Адкрыццё сімвалічнага знака адбылося 21 ліпеня 2011 года ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам энергетыкаў Бярозаўскай ДРЭС, прадстаўнікоў РУП «Брэстэнерга» і генеральнага падрадчыка сумеснага беларуска-кітайскага інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва ЦЭС ПГУ класа магутнасці 400 МВт у г. Белаазёрску» Кітайскай машынабудаўнічай інжынірынгавай карпарацыі. Камень быў дастаўлены з Пружанскага раёна.
Бярозаўская ДРЭС – першая электрастанцыя блочнага тыпу ў Беларусі, самая буйная на захадзе і другая па магутнасці электрастанцыя краіны. Яе будаўніцтва было пачата ў 1958 годзе на пясчаным узвышшы каля возера Белае Бярозаўскага раёна. Разам са станцыяй узводзіўся і горад, які атрымаў назву Белаазёрск. Першы энергаблок быў уведзены ў строй у 1961 годзе. У 1967 годзе будаўніцтва было завершана, ДРЭС дасягнула праектнай велічыні – 920 МВт.
З часам электрастанцыя, якая многія гады забяспечвала рэгіён электраэнергіяй, маральна і фізічна састарэла, нягледзячы на праводзімую мадэрнізацыю. У 2000 годзе станцыю наведаў прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка і даў даручэнне пачаць рэканструкцыю яе энергаблокаў. У 2010 годзе кіраўніцтвам краіны прынята рашэнне пабудаваць на Бярозаўскай ДРЭС блок ПГУ-400 магутнасцю 427 МВт з прыцягненнем кітайскага капіталу.
Новае будаўніцтва разгарнулася на пляцоўцы побач з дзеючай ДРЭС. Кітайская кампанія ажыццявіла будаўніцтва і здачу ў эксплуатацыю парагазавай устаноўкі з поўным выкананнем работ па праектаванні, будаўніцтве і наладцы. 14 сакавіка 2014 года падпісаны акт уводу аб’екта ў эксплуатацыю. Магутнасць электрастанцыі павялічылася да 1400 МВт, істотна знізіліся ўдзельныя выдаткі. Для Бярозаўскай ДРЭС наступіў новы этап развіцця.