Міжлессе: як многа гавораць нам родныя назвы…

Нашы продкі былі та­кімі кемлівымі і назіральнымі, што ўмелі жывым словам даць назву пэў­най мясціне: лугу, полю, сцяжынцы, узгорку. Усё мела свае назвы, кожная з іх  была «гаваркая», за­па­мінальная, адметная. Гэтыя назвы жывуць  і цяпер, нягледзячы на зменлівы час, «гавораць» аб розных падзеях, якія адбываліся на нашай зямлі, аб людзях, якія тут жылі.

ПАХОДЖАННЕ НАЗВАЎ ВЁСАК, УВАХОДЗЯЧЫХ У СКЛАД ААТ «МІЖЛЕССЕ»

БАТАРЭ́Я — назва вёскі не зусім звычайная для нашых мясцін. Паводле ўспамінаў старажылаў,  сваю назву Батарэя атрымала як спадчыну ад Першай сусветнай вайны, калі тут на вале стаялі гарматы.

ЕЛЯНО́ВА — назва, вытворная ад імя Алена.

КАСЦЮКІ́ — назва, вытворная ад прозвішча Касцюк, Касцюкоў, Касцюковіч ці  ад уласнага асабовага імя  Касцюк (вуснамоўная форма царкоўнага імя Константин).               

МАЦВЕ́ЕВІЧЫ — назва ўтворана ад імя Мацвей.

МІЖЛЕ́ССЕ — паселішча, размешчанае  ў лесе або паміж ляснымі масівамі. 

МІХАЛІ́НАК — назва ўтворана ад імя Міхаіл.                     

СТА́ЎКІ — у аснове назвы тэрмін стаў —  сажалка, месца каля сажалкі. Згодна з мясцовым паданнем,  вёска Стаўкі таксама мае назву, звязаную з Першай сусветнай вайной. Быццам у тыя часы тут знаходзілася стаўка расійскай арміі.  Частае ў  гэтай вёсцы прозвішча — Гарматны. Па-руску гармата — артиллерийское орудие, а гарматны — человек из орудийного расчета.

СУДЗІ́ЛАВІЧЫ — назва, вытворная ад прозвішчаў Судзіла, Судзілавіч.

МІЖЛЕССЕ І ВАКОЛІЦЫ
(ЛЕГЕНДЫ)

Мала хто цяпер ведае, што вёска Міжлессе, а цяпер аграгарадок, практычна да сярэдзіны мінулага стагоддзя мела яшчэ адну назву — Лёўкавічы. Пра гэтую назву ёсць  рамантычная легенда. Калісьці бабулі распавядалі сваім унукам, што жыў сярод лясоў і балот добры пан. Добра ставіўся да сялян, парабкаў, заўсёды своечасова аддаваў іх заробак. А перад смерцю падзяліў усе землі, якімі валодаў, паміж сваімі дзецьмі. І папрасіў людзей замацаваныя за спадкаемцамі паселішчы назваць іх імёнамі. Так і павялося: назва вёскі Елянова пайшла ад імя Алена, Мацвеевічы — ад Мацвея, Касцюкі — ад Кастуся,  Міхаілу дасталася вёска Міхалінак, а Марку — Маркавічы. Вёску ж, у якой размяшчаўся панскі двор, пан адпісаў свайму старэйшаму сыну па імені Леў або Лёва. І атрымала яна назву Лёўкавічы. А так як паселішча гэтае было з усіх бакоў акружана лесам, то людзі пачалі называць яго Міжлессе.

Існуе яшчэ адна легенда аб паходжанні назваў  вёсак, размешчаных каля Міжлесся. Кажуць, што міжлескі пан Кавалеўскі заможны быў чалавек. Шчодра плаціў сялянам за працу ды за прадукцыю з іх падворкаў. Але сыр і масла браў толькі ў самых акуратных і ахайных гаспадынь. Жывучы сярод лясоў, пан прыкупляў навакольныя землі, а яшчэ вельмі клапаціўся пра сваіх дзяцей. Усіх пасяліў побач, вылучыў кожнаму добрыя землі і сялян. Ды так любіў сыноў і дачок, што іх надзелы называў дарагімі яму імёнамі. Вось і атрымалася, што Канстанцін у Касцюках, Марк у Маркавічах, Мацвей у Мацвеевічах. А імёны дачок далі пачатак да аснавання  вёсак Міхалінак, Елянова і Паўлінава. Вотчына дачкі Паўліны з гадамі знікла. А вось вёскі дачок Алены і  Міхаліны жывыя да гэтага часу.

І хоць гэтыя прыгожыя легенды не маюць дакументальнага пацверджання, калісьці было агульнапрынятай практыкай называць новыя паселішчы,  зыходзячы з імя,  прозвішча ці мянушкі  яго заснавальніка.

МІКРАТАПОНІМЫ ВЁСАК
МІЖЛЕССЕ, ЕЛЯНОВА, КАСЦЮКІ, СУДЗІЛАВІЧЫ

Мікратапонімы— назвы невялікіх прыродна-геаграфічных аб’ектаў (палёў, лугоў, лясоў, крыніц, узгоркаў, дарог і інш.), што знаходзяцца на пэўнай тэрыторыі і вядомыя вузкаму колу жывучых там  людзей.

ВЫ́ПАЛЕНЫ ЛУГ —урочышча, дзе здабывалі торф, там часта здараліся пажары і выгарала ўся расліннасць,  адсюль і назва. Знаходзіцца каля вёскі Елянова. 

ГА́ЛА —лес каля вёскі Міжлессе, багаты на грыбы і ягады.  

ГРУДО́К —невялікае ўзвышша ў вёсцы Судзілавічы (у раёне дамоў №№ 24–26 па вуліцы Якуба Коласа), на якім мясцовыя жыхары збіраліся летам на вячоркі.

ГУ́СОВ —урочышча  за  Міжлессем  у  напрамку  вёскі  Ястрабель, 

былы хутар, дзе гаспадары трымалі многа гусей.

ДВУ́РНЯ —месца ў вёсцы Міжлессе, дзе знаходзіўся  маёнтак (двор) роду Барэйшаў. Акрамя жылога дома і гаспадарчых пабудоў, там знаходзіліся гімназія і капліца.

ДВУ́РНЯ —месца ў Судзілавічах (у раёне дамоў №№ 30–39) па вуліцы Кастрычніцкай, дзе знаходзілася сядзіба (двор) заможнага пана.

ДЫ́КОВА ГОРА́ —узвышша каля вёскі Елянова, дзе раслі грушы-дзічкі.

ЗАКОБЫ́ЛЛЕ — лес каля дарогі з Міжлесся ў Судзілавічы.

ЗАМУ́ЛЯНА ГУ́ЛЫЦА —дарога ў вёсцы Елянова, з аднаго боку вуліцы былі хаты, а з другога цягнулася Цягля́. У непагоду па гэтай дарозе цяжка было прайсці ці праехаць, столькі было гразі (мулі).

КАЗАКСТА́Н —поле каля вёскі  Міжлессе, вялікае, нібы Казахстан, адсюль і назва.

КРЫЖЫВЫ́Е ДОРО́ГІ —перакрыжаванне дарог непадалёку ад вёскі Елянова, адна дарога вяла з Міжлесся, другая — з Елянова. На перакрыжаванні дарог  стаяў камень і маладыя пары, якія ехалі па еляноўскай дарозе на вянчанне ў Міжлескую царкву, не саступілі   адна  адной дарогу і разбіліся.

НЫВДО́БКА —поле каля вёсак Елянова і Касцюкі, дзе спакон веку нічога не расце.

ПОТАРНЫ́ЦА —узвышанасць непадалёку ад Елянова і Касцюкоў, на якой летам, калі стаіць спякота,   выгарае ўся трава.

ПЫРХАЛЁ́ВО —луг каля невялікага возера з вельмі чыстай і празрыстай вадой.  Знаходзіцца паміж Міжлессем і Касцюкамі. З ранняй вясны мясцовыя жанчыны выбельвалі ў прыазёрнай вадзе вытканыя за зіму льняныя ці зрэбныя палотны.

ЦЯГЛЯ́ — нізінная мясцовасць з сажалкай і раўком уздоўж Заму́лянай  Гу́лыцы ў вёсцы Елянова.


Спіс выкарыстанай літаратуры:

  • Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск : Издательство БГУ, 1974. — 448 с.
  • Карпеш, Р. Михалинок / Розалия Карпеш // Маяк. — 2004. — 29 сентября. — С.  3.
  • Карпинчик, В. Междулесье. А может, Лёвковичи? / Василий Карпинчик //  Маяк. —  2017. —  19 августа. —  С. 6.
  • Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць : навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. —  Мінск : Литература и Искусство, 2008. — С. 191.
  • Шыманскі, М. Вечны паклон : нарысы / Міхаіл Шыманскі. —  Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. —     С. 70–71.

Складальнік: Ніна Іванаўна Селівончык, бібліятэкар Міжлескай сельскай бібліятэкі

Дапамогу ў зборы мікратапонімаў аказалі Алена Васільеўна Грыцук, Раіса Васільеўна Мікіціч, Ала Уладзіміраўна Цімашук  з вёскі Міжлессе, Надзея Аляксандраўна Хлявінская з вёскі Судзілавічы і інш.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *