Падводны свет. Насельнікі рэк і вадаёмаў Бярозаўшчыны

АКУНЬ

         Азёрна-рачная рыба. Цела ў яе зеленавата-жоўтага колеру, а па баках – 5-9 папярочных пасак. Бывае даўжынёй да 55 см і вагой да 3 кг. Масімальная працягласць жыцця акуня – 23 гады.  Малыя акуні жывуць у затоках, буйныя – на глыбіні. Трымаюцца чародамі. Акуні трапляюцца амаль ва ўсіх вадаёмах.  Дарослыя акуні – драпежнікі. Калі чалавек дрэмле альбо спіць седзячы, пра яго кажуць “акунёў вудзіць”.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Акунькі
Акунькі не сумавалі,
Вельмі моцна сябравалі,
Танцаваць маглі з падскокам
І даваць нырца глыбока.
Дружна,
Весела гулялі
Ды на човен пазіралі.
І ўцякалі надта хутка
Ад дзядулі з вудай гнуткай.

Пятро Сушко

ВУЖ

        Неядавітая бясшкодная змяя. Жыве пераважна ў вільготных месцах, на балотах, каля рэк і вадаёмаў, селіцца таксама каля жытла чалавека. На Бярозаўшчыне трапляецца паўсюль. Даўжыня да 1,2 м. Па баках галавы 2 вялікія светлыя плямы.  Вужы хутка поўзаюць, лазяць па дрэвах, добра плаваюць, пад вадой могуць знаходзіцца больш за  паўгадзіны. Вуж актыўны ўдзень, уначы хаваецца. Корміцца жывымі  жабамі, мышамі. Перыядычна ліняе. Жывуць вужы да 20 гадоў. “Выкручваецца вужом” — так кажуць пра таго, хто падманам, хітрасцю намагаецца выйсці з цяжкага становішча.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Вуж
Вуж паўзе сабе дарожкай,
Не кране ніводнай ножкай.
Ён пакратаў бы, каб мог,
Але вуж не мае ног.

Максім Лужанін

ЁРШ, АЛЬБО ДЖГІР

           Прэснаводная рыба з калючымі плаўнікамі.   Ёрш жыве чародкамі на значных глыбінях у мясцінах з пясчаным і заглееным дном. Даўжыня яршоў 10 — 15 см, маса да 20 – 50 г (зрэдку да 200 г). Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Жывуць пераважна 1 – 3 гады, часам да 11 гадоў. Зацятых і задзірлівых людзей называюць яршыстымі.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Нашто яршу грабенчык?
Раз уюн павучаў ярша:
-Кінь ты грэбень, каб ён не мяшаў!
Хіба змалку не надакучыў,
Гэткі востры, нязграбны, калючы?
-Ды які ж ён нязграбны, мой грэбень? – Ёрш здзівіўся.
-Ды ён мне патрэбен.
З ім я — смелы,
Не дзеля красы
Ім расчэсваю сому вусы!

Мікола Чарняўскі

ЖАБА 

              Бясхвостае земнаводнае. У Бярозаўскім раёне існуюць 4 віды: азёрная, сажалкавая, вастрамордая, травяная. Водныя жабы пераважна зялёныя, наземныя – бурыя. Скура ў жабаў  гладкая, на верхняй сківіцы ёсць зубы. Лічынкі жабаў – апалонікі, прыстасаваныя да жыцця ў вадзе. У іх ёсць жабры і хвост. Пасля хвост і жабры адміраюць, з’яўляюцца ногі. Жабы бачаць толькі прадметы, якія рухаюцца. Жабы жывуць каля 10 гадоў, у няволі  — да 18 гадоў. Калі чалавек нешта шкадуе сабе ці іншаму, пра яго  кажуць  “жаба душыць”.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Жабянятка
Не прыдумаць жабянятку
Больш ніякага занятку –
Толькі з купіны скакаць,
Толькі конікаў пужаць.
І сказаў зялёны конік:
-Вунь прыйшлі на поплаў коні.
Не магло б ты, жабянятка,
Напалохаць жарабятка?
-Не баіцца жарабятка, —
Адказала жабянятка. –
Хай траву яно скубе.
Напужаю зноў цябе.

Алесь Каско

ЖАМЧУЖНІЦА  ЗВЫЧАЙНАЯ  

              Прэснаводны малюск, які валодае здольнасцю ўтвараць жэмчуг. Жамчужніца занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Можа жыць толькі ў чыстых вадаёмах. Даўжыня яе ракавіны да 16 см. Жыве да 100 гадоў.  Калі ў прачыненыя створкі пападзе пясчынка, вакол яе пачынаюць збірацца вапнавыя крышталі, якія становяцца прыгожымі жамчужынамі. Каб утварылася жамчужына, неабходна да 30 гадоў. 

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Жамчужніца
Жыве малюск, якому шмат пашаны.
Адвеку ў продкаў быў ён у цане.
Ды нездарма жамчужніцай названы
Насельнік рэк, хоць поўзае па дне.
Бывае, што патрапіць выпадкова
Пясчынка паміж ракавін унутр,
І вось ужо, як фарбай каляровай,
Абцягвае пясчынку перламутр.
Наўсцяж малюнак зменіцца прыродны,
Пакуль расце з гарошыну яна.
На тысячу малюскаў прэснаводных
Каштоўная жамчужніца адна.
Малюскаў тых амаль зусім не стала,
І жэмчуг нам даўно не ў галаве.
Дзе чыстая вада і шкоды мала,
Жамчужніца да ста гадоў жыве.

Віктар Гардзей

КАРАСЬ

              Прэснаводная рыба. Існуе 2 віды: карась звычайны, альбо залаты, і карась срэбны, які бывае двух падвідаў. Залаты карась можа дасягаць даўжыні цела больш за 50 см і масы да 5 кг, срэбны карась – даўжыні 40 см і масы да 3 кг. Калі зіма вельмі халодная,  карасі ўпадаюць у спячку і пры гэтым вытрымліваюць прамярзанне вадаёма да дна.  Жывуць карасі да 10-15 гадоў.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Жыў у сажалцы карась
Жыў у сажалцы карась,
Што любіў зарыцца ў гразь.
І за гэта карася
Усе празвалі: парася.
Як зарыўся ён пад корч –
Дзень зрабіўся быццам ноч.
Думаў: “Гэта чарвячок”,
А схапіў у рот кручок.
Так злавілі карася.
І гісторыя ўся.

Уладзімір Мазго

КАРП

          Рыбакі  называюць   гэтую рыбу  вадзяной лісіцай. Гэта звязана з хітрасцю, якую   рыба праяўляе, калі яе хочуць злавіць. Карп  можа вырастаць да 60-70 см даўжынёй і  вагой болей 10 кг. Жыве да 30 гадоў. Харчуецца  лічынкамі камароў, чарвямі, водарасцямі. На зіму залягае ў спячку. У цёплую зіму карпы не спяць, а прадаўжаюць  паляваць. Сярод мноства мужчынскіх імёнаў ёсць імя Карп. У многіх еўрапейскіх краінах стравы з карпа лічацца традыцыйным калядным пачастункам.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Карп кальчугу апрануў
Карп кальчугу апрануў,
Карп у возера нырнуў.
І кальчуга залатая
Карпа вельмі выручае.

Міхась Пазнякоў

ЛЕШЧ

 Даўжыня ляшча  30 – 70 см, вага да 6 кг, галава і рот маленькія. Харчуецца лічынкамі насякомых, водарасцямі. Лешч рэдка паднімаецца ў верхнія слаі вады і заўсёды шукае корм на дне. Ляшчы могуць збірацца ў вялікія стаі (да 1000 рыб). Жыве лешч да 20 гадоў.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Лешч
Лешч, заўжды лагодна-ціхі,
Бранзавець пачаў ад пыхі.
Ён даведаўся: у яме
З рыб усіх – старэйшы самы!

Мікола Мятліцкі

ЛІНЬ

Рыба сямейства карпавых. Даўжыня да 70 см, вага да 7 кг. Знешне яго лёгка адрозніць ад іншых відаў рыб. Цела ліня  пакрывае слізь,  якая сыходзіць, калі рыбу зловяць. Таму, як лічыцца, лінь і атрымаў сваю назву – ад слова “ліняць”. Рыба мала рухаецца, трымаецца ў зараслях водных раслін. Харчуецца водарасцямі, чарвякамі, насякомымі. Зімой упадае ў спячку на дне вадаёмаў.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Лінь
Лінь зімою не жыруе,
Лінь зімою не сумуе.
Заплывае ў іл рачны,
Спіць спакойна да вясны.
А як сонейка зайграе
Над спакойнаю ракой,
Ён, здаволены, гуляе
І паблісквае луской.

Міхась Пазнякоў

ПЛОТКА

             Народныя назвы плаціца, плоць, вобліца, альхоўка.  Гэтую рыбу лёгка пазнаць па чырвоным  або аранжавым колеры вачэй. Даўжыня да 30 – 35 см, маса 300 – 400 г, рэдка да 700 г. Афарбоўка плоткі залежыць ад узросту і ўмоў існавання.  Плотка харчуецца водарасцямі, малюскамі. Жыве да 20 гадоў.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Плотка
Не шкадуе плотка слёз –
Аж калышацца рагоз:
Захацеў зубач-шчупак
Паспытаць яе на смак.

Мікола Мятліцкі

СОМ

         Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Яго даўжыня дасягае 5 м. Важыць  да 300 кг. Цела ў гэтай рыбы без лускі. Спіна чорная. Бакі жоўта-зялёныя, бруха амаль белае. Скура мяккая, слізкая. Рот у сома шырокі. Ніжняя сківіца даўжэйшая за верхнюю. На верхняй сківіцы пара доўгіх вусікаў, на ніжняй – 2 пары кароткіх. Сом актыўны ўначы. Удзень вылежваецца пад карчамі, на ямінах. Сом есць дробную рыбу, жаб, малюскаў, ракаў. Узімку самы не харчуюцца і амаль неактыўныя. Жывуць да 35 гадоў.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Сом спіць
На зімовую пару
Сом зашыўся ў нару,
Бо пакуль на рэчцы лёд,
Не да гуляў і прыгод.
Сом у Ясельдзе на дне
Спіць і марыць аб вясне.

