Памятны знак яўрэйскім дзеячам у аграгарадку Сялец

Памятны знак у аграгарадку Сялец.  2021 г.

Знак уяўляе сабой валун з прымацаванай да яго таблічкай, на якой пералічаны імёны вядомых на постсавецкай прасторы і ў сусветным маштабе грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці з  Сяльца. Гэта ўраджэнец мястэчка Эліяху бен Шлома Залман – равін, кабаліст і грамадскі дзеяч, адзін з выбітных духоўных аўтарытэтаў артадаксальнага яўрэйства, матэматык, вядомы як Віленскі гаон  («гаон» у перакладзе азначае  «геній») і  Гадоль Іехуда Лейб бар  Шлома-Залман Перэльман – буйны рэлігійны дзеяч, які служыў тут равінам. Таксама на таблічцы пазначана, што сялецкія карані маюць Уладзімір Высоцкі – савецкі паэт, акцёр тэатра і кіно, аўтар-выканавец песень, аўтар празаічных твораў і сцэнарыяў і Ірвін Дэвід Ялом – доктар медыцыны, прафесар псіхіятрыі Стэнфардскага ўніверсітэта, аўтар навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры, бацькі якога эмігрыравалі ў ЗША з мястэчка Сялец.

Гісторыя пражывання яўрэяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі вядзе адлік з тых часоў,  калі вялікі князь Вітаўт у 1366 годзе выдаў прывілей, якім надзяліў яўрэяў Вялікага княства Літоўскага правамі вольных жыхароў. Яўрэі з іншых краін Еўропы пацягнуліся на нашы тэрыторыі. Сялец на працягу некалькіх стагоддзяў быў адным з цэнтраў літоўскага яўрэйства. Аб гэтым сведчыць той факт, што з 37 сесій Літоўскага ваада (органа яўрэйскага самакіравання) 12 адбылося ў Сяльцы.

Сялецкая яўрэйская абшчына скончыла сваё існаванне ў гады Другой сусветнай вайны. Усіх яе прадстаўнікоў немцы вывезлі ў Бярозаўскае гета, якое потым было знішчана ў Смалярцы і на Броннай Гары.

Знак устаноўлены ў 2020 г. у цэнтры аг. Сялец,  на былой рынкавай плошчы, дзякуючы намаганням краязнаўцы Мікалая Пейгана і старшыні Сялецкага сельвыканкама Уладзіміра Хілько. Помнік прызваны стаць месцам настальгічнага турызму для яўрэяў, якія прыязжаюць у Сялец наведаць мясціны, дзе жылі іх продкі.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *