
Летам і восенню 1942 года ва ўрочышчы Бронная Гара фашысты здзейснілі масавыя забойствы мірных грамадзян розных нацыянальнасцей, пераважна яўрэяў. Усяго тут было знішчана больш 50 тысяч чалавек.
Шэсць велізарных магіл па загадзе гітлераўцаў выкапалі недалёка ад чыгуначнай станцыі мясцовыя жыхары. На станцыю прыбывалі эшалоны з Брэста, Бярозы, Драгічына, Іванава, Пінска, Кобрына. Людзей падганялі да ям па вузкай дарожцы, прымушалі распранацца дагала, укладвалі на дно тварам уніз, расстрэльвалі, падводзілі да абрыву наступных. Пакуль магілы не напоўніліся даверху… У сакавіку 1944 года гітлераўцы прыгналі на Бронную Гару каля сотні чалавек, якіх прымусілі раскапаць яўрэйскія магілы і спаліць трупы. Велізарныя горы попелу закапалі, зямлю разраўнялі, на месцы магіл пасадзілі бярозкі…
Цяпер пра зверствы, якія адбываліся на Броннай Гары, нагадваюць устаноўленыя там помнікі. Камень-валун з таблічкай, надпіс на якой сведчыць:«На гэтым месцы гітлераўцы знішчылі болей 50 тысяч савецкіх грамадзян і грамадзян другіх краін», быў устаноўлены 15 кастрычніка 1992 года да 50-годдзя з дня знішчэння Брэсцкага гета дзякуючы яўрэйскай абшчыне. Асвяцілі помнік прадстаўнікі трох канфесій: іудзейскай, праваслаўнай і каталіцкай. Каля падножжа каменя ляжыць мноства маленькіх каменьчыкаў. Іх па яўрэйскай традыцыі памінання памерлых кладуць турысты, сваякі загінуўшых.
У 1994 годзе побач быў устаноўлены гранітны помнік з выявай паравоза і надпісам на іўрыце. Трэці помнік – стэлу з чыгуначных рэек са званом пасярэдзіне – паставілі таксама ў 1994 годзе да 50-годдзя вызвалення Беларусі.
У 2021 годзе воінскім пахаванням «Брацкая магіла ахвяр фашызму – мірных жыхароў (яўрэяў) розных краін Еўропы» і «Месца масавага знішчэння», размешчаным каля в. Бронная Гара, прысвоены статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.