
На пад’ездзе да аг. Спорава стаіць вялізны камень-валун, на якім напісаны спораўскія показкі: «Удачы за границою», «Куды йдэш туда йды оно визу покажы». Гэта своеасаблівы «памежны слуп», які нагадвае, што Спорава – сталіца абласнога свята гумару «Спораўскія жарты».
Валун быў устаноўлены да першага фестывалю, які адбыўся ў 1996 годзе. У 2023 годзе прайшоў ужо восьмы фестываль. У святочным дзеянні, якое ўключае мітынг гумару, гумарыстычнае святочнае шэсце па вёсцы, гала-канцэрт і непасрэдна саму конкурсную праграму, прымаюць удзел творчыя дэлегацыі з усёй Брэсцкай вобласці, калектывы з іншых абласцей краіны.
Жыхароў старажытнага і каларытнага Спорава немагчыма ў’явіць без анекдотаў, баек і небыліц. Уменне жартаваць, смяяцца і святкаваць у самых складаных і цяжкіх умовах дапамагала і цяпер дапамагае ім не падаць духам, не паддавацца нудоце і заставацца самімі сабой. А каларытная спораўская мова не толькі гучыць на вуліцах вёскі і ў хатах вяскоўцаў, на ёй складаюцца анекдоты і прыпеўкі, пішуцца вершы, на ёй з гонарам сустракаюць гасцей і жартуюць падчас фестывалю «Спораўскія жарты».