“Малеч – назва ўтворана ад асновы мал (малы, невялікі). Малеч– бытавая назва дзяцей-малалетак; тыповая старабеларуская прыказка: “А ў хаце адна малеча ды галеча”.
Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии.[1]
Першае ўпамінанне аб мястэчку Малеч адносіцца да 1427 года, калі з дазвалення вялікага князя Вітаўта тут засноўваецца праваслаўны прыход. У 1645 годзе кароль Уладзіслаў IV пераўтварыў сяло ў горад і даў яму Магдэбургскае права. Тады ж Малеч атрымаў і свой герб, на якім Святы Пётр трымае ключы, а на левым яго плячы сядзіць певень.
Паводле легенды, калісьці ў гэтай мясцовасці жылі бацька і тры сыны. Пасталеўшы, два сыны сышлі з дому, а трэці застаўся прыглядаць за састарэлым бацькам. Паміраючы, бацька з жалем сказаў сыну: «Эх, малеч, ты мая малеч». Адсюль і пайшла назва вёскі.
Існуе паданне аб тым, што сваёй назве Малеч абавязаны маленькай славянскай вёсачцы, закінутай сярод балот, і ў даўнія часы гэтым маленькім сяльцом валодаў багаты чалавек Мал, празваны так за свой маленькі рост. Назву вёскі Малеч у даўнія часы пісалі як «Малч», што азначае “зямля, якая належыць Малу”. Імя Мал у старажытнасці было даволі распаўсюджанае. Старажылы вёскі распавядалі, што паселішча першапачаткова было на паўднёвай ускраіне цяперашняга, на больш узнёслай мясцовасці. А двор Мала быў за вёскай па дарозе на ўрочышча “Ямнік”.[2]
Яшчэ расказваюць, што калісьці быў у гэтых месцах невялікі хутар на некалькі хацін, дзе жылі працавітыя, шчырыя сем’і. Але як ні працавалі яны, як ні стараліся, не шанцавала ім. Усё нейкія беды здараліся: то маланка свіран падпаліць, то паморак усю жывёлу знішчыць. Што толькі не спрабавалі рабіць мясцовыя жыхары, якія толькі ахвяры не прыносілі суровым багам, не паварочваліся яны тварам да людской бяды.
У той цяжкі час нарадзіўся ў адной сям’і хлопчык. Бацькам бы радавацца, а яны плакалі, бо вельмі ж кволым ды слабенькім ён рос. Праўда, сталі заўважаць, што хлопчык не па гадах задуменны, уважлівы, разважае неяк па-даросламу. Працаваць ён не мог, затое праявіўся ў яго дар празорлівасці. Стаў ён вяскоўцаў папярэджваць аб розных бедах, каб яны рыхтаваліся загадзя да засухі, марозаў ці пажару.
У той час павадзіўся нехта падпальваць людзям свіраны са збожжам. Хлопчык папярэдзіў аб наступным падпале і параіў лепш пільнаваць пабудовы. Доўга сядзелі вяскоўцы ў засадзе, але ж злавілі такі злыдня. Вельмі здзіўляліся бацькі і суседзі: «Трэба ж, хоць і малеч, а разумнейшы іншага дарослага будзе. Берагчы такога хлопчыка трэба». Адтуль і вёска Малеч празвалася, бо той прадказальнік у ёй усё жыццё пражыў і пахаваны тут жа.[3]
[1] Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 221.
[2] Кенда, А. Малечская хроника (1427 – 1941) / Александр Кенда. – Брест : Альтернатива, 2012. – С.10.
[3] Брэстчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1995. – С. 71-75. – (Мой родны кут).

