўскага ў вёсцы Агароднікі. Магчыма, назва пайшла ад таго, што на гэтай вуліцы знаходзіцца аўтобусны прыпынак. Другая версія паходжання назвы — ад электрычнага трансфарматара, які ўстаноўлены насупраць магазіна.

СТЭ́НЕВО — нізкая балоцістая мясцовасць, якая знаходзілася за апошнімі хатамі вуліцы Кастрычніцкай ў вёсцы Агароднікі, месца, дзе раней быў хутар.

ХЭ́РМА — вуліца Савецкая ў вёсцы Агароднікі.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *