Паэтэса, перакладчыца, грамадскі дзеяч, член Саюза пісьменнікаў СССР з 1971 года. Аўтар 45-ці зборнікаў паэзіі, перакладаў і кніжак для дзяцей. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1984) за “Паэму жніва”, прэміі “Берасцейская зорка-1998” у намінацыі “Літаратура”, Міжнароднай прэміі імя Рыгора Скаварады, Літаратурнай прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта імя Уладзіміра Калесніка (2009) за зборнік паэзіі “У прыгоршчах ветру” (пасмяротна). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ганаровы грамадзянін горада Белаазёрск.
Нарадзілася 20 верасня 1943 года ў в.Нівы Бярозаўскага раёна ў шматдзетнай сям’і. У 1960 годзе Ніна Мацяш скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла на нямецка-французскае адзяленне Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. З-за хваробы вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла інстытут у 1966 г.) У 1973-1977 гадах працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы.
Дэбютавала вершам па-руску ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма» у 1963 годзе.
Ніна Мацяш стварала карціны пры дапамозе птушыных пёркаў. А.Васілевіч назвала гэты від мастацтва пёркаграфіяй.
У 1970 годзе ў выдавецтве “Беларусь” пабачыў свет яе першы паэтычны зборнік “Агонь”. Гэта была невялікая кішэннага фармату кніжка тыражом у 2000 экзэмпляраў. Але для самой Ніны, для ўсяго літаратурнага аб’яднання “Крыніца” з’яўленне гэтага зборніка было з’явай знакавай.
Аўтар паэтычных зборнікаў “Ралля суровая”, “Удзячнасць”, “Прыручэнне вясны”, “Поўны келіх”, “Жнівень”, “Шчаслівай долю назаві”, “Паміж усмешкай і слязой”, “Душою з небам гаварыць”, “Я вас люблю”, “Богава дрэва”, “У прыгаршчах ветру” і іншыя.
Перакладала з французскай, нямецкай, польскай, украінскай ды іншых славянскіх моў. У яе перакладзе вышлі кнігі Жана Аліўе “У краіне індзейцаў”, Антуана дэ Сент-Экзюперы “Планета людзей”, “Маленькі прынц”, Франсуа Жакмэна “Поры году”, “Багаславі сустрэчу мне…”, “Выбраная лірыка Плеяды”, “Перабіраю самацветы”, “Гарнуся душою да слова” і іншыя.
Многія ўласныя вершы Ніны Мацяш пакладзены на музыку рознымі кампазітарамі і ёю самою. Як набытак гэтага песеннага таленту засталіся аўдыёкасета “Бэзавая завіруха” і кампакт-дыск. Цікавым захапленнем Ніны Язэпаўны было вышыванне і пёркаграфія.
Не стала Ніны Язэпаўны Мацяш 19 снежня 2008 года.
У памяць аб слыннай зямлячцы на доме, дзе яна жыла, устаноўлена мемарыяльная дошка. З 2010 года Белаазёрская гарадская бібліятэка носіць яе імя і ладзіць штогод 20 верасня, у дзень нараджэння Ніны Язэпаўны, літаратурныя чытанні памяці паэткі “Бабіна лета ў Белаазёрску”, у якіх удзельнічаюць вядомыя пісьменнікі Беларусі, мясцовыя літаратары, грамадскасць раёна. У межах паэтычных чытанняў стартаваў праект “Створым кнігу пра Ніну Мацяш разам”.
З 2011 года ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш дзейнічае экспазіцыя “У спагадзе абярэжлівай нябёсаў”, якая ўсебакова раскрывае асобу творцы і літаратурную спадчыну паэткі.