Мікратапонімамі (назвамі мясцовых аб’ектаў, вядомымі невялікай колькасці людзей) пазначана прастора жыццядзейнасці нашых продкаў. Шырокая прастора… Яна ахоплівала ці не кожную дзесяціну поля, лесу. І каб не згубіцца ў гэтым вялікім свеце, які пачынаўся адразу за вёскай, людзі пазначалі дакладныя каардынаты свайго месцазнаходжання: Міхалё́ў луг, Прота́сішын луг, У Гра́бах… Мікратапонімы – тыя ж мясцовыя мерыдыяны і паралелі, якія пазначаюць месцы, дзе былі хутары, дзе назапашвалі сена, дзе пасвілі жывёл, збіралі грыбы і ягады, секлі дровы… Гэта напластаванні гісторыі «на метр квадратны». Калі мы не захочам пачуць пра мікратапонімы сёння – заўтра пра іх не будзе каму расказаць. Вялікі дзякуй аднавяскоўцам, што памятаюць, расказваюць.

Гі́́рынэ – узвышша, якое пачынаецца за Гурэ́цкім і ідзе да склада ўгнаенняў. Назва ад хутара, гаспадароў якога па-вулічнаму называлі Гі́рыны.
Глу́ша– месца каля возера, дзе людзі раней капалі торф. Капалі спецыяльнай лапатай, атрымліваліся роўныя брусочкі памерам прыкладна 15х30 см. Свежы торф, які толькі што здабылі з пакладу, для паліва не падыходзіў. У яго была занадта высокая вільготнасць, шмат прымешак (кавалачкаў дрэва, кары і іншай арганікі). Матэрыял меў патрэбу ў апрацоўцы. Яго прасушвалі, раскладваючы так, каб вецер абдуваў з усіх бакоў.

Годі́ўля – балоцісты падыход да ракі, за Гурэ́цкім і да Пала́і. На Годі́ўлі мясцовыя жыхары ставілі сіты і лавілі ўюноў. Раней адзін перад адным займалі месцы для лоўлі. Зараз сіты ставіць мала хто, але ўсё роўна ловяць гэтую смачную рыбу.

Гра́дка, Гра́да– шэраг пясчаных узвышшаў, месца ў канцы вёскі, перад вёскай Галавіцкія. Лес расце ў гэтым месцы палосамі-радамі.

Грэ́бля– балотны сенакос каля ракі, знаходзіцца ў пачатку вёскі з правага боку, пры заездзе з боку вёскі Зарэчча.
Зу́евэ поле – поле перад вёскай Со́віна з правага боку. У цэнтры гэтага поля быў Зу́еў хутар, сядзіба Бярынчыка Андрэя. Дзеці: Іван, Мікалай, Аляксандр; сёстры: Ганна (Гусарыха), Соня (жыла ў вёсцы Совіна, жонка Сачуковага Сашы).

Кар’е́р – пасля вайны тут пачалі браць пясок для будаўніцтва. Большую частку ям зраўнялі, але пясок і зараз там бяруць.
Ко́ло Гру́шы– поле, назва якога пайшла ад старой грушы, што засталася на месцы былых хутароў. Вясной 2022 года яе выкарчавалі.

Міха́лева гора́ – падыходзіць да дарогі перад паваротам на возера. Міха́лева таму, што на гэтай зямлі быў Міха́леў (мянушка) хутар.

Міха́леў луг – размешчаны супраць возера. Назва пайшла ад былога гаспадара зямлі, якога звалі Міха́лем.

Мох – невялікае балота, дзе растуць журавіны. Размешчана за вёскай, супраць возера, з правага боку дарогі, якая ідзе на вёску Галавіцкія.

Но́вы канал – канал, які злучае раку Ясельду з возерам Новым. Быў выкапаны, калі капалі возера. Ён аддзяляе Прота́сішын луг ад Міха́левой горы́.

Пала́я – месца, дзе размяшчаўся хутар, гаспадыню якога звалі Пала́я. Знаходзіцца супраць дарогі, якая вядзе да возера. Хутар у наш час зарос лесам.

Прота́сіха – былы хутар, гаспадароў якога звалі Прота́совы. Гэтае месца знаходзіцца адразу за Но́вым каналам, з правага боку. Да цяперашняга часу невялікі кавалак зямлі з гэтага хутара апрацоўваецца.

Прота́сішын луг – тэрыторыя за вёскай, перад Новым каналам. Назва ад хутара, дзе жылі Прота́совы (вясковая мянушка).

Пры́стань – месца на рацэ Ясельдзе, дзе прывязвалі лодкі, улетку тут купаліся людзі. Гэта адзінае месца, дзе рака падыходзіць да берага і няма забалочанасці. Можна пад’ехаць да самага берага на машыне.
Рома́ніха – месца каля возера, дзе раней стаяў хутар, гаспадара якога звалі Раманам.
Тімашо́ў – луг, дзе ўлетку пасвілі кароў, вясной з каналаў выходзіла вада і залівала тэрыторыю ў адно вялікае возера. А назва пайшла ад гаспадара хутара, які знаходзіўся пасярод гэтага лугу, на ўзгорку. Звалі яго Цімо́ша, ад імя Цімафей.

То́чкінэ поле – знаходіцца за вуліцай Бярозаўскай, у бок вёскі Сакалова. На гэтым полі стаялі хутары, самы большы кавалак зямлі належаў То́ччысе, (вясковая мянушка).

У Гра́бах – частка тэрыторыі за школай. Да 2000-х гадоў тут было шмат старых грабаў, якія былі пасаджаны каля панскага маёнтка. Да нашага часу там захавалася толькі шэсць дрэваў.
Углы́ – так называліся хутары перад вёскай Наво́е, з правага боку. Углы́ таму, што гэта канец вёскі і хутары былі ў самым вуглу.
Складальнік: Святлана Мікалаеўна Пунько, бібліятэкар Стрыгінскай сельскай бібліятэкі



