(краязнаўчая казка)
Даўно гэта было. Да ракі, якую тады называлі проста Ракой, прыйшлі людзі з цёплых краёў, дзе высокія горы. У адной сям’і жыла дзяўчына. Звалі яе Асальда.
У землях, адкуль прыйшлі яе бацькі, гэтае імя азначала «рака багоў». Каля ракі продкі жылі, яна не раз ратавала іх ад голаду. Таму так шанавалі раку. І дзяўчынку назвалі ў яе гонар у надзеі, што багі будуць літасцівыя да яе.
Можа, і праўда стаялі багі за спіной дзяўчыны. Вырасла яна прыгожай, добрай, умелай. Сустрэўся ёй Дзіцята на беразе Ракі ў купальскую ноч. З таго ўсё і пачалося.
Жыць бы ды жыць маладым. Толькі заняліся чымсьці багі, забыліся аб мужавай жонцы. А ў той час насіў вецер над зямлёй Пераплута. Злы гэта дух. Толькі шкода адна ад яго.
Выглядваў сабе пацеху на зямлі. І ўбачыў на лузе Асальду. Травы тая збірала. Закруціў над ёй Пераплут. І такую сілу вецер набраў, што паднялася Асальда ў неба. Але злаўчылася яна, учапілася ў валасы нахабніка адной рукой, а другой твар яго падрапала. Не да смеху стала Пераплуту, адпусціў ён яе.
Паляцела Асальда над рэчкай, нібы падбітая стралой вуціца, і ўпала з вышыні ў вірлівае месца. Убачыў гэта Дзіцята, кінуўся ў раку, але нідзе не знайшоў жонкі. Задумаў Дзіцята пакараць Пераплута. Шукаў яго паўсюль. Але хітры злы дух. У іншыя краі панёс яго вецер.
Шкадавалі ўсе ў паселішчы зніклую жанчыну. І рэчку, дзе згінула яна, сталі Асальдай называць. Часта прыходзіў Дзіцята на бераг. Бачылася яму не адзін раз, што жонка выходзіць з вады, кажа яму ласкавыя словы. І дачакаўся. У купальскую ноч разышлася вада ў Асальдзе, і выйшлі з яе на бераг русалкі.
Глядзеў Дзіцята на жыхарак віроў. Пазнаў у адной з іх Асальду. І яна пазнала яго. Не дала сваім сяброўкам зачараваць яго і ў ваду за сабой прывабіць.
Адвёў Дзіцята Асальду ў бярэзнік. Пачаў расказваць пра паселішча, пра людзей, пра паляванне, ураджаі. Відаць было, што Асальдзе цікава ўсё. Сама ж ні слоўца не ўпусціла. Не заўважылі, як ноч мінула.
Першы прамень сонца прабег па вадзе. Замерла, як нежывая, Асальда і прапала. На яе месцы бярозка беластвольная лістотай зашалясцела. Не ведаў Дзіцята, што русалцы нельга бачыць першыя прамяні сонца, інакш стане яна бярозкай або якім іншым дрэвам. Такое вось і здарылася з Асальдай.
Распавёў Дзіцята ў паселішчы пра тое, што адбылося на беразе. Паверылі яму родзічы. Многія сталі прыходзіць да бярозкі. Дзяўчаты ўпрыгожвалі яе стужкамі. Свае таемныя жаданні выказвалі, прасілі дапамогі. І хлопцы нежанатыя ўпотай прыходзілі да бярозкі. Казалі, што ўсім дапамагала бярозка.
Шмат вады
выцекла з той пары ў рацэ. Памянялася і яе імя. З Асальды Ясельда атрымалася.
Даўно пастарэла і ўпала русалчына бяроза. На яе месцы вырасталі, старэлі і
падалі іншыя бярозы. Толькі кожная з іх заставалася той, у якую даўным-даўно
ператварылася Асальда. Такая памяць жыла ў пакаленнях. І ішлі да яе хлопцы і
дзяўчаты, прывязвалі да яе галінак стужкі, падвешвалі ўпрыгожванні. Таму і да
паселішча імя Бяроза прыстала.[1]
[1] Круковский, В. На Ясельде-реке. Откуда могло пойти название “Береза”? : краеведческая сказка / Виктор Круковский // Аргументы и факты. – 2018. – 20 февраля.