Парады спараўчанак у прыгатаванні рыбы

  • Чым рыба свяжэйшая, тым яна смачнейшая – прычым прыгатаваная любым спосабам. У Спораве кажуць: «Трэба, коб рыба хвостом махала, як ты йіі кутаеш». А яшчэ дабавяць:  «Рыба – з воды, а мнясо – з-пуд ножа».
  • Каб праверыць, ці рыба свежая, паглядзіце на яе жабры і вочы – у свежай рыбы жабры чырвоныя, а вочы – бліскучыя.
  • Калі трэба захаваць свежую рыбу надалей або перавезці яе як гасцінец, то пералажыце рыбу крапівой – рыба застанецца свежай.
  • Калі пры патрашэнні рыбы разлілася жоўч, то рыбіну трэба адразу прамыць у вадзе, а месца, куды папала жоўч, нацерці соллю або выразаць, інакш рыба будзе гарэніць.
  • На 1 кг рыбы бярэцца прыкладна 1ст.л. солі. Соль лепш браць не дробную, а буйную –  так смачней.
  • Каб ю́шка з рыбы была смачнейшая, трэба браць для яе прыгатавання розную рыбу.
  • Каб дробная ці парэзаная на кускі рыба не пераварылася, яе трэба класці ў кіпячую ваду. А як вада з рыбай закіпіць – пасаліць, зменшыць агонь і варыць яшчэ 15-20 мінут.
  • Кроп (шмат) вельмі добра дабавіць у ваду, калі вараць рыбу.
  • Рыба лічыцца гатовай тады, калі плаўнічкі лёгка аддзяляюцца ад тушкі рыбы, а вада, у якой варыцца рыба – светлая.
  • Для тушэння лепш браць невялікую рыбу – плотку, карася.
  • Тушыць свежую рыбу лепш з гароднінай (морква, цыбуля) і прыправамі не больш за 15-20 мінут пры закрытай крышцы і невялікай колькасці вадкасці.
  • Перад смажаннем рыбу парэзаць на кускі і прысаліць на некалькі мінут, затым абкачаць рыбу ў вотруб’і (можна ў муцэ або манцы), а патэльню з алеем ці свіным жырам добра нагрэць – каб хутка ўтварылася румяная скарыначка.
  • Пасля абкачвання рыбы (у вотруб’і, муцэ або манцы) добра, каб яна пастаяла так 3-5 мінут – скарыначка будзе роўная і не будзе адставаць ад рыбы.
  • Семя каляндры, кропа добра перакруціць або расцерці непасрэдна перад выкарыстаннем – водар будзе намнога мацнейшы.
  • Да халоднай рыбы добра памідоры і агуркі – свежыя і кансерваваныя.
  • Каб збавіцца ад паху рыбы, трэба ў памытых руках пацерці лісткі мяты.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *