Памятны знак у гонар першага ўпамінання вёскі Здзітава ў пісьмовых крыніцах

Памятны знак  у вёсцы Здзітава.  2021 г.

Устаноўлены ў 1998 годзе каля будынка Здзітаўскага сельскага клуба. На камень-валун прымацавана таблічка з надпісам, які сведчыць: «Здзітаў. 1-е ўпамінанне ў Іпацьеўскім летапісе ад 1252 г.».

Вёска Здзітава – старажытнейшае паселішча на тэрыторыі Бярозаўскага раёна. Першабытныя людзі з’явіліся ў гэтай мясцовасці яшчэ ў эпоху неаліту (4–3-е тысячагоддзі да н. э.), аб чым сведчаць раскопкі стаянак Горбаў-1 (у 2 км на паўночны ўсход ад Здзітава) і Горбаў-2 (у 1 км на поўнач ад вёскі).

Да нядаўняга часу лічылася, што Здзітава ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пры апісанні паходу валынскіх князёў Данііла і Васілька на літоўскага князя Міндоўга. Шлях з Валыні ў Літву тады пралягаў праз крэпасці Ветлы на Прыпяці, Здзітаў на Ясельдзе і далей на Слонім і Навагрудак. Аднак згодна  з апошнімі дадзенымі Здзітава ўпершыню ўпамінаецца ў 1005 годзе ў «Уставной грамоте об учреждении Туровской епископии».

 Летапісны горад Здзітаў знаходзіўся на ўзвышшы ў пойме правага берага ракі  Ясельды, непадалёку  ад сучаснай вёскі Старамлыны Драгічынскага раёна і ўваходзіў у спіс 35 гарадоў рускіх зямель, што існавалі на Беларусі да 1300 года. Тут праходзілі Дняпроўска-Нёманскі і Дняпроўска-Бугскі водныя шляхі.

Археалагічныя знаходкі сведчаць, што горад існаваў у XI–XIII стст., затым спыніў сваё існаванне, магчыма, быў знішчаны падчас паходу кіеўскіх князёў на яцвягаў,  а яго жыхары перасяліліся ў другія месцы, захаваўшы ў назвах новых паселішчаў назву Здзітаў. За сем кіламетраў ад старажытнага горада ўзнікае Здзітава-на-Дарагабужы, якое ў розныя перыяды было горадам, мястэчкам, зараз гэта вёска Здзітава Спораўскага сельсавета ў складзе ААТ «Спорава». А ў 22 кіламетрах на поўдзень узнікла другое Здзітава – цяпер аграгарадок у Здзітаўскім  сельсавеце.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *