Пётр Аляксандравіч Віцязь (6.08.1936)

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994 г.), член-карэспандэнт (1989 г.), доктар тэхнічных навук (1983 г.), прафесар (1986 г.), заслужаны дзеяч навукі БССР (1991 г.), вучоны ў галіне раcпрацоўкі новых матэрыялаў і тэхналогій.

Пётр Аляксандравіч Віцязь нарадзіўся 6 жніўня 1936 года на хутары вёскі Блудзень (цяпер Першамайская) Бярозаўскага раёна ў вялікай сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася сямёра дзяцей. Бацькі мелі 10 гектараў зямлі і вялі практычна натуральную гаспадарку, таму дзеці з малых гадоў дапамагалі старэйшым – працавалі ў полі, пасвілі кароў.
Бацька Аляксандр Адамавіч меў два класы адукацыі, маці Соф’я Канстанцінаўна cкончыла чатыры класы гімназіі, але яны зрабілі ўсё магчымае, каб усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю.
Пасля вайны Пётр пайшоў вучыцца ў Бярозаўскую школу, таму што ў Бярозу было бліжэй хадзіць па шашы. Трэці і чацвёрты класы хадзіў у Блудзеньскую чатырохгадовую чыгуначную школу, так як яго бацька працаваў на чыгунцы. Пётр Аляксандравіч cкончыў Бярозаўскую школу ў 1955 годзе і паступіў у лесатэхнічны інстытут імя С.М.Кірава, вытрымаўшы конкурс шэсць чалавек на месца. Выбраў прафесію інжынера, таму што любіў тэхніку (з дзяцінства рамантаваў па хутарах веласіпеды) і працу на зямлі.
Пасля заканчэння інстытута ў 1960 годзе П.А. Віцязь працаваў майстрам рамотнага цэха завода “Ударнік”, дзе размяшчалася лабараторыя парашковай металургіі Беларускага політэхнічнага інстытута. Загадчык лабараторыі часта звяртаўся з просьбай парамантаваць абсталяванне лабараторыі і зацікавіў Пятра Віцязя навуковымі даследаваннямі, якія праводзіліся там. Атрымаўшы прапанову перайсці працаваць у лабараторыю парашковай металургіі, Пётр Аляксандравіч даў згоду. З таго часу ён займаецца навукай.
З 1961 г. – старшы інжынер, галоўны інжынер, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара лабараторыі парашковай металургіі Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ).З 1980 г. – першы намеснік генеральнага дырэктара Беларускага рэспубліканскага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі і адначасова — кіраўнік філіяла кафедры БПІ. З 1992 г. – дырэктар навукова – даследчага інстытута (НДІ) парашковай металургіі Беларускага дзяржаўнага навукова – вытворчага канцэрна парашковай металургіі і адначасова – кіраўнік філіяла кафедры парашковай металургіі і тэхналогіі матэрыялаў Беларускай Дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (БДПА).
З 1997 г. – віцэ-прэзідэнт, з 2002 г. — першы віцэ-прэзідэнт НАН Беларусі, з 2004 г. – першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.
Вобласць навуковых даследаванняў П.А.Віцязя – распрацоўка тэарэтычных і практычных асноў стварэння порыстых парашковых матэрыялаў на аснове металічных і керамічных парашкоў і неарганічных валокнаў. Пад кіраўніцтвам Пятра Аляксандравіча і пры яго асабістым удзеле распрацавана больш за 60 новых тэхналогій і матэрыялаў, па якіх асвоена вопытная і прамысловая вытворчасць вырабаў для сельскагаспадарчага машынабудавання, аўтамабілебудавання, станкабудавання і спецыяльнай тэхнікі.
П.А.Віцязь – аўтар больш за 700 навуковых прац, у тым ліку 36 манаграфій, больш за 220 патэнтаў і вынаходніцтваў.
Школа акадэміка вядома ўсюды, дзе выкарыстоўваюцца матэрыялы і тэхналогіі парашковай металургіі, ахоўныя пакрыцці, звышцвёрдыя і нанаматэрыялы. Навуковыя працы П.А.Віцязя маюць высокі навуковы патэнцыял і шырока вядомыя ў міжнародным навуковым асяроддзі. Акадэмік падтрымлівае актыўныя кантакты з вучонымі краін СНД, ЗША, Германіі, Францыі, Канады, Індыі, Кітая, Польшчы і інш.
Віцязь П.А. – член амерыканскага таварыства матэрыялаў (ASM), Старшыня таварыства дружбы “Беларусь – Фінляндыя”, старшыня міжнародных канферэнцый і семінараў, кіраўнік шэрагу міжнародных праектаў. Ён — член рэдакцыйнай калегіі амерыканскага часопіса «Advanced Performance Materials» і шэрагу іншых міжнародных часопісаў.
Віцязь П.А. – кіраўнік Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Новыя матэрыялы”, падпраграмы “Алмазы, звышцвёрдыя матэрыялы і вырабы на іх аснове”, на базе якой у Рэспубліцы Беларусь створана новая галіна, навуковы кіраўнік Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў “Нанаматэрыялы і нанатэхналогіі”.
Вялікая заслуга Пятра Аляксандравіча ў распрацоўцы і рэалізацыі праекта па запуску айчыннага спадарожніка, які быў выведзены на арбіту 22 ліпеня 2012 года. Але датай афіцыйнага запуску касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі лічыцца 29 жніўня 2012 года, калі былі атрыманы першыя касмічныя здымкі. З гэтага часу Беларусь увайшла ў лік касмічных дзяржаў.
Вучоны прыняў удзел у выкананні Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 – 2015 гады. Асаблівая ўвага ўдзялялася рэалізацыі важнейшых праектаў па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія маюць важкае значэнне для нашай краіны.
П.А.Віцязь удзяляе вялікую ўвагу навукова-арганізацыйнай рабоце, падрыхтоўцы кадраў, педагагічнай дзейнасці. Сярод яго вучняў – 11 дактароў і 21 кандыдат навук.
У 1980 годзе П.А. Віцязю прысвоена Дзяржаўная прэмія БССР за распрацоўку і ўкараненне ў народную гаспадарку новых порыстых матэрыялаў і вырабаў на аснове металічных парашкоў, у 1987 г. – Прэмія Савета Міністраў СССР за распрацоўку і ўкараненне новых парашковых матэрыялаў і вырабаў, у 2002 г. – Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН ім. акадэміка В.А.Капцюгі, у 2007 г. – Прэмія Прэзідэнтаў Акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы.
За значны ўклад у развіццё навукі і ўкараненне вынікаў даследаванняў у практыку акадэмік П.А. Віцязь узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1986 г.), Айчыны II ступені (2009 г.), Айчыны III ступені (2001 г.), медалём Францыска Скарыны (1996 г.), іншымі медалямі.

Спіс выкарыстанай літаратуры:
1. Витязь, П. Делать добро, не помнить зла и совершенствоваться / Пётр Витязь // Маяк. — 2011. — 6 августа. — C. 4 — 5.
2. Витязь, П. Сегодня увидеть завтра / Пётр Витязь // СБ. Беларусь сегодня. — 2010. — 16 декабря. — C. 7.
3. Селеня, Е. Витязи : [Родословная академика П.А. Витязя ] / Евгений Селеня // Заря. – 28 ноября. – С. 4.
4. Синкевич, Н. Космос – это рядом / Николай Синкевич // Маяк. – 2013. — 9 января. – С. 5.
5. Синкевич, Н. Встреча с академиком / Николай Синкевич // Маяк. — 2013. — 4 мая. – C. 2.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *