Памятны знак загінуўшым землякам у вёсцы Сабалі

Камень-валун з прымацаванай да яго мемарыяльнай дошкай устанавіў у роднай вёсцы ў 2009 годзе ўраджэнец Сабалёў Анатоль Іванавіч Жалудко, мастак, член Саюза мастакоў Беларусі. Камень быў знойдзены ў ваколіцы Сабалёў.Ажыццявіць ідэю дапамаглідырэктар ТАА «Трайпл» Ю. А. Чыж, старшыня ААТ «Вінец»  Я. П. Шымчук, старшыня Сігневіцкага сельскага Савета А. І. Клімовіч.

Памятны знак стаіць у цэнтры вёскі на месцы былой пачатковай школы. У 2011 годзе побач з каменем Анатолем Іванавічам устаноўлены дубовы крыж з распяццем.
На гранітнай пліце ўвекавечаны імёны дванаццаці салдатаў-землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Так, М. М. Пабожны загінуў у Беларусі, У. Т. Чыж, С. А. Ткачук, Ф. А. Бернацкі, М. Р. Кушнер, В. М. Пабожны, Ц. А. Скарына – у Германіі, А. І. Зінчук – пры вызваленні Чэхаславакіі, П. А. Скарына – пры вызваленні Аўстрыі, П. П. Колас, М. І. Амелька, А. К. Юшчык прапалі без вестак.
Ёсць на помніку і дзіцячыя імёны: за сувязь з партызанамі былі расстраляны жыхар Сабалёў С. З. Жалудко, яго жонка А. С. Жалудко і дзеці Саша, Пеця, Вара, Вера, Надзя і Оля. Ім было ад чатырох да чатырнаццаці гадоў. Месца іх пахавання невядома.
Родныя гэтых людзей не маюць магчымасці наведаць іх магілы. Цяпер, каб ушанаваць памяць загінуўшых, яны могуць прыйсці да помніка. Надпіс на мемарыяльнай дошцы абвяшчае: «Вечная память похороненным в землях чужих».
Як напамін аб Вялікай Айчыннай вайне ля падножжа каменя ляжаць гільзы, знойдзеныя на месцах былых баёў.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *