
На ўскрайку поля УП «Боркаўскае» пад старой ліпай (гэтае месца мясцовыя жыхары называюць «Каля ліпы») у 2017 годзе ўстаноўлены вялізны камень-валун. У 2019 годзе да каменя была прымацавана памятная таблічка, упрыгожаная бульбяным бацвіннем і кветкамі. Надпіс на ёй сведчыць: «Картофель на этих полях начал возделываться как культура местным землевладельцем Игнатием Шемиотом с 1830-х годов. Черняков (первый местный хозяйственный центр) известен с 1632 года, основан был на этом месте как фольварк Львом Сапегой».
Без «другога хлеба» беларусы цяпер не ў’яўляюць свайго жыцця. Між тым бульба з’явілася як культура на нашых землях не так даўно. У Расію яна прыйшла ў канцы XVII ст. пры імператары Пятры I, а ў ВКЛ – пры апошнім польскім каралі Станіславе Аўгусце Панятоўскім у канцы XVIII ст. Ужо праз паўстагоддзя бульба стала звыклай культурай для нашых продкаў.
Прафесар Анатоль Гладышчук, працуючы з архіўнай дакументацыяй, высветліў, што спачатку бульбу завезлі на эксперыментальныя дзялянкі-пляцоўкі фальварка Чарнякоў, а потым адсюль і пачалося актыўнае распаўсюджванне гэтай сельскагаспадарчай культуры па акрузе. У 1845 годзе бульбяное поле ў фальварку складала ўжо прыкладна 80 га.
Месца для памятнага знака было выбрана не выпадкова. Менавіта на гэтым полі размяшчаўся гаспадарчы двор – фальварак, які ўпершыню ўзгадваецца ў тэстаменце (завяшчанні) канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.

Памятны знак, які мясцовыя жыхары называюць «помнікам бульбе», устаноўлены пры непасрэдным удзеле дырэктара мясцовай гаспадаркі М. І. Дземідовіча і А. А. Гладышчука. Аб гэтым сведчыць назва прадпрыемства – ААТ «Боркаўскае» – і сціплы надпіс «ни аа» (Мікалай Іосіфавіч і Анатоль Антонавіч) на таблічцы.