Леанід Пранчак

СУДАК

              Рыба сямейства окуневых. Насяляе  ўсе буйныя рэкі,  азёры і вадасховішчы, але колькасць яго ў вадаёмах невялікая. Даўжыня да 70 см, вага 2-4 кг. Мае сківіцы  з моцнымі ікламі, паміж якімі знаходзяцца маленькія  зубы. Доўгае цела робіць яго падобным на шчупака. Судак – драпежная рыба, харчуецца дробнымі рыбамі. У рэках судакі зімой не ўпадаюць у спячку, а прадаўжаюць паляваць, у азёрах судак зімуе ў пясчаных ямах на дне.  Стравы  з  судака  маюць  высокія кулінарныя якасці.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Судак
Плотку вёрткую судак
Не ўпалюе аніяк,
Бо гадзінамі яна
Ля рачнога ўецца дна.

Мікола Мятліцкі

УЮН, АЛЬБО ПІСКУН

          Народная назва гэтай  рыбы — піскун, бо ён з піскам глытае паветра.  Даўжыня рыбы 16-25 см. Цела ва ўюна выцягнутае, сціснутае з бакоў. На галаве 5 пар вусікаў. Спіна бурая, з цёмнымі плямамі, бруха жоўтае.  Корміцца чарвякамі, лічынкамі насякомых.  Уюн можа доўга заставацца без вады: зарываецца ў глей на глыбіню 1-2 м і пагружаецца ў спячку. Уюн можа дыхаць не толькі жабрамі, але і з дапамогай скуры і кішэчніка. Гэтая рыба здольная да 3 км рухацца па роснай траве з вадаёма ў вадаём. Жывуць уюны да 10 гадоў. “Віцца ўюном” – значыць, выкручвацца, хітрыць.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Хітры ўюн
Выдумляць я вам не буду…
Трапіў раз мне ўюн на вуду
І не з мезенец, а ладны
І на хітрыкі быў здатны.
Каб уюн з садка не ўцёк,
Я пусціў яго ў мяшок.
Праз хвіліну паглядзеў —
Хітруна няма нідзе.
А ён – бачу – па траве,
Нібы па вадзе плыве.
Што ж, — кажу, — дамоў вяртайся.
Толькі больш не пападайся.

Іван Муравейка

ЧАРАПАХА БАЛОТНАЯ

             Жывёліна з касцявым панцырам, якая вельмі павольна рухаецца на кароткіх лапах, што разам з хвастом і галавою могуць уцягвацца ў панцыр. У Беларусі  існуе 1 від чарапах – еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырвоную кнігу. Даўжыня панцыра да 22 см, вышыня – 6-8 см, маса цела 400 — 600 г.  Хвост крыху меншы за палову даўжыні панцыра. У вадзе чарапаха палюе на насякомых і іх лічынак, ракаў, жаб. Зіму чарапаха праводзіць у спячцы на дне вадаёма. Вясной адкладвае яйкі ў спецыяльныя ямкі, якія ж сама і выкопвае. Чарапахай называюць вельмі маруднага чалавека.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Чарапашына хатка
-Небарака чарапаха,
Што стаілася пад дахам?
Нейкі домік твой нягеглы,
Не з камення і не з цэглы.
Ані белы, ні ружовы,
Ды, здаецца, і не новы.
Кідай гэтую хаціну!
-Родны домік я не кіну!
Хай са мной вандруе хатка,
Як турысцкая палатка!

Павел Марціновіч

ШЧУПАК

            Драпежная прэснаводная рыба. Жыве звычайна ў прыбярэжнай зоне, у водных зарасніках. Даўжыня цела да 1 м, маса да 8 кг, але бываюць асобіны і да 1,5 м і 35 кг. Афарбоўка ў шчупакоў зменлівая, яна залежыць ад асяроддзя і бывае шэра-зеленаватая, шэра-жаўтаватая, шэра-бурая. На баках – буйныя бурыя ці аліўкавыя плямы, якія ўтвараюць папярочныя паскі. Корміцца шчупак пераважна рыбай. Здабычу глытае  толькі ў кірунку з галавы. Калі шчупак схапіў яе ўпоперак цела, перад тым як заглынуць, ён хутка разварочвае здабычу галавою ў глотку. Жыве да 25 гадоў.

Каб спампаваць размалёўку, патрэбна адкрыць карцінку, націснуць правай кнопкай мышы і выбраць «Сохранить изображение как»

Шчупак і суша
А было аднойчы так:
З рэчкі вынырнуў шчупак.
Пасядзеў крыху на сушы
І прамовіў, уздыхнуўшы:
-Тут, вядома, хораша,
Толькі вельмі ж горача!
Смачна пазяхнуў і назад нырнуў!

Алесь Бадак

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *