Бам —мясцовая назва аўтамабільнай магістралі рэспубліканскага значэння «Варшава — Масква». Маштабы будаўніцтва дарогі нагадвалі будаўніцтва БАМа, адсюль і назва. Магістраль будавалася да Алімпіяды ў Маскве (1980 г.), таму яе яшчэ называюць Олімпі́йкой.
Гравійная дарога за Горскам праз тры кіламетры выведзе на мост; каля маста ўлетку раней узнікаў часовы стыхійны гандаль: мясцовыя жыхары прадавалі ягады, грыбы праезджым (казалі: «Дзе быў? — На Баме грыбы (ягады) прадаваў»).
Былы вадзіцель калгаса «Прагрэс» Мікіціч А. М., жыхар нашай вёскі, які ўдзельнічаў у будаўніцтве гэтай магістралі, успамінаў, што дарожнікі ў асноўным самі спраўляліся з будаўніцтвам дарогі. Звярталіся за дапамогай у калгас толькі, каб вазіць пясок, які бралі з Горскай горкі (дарэчы, вельмі пясчанай). Тая ў выніку ператварылася ў кар’ер, які напоўніўся чыстай і празрыстай вадой. Некалькі дзесяцігоддзяў кар’ер выкарыстоўваўся як вадаём для купання, рыба таксама вадзілася. На сучасны момант кар’ер зацягнуўся ілам, зарос і нагадвае балота. Вакол кар’ера разросся лясок, які вельмі аблюбавалі грыбнікі.
Валя́ка — месца каля ЛЭП побач з дарогай у Падкраічы, мясцовая назва паляны, дзе горскія дзеці любілі затрымацца («паваляцца») па дарозе з Падкраіцкай школы дамоў.

Ві́нец — сучасная назва некалі вядомай невялікай рачулкі Вынья. Мікратапонім, дакладней, гідронім Вынья абазначае паляну ў лесе. А згодна легендзе аб паходжанні назвы вёскі Рыгалі, расказанай Надзеяй Пятроўнай Проц, рака Вынья сапраўды працякала праз лясную паляну. Па словах старажылаў, на ёй былі раней пясчаныя перакаты і бяздонныя віры. Яна была крывой, рыбнай і вельмі чыстай. Па сённяшні дзень дзеці не ўяўляюць свае летнія канікулы без Вінца. Сёння гэта канал, праз які праходзіць шашэйная дарога, што злучае вёску Падкраічы з вёскай Горск. Слова Вынья не ўпамінаецца зусім, толькі старажылы называюць канал Вы́нэц.
Вэсё́лэ — прыбрэжжа канала Вінец з боку лесу каля Падкраічаў, арэхавая паляна, ад якой зыходзіла сонечнае святло: прырода тут нібы смяялася.
Дама́нскі — поле на захад ад Падкраічаў на краю былых зямель калгаса «Прагрэс», акружанае з трох бакоў равамі, нібыта востраў Даманскі на Далёкім Усходзе. Назва ўзнікла пасля ўзброенага канфлікту на востраве паміж КНР і СССР у 1969 годзе.
Де́тскій Са́дік — адзін з самых маладых мікратапонімаў вёскі Падкраічы — будынак дзіцячага садка, які цяпер з’яўляецца прыватнай уласнасцю, а жыхары працягваюць называць яго па першаму прызначэнню.
До́мікі — двухпавярховыя дамы па вуліцы Камуністычнай.
Доро́га ў Сад — дарога да калгаснага саду, які ўжо выкарчаваны, зараз гэта перавулак Садовы.
Журавэ́ль —поле за Падкраічамі ад лесу да вёскі Обеч, якое здалёк формай нагадвае птушку.
Загумэ́нне — тэрыторыя «за гумнамі» — зараз перавулак Саўгасны (мікратапонім не ўжываецца).
Зе́ньчынэ По́ле — паўночная частка аграгарадка Падкраічы, забудаваная пасля вайны. Назва, якая пайшла ад імя ўладальніка поля, зараз не ўжываецца жыхарамі вёскі.
Капралё́вы Пляц — былая сядзіба Якаўчыца па прозвішчу Капраль. Некалі гэта быў канец старой вёскі, зараз на гэтым месцы знаходзіцца дом № 17 па вуліцы Леніна. Мікратапонім ужо не ўжываецца.
Ко́ло Вэ́рбы — месца каля хутара Тяра (Тяр — прозвішча гаспадара хутара) за Коша́рою, безыменная магіла чырвонаармейцаў. Мясцовыя жыхары ўспаміналі, што на другі дзень Вялікай Айчыннай вайны на полі быў жорсткі бой. З падбітага палаючага танка выбраліся трое танкістаў і, адстрэльваючыся, хацелі замаскіравацца за пабудовамі хутара, але ім гэта не ўдалося. Патроны скончыліся, і танкісты сталі лёгкай мішэнню для фашыстаў, якія ва ўпор расстралялі адважных салдат. Рызыкуючы сваім жыццём, Кугач Рыгор, свёкар Кугач Валянціны Мацвееўны, 1932 г.н., разам з іншымі хутаранамі па-людскі пахавалі танкістаў. Маці Тяра пасадзіла на магіле вярбу. Магіла была ніяк не абазначана, але ўсе ведалі: чырвонаармейцы ляжаць тут, Ко́ло Вэ́рбы.
За хутарам Тяра ляжала калгаснае поле. Малады прыезджы аграном, не ведаючы, што за вярба расце на краі поля, вырашыў праверыць дзеянне новага ядахіміката менавіта на вярбе… Вярба памірала некалькі гадоў. Вясною праз чорную крону прабіваліся зялёныя парасткі, але да сярэдзіны лета засыхалі. Тяр па загаду маці спіліў мёртвы ствол. Вакол пня старая жанчына пасадзіла тры таполі. Магчыма таму, што таполя расце хутчэй за іншыя дрэвы. Прыжыліся ўсе тры. А месца гэтае так і звалі па-ранейшаму: Ко́ло Вэ́рбы.
Жыхары Горска і родныя той жанчыны-хутаранкі былі ўпэўнены, што Ко́ло Вэ́рбы захавалася салдацкае пахаванне. Юныя следапыты Падкраіцкай базавай школы звярнуліся ў Бярозаўскі ваенны камісарыят з просьбай правесці даследаванне таго месца, нягледзячы на тое, што былы старшыня Малецкага сельскага Савета Жуковіч Віктар Фаміч упэўнена сцвярджаў аб перапахаванні астанкаў чырвонаармейцаў у брацкую магілу ў вёсцы Падкраічы. У чэрвені 2005 года Віцебскі пошукавы батальён на працягу двух дзён ажыццяўляў раскопкі месца магчымага пахавання. Былі знойдзены салдацкая біклажка і металічныя рэшткі рамня. Адмоўны вынік — таксама вынік. Значыць, перапахаванне невядомых савецкіх салдат было зроблена ў 1965 годзе да 20-годдзя Вялікай Перамогі.
Ко́пчыхін ху́тор — зараз поле адразу за вёскай, побач з якім знаходзіўся калгасны сад. Мікратапонім не ўжываецца.

Королё́ва Гора́ — бадай, самая старажытная мясцовая назва-мікратапонім. Паданне пра Королё́ву Гору́ расказала Сяргейчык Алена Васільеўна, а ёй расказаў яе бацька Дземасюк Васіль Максімавіч, 1925 г.н., якому гэтае паданне, у сваю чаргу, паведаміў яшчэ яго дзед. Згодна з паданнем, атрад польскага караля Стэфана Баторыя ехаў на Маскву. Шлях быў доўгі і цяжкі. Трапіўся ваярам рэдкі невялікі лясок з пагоркам і разбілі яны свае шатры на гэтым месцы, пераначавалі, адпачылі ды рушылі далей да Масквы. Хто толькі ні шукаў там клад, які, верагодна, быў пакінуты воінамі Баторыя, калі не імі, то воінамі нейкага іншага не менш важнага палкаводца (так лічылі старажылы). Рыў там сваёй рыдлёўкай і сам Васіль Максімавіч, як гэта рабілі да яго і пасля яго… Праўда, у апошні час капаць перасталі, а вось металашукальнікамі хто-ніхто і спрабуе свайго шчасця. Пакуль ніхто нічога так і не знайшоў, альбо знайшоў і не прызнаецца… А вось узімку, як і многа-многа гадоў таму, дзеці навакольных вёсак абавязкова ладзяць паход на Королё́ву Гору́, каб з вецярком спусціцца з яе вяршыні. Раней спускаліся з лыжамі, а ў апошні час на санках ці проста на плёнцы. Іншая версія паходжання назвы Королё́ва Гора́ змешчана ў кнізе «Сакральная геаграфія Беларусі». Згодна з легендай, некалі пастушкі гулялі тут у вайну і выбіралі сабе караля. Потым яны нахілілі бярозу і прывязалі да яе хлопчыка-«караля». Аж тут у статак уварваўся воўк. Дзеці забыліся на свайго «караля» ды кінуліся ратаваць жывёлу. Калі ж вярнуліся да бярозы, то ўжо бядак той быў нежывы. Пастушкі доўга плакалі і гаравалі, а з таго і вырасла гара.
Коша́ра —мікратапонім, які мае ўнікальную і багатую гісторыю, пераплятаецца з іншымі мясцовымі назвамі, а ўжываецца на дадзены момант надзвычай вузка: месца, дзе некалі ў 60-я і 70-я гады мінулага стагоддзя было бульбяное поле, а пазней — паша і месца, дзе ўтрымлівалі ў загарадцы цялят. А вось сапраўдная яго гісторыя такая… Коша́ру пабудавалі ў 20-х гадах палякі, пасялілі ў ёй дарожнага рабочага з сям’ёй, каб добра сачыў за дарогай. Уздоўж выдзелілі яму ўдоваль зямлі пад сад-агарод, далі каня. Кошарэц успрымаўся людзьмі навакольных вёсачак (Горск, Пасталова, Грыцэвічы, Рыгалі і Падкраічы) як чалавек казённы, «недзерэвенскі», немужык, яго багатая сядзіба выклікала ў многіх зайздрасць.
Апошні гаспадар Коша́ры дарожны майстар Карповіч Мікалай Сямёновіч, калі выйшаў на пенсію, вымушаны быў па распараджэнні дарожнага начальства (ужо савецкага) пакінуць казённую жылплошчу і пасяліўся ў вёсцы Пасталова, а Коша́ра засталася нежылой. Новага дарожнага рабочага не прыслалі, дом з цягам часу пайшоў на дровы, баня правалілася сама, сад адзічаў…
Крыво́шын — новая частка вёскі, пабудаваная ў 60-80-я гады мінулага стагоддзя на месцы больш старажытнага мікратапоніма Зе́ньчыного По́ля. Назва дадзена карэннымі жыхарамі вёскі, якія адносіліся да прыезджых (вядома, не да ўсіх) не надта прыязна: нетутэйшыя не ведалі мясцовых традыцый, былі вельмі шумныя, свавольныя, адным словам, «крывошынцы».
Майда́н — поле пад укос травы за калгасным садам (ужо выкарчаваны), раней на гэтым месцы размяшчаўся вялікі загон для цялят, якіх утрымлівалі тут у цёплы перыяд.
Подкра́ецкі Го́ры — узгоркі лесу перад каналам Вінец.
Подкра́ецкі мост — мост праз канал Вінец.
Полько́ — невялікае поле паміж Падкраічамі і каналам Вінец.
Пружа́ны — хлявы вяскоўцаў, якія пражываюць у трохпавярховых дамах, вынесеныя за вёску ў бок горада Пружаны. «Схадзіць у Пружаны» азначала схадзіць управіцца (дагледзець свойскую жывёлу). Некаторыя тлумачаць такую назву няблізкай адлегласцю гаспадарчых пабудоў ад дамоў: «управіцца, як у Пружаны схадзіць».

Прэзідэ́нцкіе До́мікі—дамы, якія пабудаваны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады, калі ў краіне было намечана стварэнне каля паўтары тысячы аграгарадкоў —добраўпарадкаваных населеных пунктаў з усімі неабходнымі аб’ектамі вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры для забеспячэння камфортнага жыцця сельскіх працаўнікоў. Пяць прэзідэнцкіх домікаў ушчыльную падыходзяць да будынка былой школы з левага боку. Усе аб’екты знаходзяцца на Зе́ньчыным По́лі.
Рыгалё́вскі Го́ры— узвышанасць паміж вёскамі Рыгалі і Падкраічы.

У Луг — зараз невялікая сажалка, у якой штучна разводзяць рыбу аматары рыбнай лоўлі, а раней, па ўспамінах старажылаў, жанчыны хадзілі У Луг, каб праць бялізну, бо вада была надзвычай чыстаю. Мікратапонім у наш час не ўжываецца.
Фазэ́нда — яшчэ адна назва гаспадарчых пабудоў вяскоўцаў, якія пражываюць у трохпавярховых дамах. У 80-я гады існавала ўсеагульнае захапленне бразільскімі і мексіканскімі серыяламі, вось і ўзялі адтуль гэтую назву. Так і прыжыліся два мікратапонімы да адной мясціны: Фазэ́нда і Пружа́ны.

Шы́кова Ву́лыца — частка вуліцы Камуністычнай, вуліца катэджаў, пабудаваных яшчэ ў 60-я гады, дзе знаходзіўся дом дырэктара саўгаса «Прагрэс» Сцяпана Андрэевіча Шыка, на працягу звыш дваццаці гадоў нязменнага кіраўніка гаспадаркі. Дзякуючы яго кіраўніцтву вёска Падкраічы, а зараз аграгарадок, набыла такі сучасны выгляд. Яго галоўная заслуга перад людзьмі заключаецца ў тым, што ў пачатку 70-х гадоў вёскі Падкраічы, Горск, Пасталова, Грыцэвічы, Рыгалі і Залужжа былі газіфікаваны. Юныя следапыты школы рабілі намаганні афіцыйна перайменаваць Шы́кову Ву́лыцу ў вуліцу імя С. А. Шыка. Мясцовыя ўлады спаслаліся на недастатковасць сродкаў фінансавання, а нанесці імянную шыльду на дом, дзе жыў Шык С. А., не дазволілі новыя ўладальнікі дома. Так і жыве Шы́кова Ву́лыца ў народзе…
Складальнік: Святлана Сцяпанаўна Русаковіч, бібліятэкар Падкраіцкай сельскай бібліятэкі
Спіс выкарыстанай літаратуры:
- Карповіч, М. Мікратапонімы нашай мясцовасці і іх лёс : [даследчая краязнаўчая праца навучэнцаў] / Мікіта Карповіч, Настасся Карповіч ; кіраўнік Н. В. Антановіч ; ДУА «Падкраіцкая базавая школа». — Падкраічы, 2019. — 50 с.
- Козлович, А. Если бы да кабы : автобиоэколографический роман / Анатолий Козлович. — Минск : Мастацкая літаратура, 1994. — 239 с.: ил.


