Гранітны валун вышынёй 1,6 м устаноўлены ў 1975 годзе. Надпіс на ім сведчыць:«В годы Великой Отечественной войны севернее и северозападнее деревни Пески дислоцировались Березовские подпольные райкомы КП(б)Б и ЛКСМБ, редакция районной газеты «Пламя», партизанские отряды им. Чкалова, им. Калинина, им. Буденного, № 345, № 347, спецотряд штаба Западного фронта, семейные лагеря при партизанских отрядах им. Калинина, № 345, 347 и лесные школы при них».
Першыя партызанскія групы, якія складаліся з мясцовых жыхароў і апынуўшыхся ў тыле байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, з’явіліся ў лясах каля вёсак Пескі і Вайцяшын ужо ў ліпені 1941 года. У 1942 годзе партызанскі рух мацнеў, партызаны наносілі адчувальныя страты ворагу: узрывалі масты, выводзілі са строю сувязь, праводзілі дыверсіі на чыгунках і аўтамабільных дарогах на тэрыторыі Бярозаўскага і суседніх раёнаў.
Вясной 1943 г. ва ўрочышчы Хаванскае Івацэвіцкага раёна пачалі работу Брэсцкі падпольны абкам партыі і штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, якія кіравалі ўсім партызанскім рухам вобласці. Для павышэння эфектыўнасці барацьбы з ворагам 1 верасня 1943 г. быў створаны Бярозаўскі падпольны райкам камсамола, да гэтага часу ў раёне ўжо дзейнічала сетка падпольных камсамольскіх арганізацый і груп. У снежні 1943 г. пачаў работу Бярозаўскі падпольны райкам партыі пад кіраўніцтвам С. А. Яроцкага, камандзіра 345-га партызанскага атрада, які перайшоў у Бярозаўскі раён з Магілёўскай вобласці. 23 студзеня 1944 г. у рэдакцыі абласной газеты «Заря» пачала выдавацца бярозаўская раённая газета «Пламя» (цяпер «Маяк»), якая заклікала да барацьбы з фашыстамі.
Ратуючыся ад фашысцкага тэрору, людзі сыходзілі ў лясы цэлымі вёскамі. Пры партызанскіх атрадах з’явіліся сямейныя лагеры, у многіх з іх дзейнічалі ўнікальныя лясныя партызанскія школы. Першай на Брэстчыне ў верасні 1943 года пачала працаваць лясная школа пры партызанскім атрадзе імя М. І. Калініна.