Спытаюцца: «Адкуль ты?
Скуль ты родам?»
I адкажу:
— З палескай той раўніны,
Якая з даледавіковых часаў
Пароднена і з доляй, і з нядоляй.
О, нездарма яна, мая старонка,
I Белым возерам глядзіць,
Як вечнасць,
І Чорным возерам глядзіць,
Як памяць…
Бярозаўшчына!
Жылкаю блакітнай
Пульсуе Ясельда ў цябе на скроні.
Вясёлыя гаі твае бярозавыя
Нітуюцца з барамі ды з дубровамі,
Каб з травамі, імхамі, чаратамі
Няўзнак на ўвесь зеленасвет Еўропы важыць.
А ці ж не так і чалавечы лёс твой
Панітаваны з лёсам чалавецтва,
Мая Бярозаўшчына?!
Колькі тысяч
Дзяцей сваіх ахвяравала ты
I землям іншым, і народам іншым?
I апыналіся бярозаўцы твае
Чарнявыя ды русыя
Натоўпам безаблічных
Бежанцаў ці эмігрантаў…
Выдатна патраплялі змазалелыя іх рукі
Выпешчваць каву на плантацыях Бразіліі,
Вылузваць вугаль з нетраў Чылі,
Выдойваць буйваліц у пампах Аргенціны,
Вылоўваць жэмчуг у прадоннях Палінезіі…
Але з гадамі выяўлялася, што з дна
Нядольнага туляння здабываўся імі
Адным-адзіны скарб:
Туга няшчадная
Па крыку кнігаўкі над лотацева-залатым разводдзем,
Па аксамітных азярынах лёну,
Па далікатным
Бэзава-ружова-белым цвеце бульбы,
Па васілёчку ў жыце ды буслянцы на страсе…
Не адбалець такому болю.
Шукалі хлеба на чужыне,
Чужынцамі ж падцятая, падмятая
Зямля радзінная была
Для самых лепшых,
Для адданейшых сыноў, дачок сваіх
Злавеснейшым
Канцэнтрацыйным лагерам «Бяроза»:
Як люта катавалі там, як праглі ўсмерціць
Самую думку, мару згаладалых
Пра іх найсаладзейшы хлеб —
Хлеб долі-волі!..
Век не прыцьмець у памяці людской
Ні Мальчы прамінулага стагоддзя,
Засечанай да смерці бізунамі
За бунт супроць улад;
Ні расстраляным карнікамі Осаўцам
За тое, што найпершымі ў раёне
Калгасам выйшлі сустракаць вясну;
Ні Здзітаву, які быў знаны шчэ
Ў часы Іпацьеўскага летапісу,
Сёння ж
Бяссмертна ўслаўленаму
Партызанскай Здзітаўскаю абаронай;
Ні юнаму Белаазёрску,
Што рукатворным сонейкам расцвіў,
Каб не вярнуўся болей змрок былога.
Бярозаўшчына!
Ўмелі пастаяць
За гонар свой, за песеннае заўтра твае дзеці —
Твае Альшэўскія ды Кутнікі, Труцькі,
Вячоркі, Руцічы, Скарыны,
Гардзейчыкі, Юркевічы, Хвядчэні,
Барушкі, Коласы ды Салаўі.
Іх мноства, нескароных,
Хоць былі
I ямы пры манастыры ў Бярозе,
I ўрочышча Смалярка, і траншэі
Утульналесай Броннае Гары,
Дзе тысячамі гінулі бязвінна
Славяне й неславяне,
Дзе па-зверску
«Звышчалавекі» нішчылі людзей.
Яшчэ й цяпер
Зялёную травінку з тых мясцін
Прыкусіш задуменна —
І толькі потым,
I толькі потым сцяміш, скуль ён, гэты
Саленаваты прысмак на губах…
О ты, бяссмертны крутабег Жыцця!
Ды шчасна ўсведамляць, што на Зямлі,
Усюды, ўсюды, пад любым сузор’ем
А некалі ж ды выспее пара,
Калі любое селішча людское,
Як наша вёска Горыч,
Збудзе горыч
І назавецца Светачам нарэшце!
Гляджу на жытнія разлогі кута роднага
І думаю:
Хай ясніцца Твой дзень,
Хай непарушна мірным будзе неба
Над шчырай працай і над адпачынкам
Дзяцей Тваіх неваявітых, працавітых,
Хай зоркамі дастатку й хараства
Дамы іх свецяцца,
Як свецяцца іх душы!
Ім ёсць чым ганарыцца,
Ёсць чым жыць,
I што апець,
I што яшчэ стварыць.