Майстар народнага рамяства: Уладзімір Фёдаравіч Журко

Калі чалавек мае творчую душу, працавітыя рукі і шчырае сэрца, яму ніколі не бывае сумна. Творчасць натхняе яго на новыя ідэі, рукі ўвасабляюць гэтыя ідэі ў жыццё, а добрае сэрца як магніт прыцягвае да сябе іншых людзей, каб падзяліцца з імі сваім майстэрствам. Такім сапраўдным народным майстрам у нашай вёсцы Равяцічы з’яўляецца Уладзімір Фёдаравіч Журко. Ён валодае вельмі старадаўнім і рэдкім па цяперашнім часе майстэрствам – вырабам карзін з асінавай дранкі.

Калі вы сабраліся ў лес, то не знойдзеце лепшай пасудзіны для грыбоў і ягад, чым карзінка з асіны, у ёй не прэюць грыбы і не злёжваюцца ягады, таму што асіна не дае развівацца цвілі, трымае жорсткую форму, забяспечвае доступ паветра. Вашы лясныя трафеі не страцяць сваіх вітамінных і смакавых якасцей, а лёгкая вага карзінкі не стоміць вашых рук падчас лясной вандроўкі.                                                                   

Нарадзіўся Уладзімір Фёдаравіч у 1951 годзе ў вёсцы Галіцы. Гэта быў цяжкі пасляваенны час, паўсюдна панавалі бяднота і разруха, людзі выжывалі як маглі. У свае няпоўныя дзесяць гадоў Уладзімір Фёдаравіч пайшоў працаваць у калгас за працадні, без аплаты. А трэба было за нешта купляць такія неабходныя рэчы, як мыла, соль, цукар, запалкі. Вось тады бацька Уладзіміра Фёдаравіча, будаўнік па прафесіі, вырашыў заняцца дадатковым промыслам – вырабам карзін з дранкі.

Вопыт ён пераняў у майстроў з вёскі Мінкі, а потым перадаў яго сваім дзецям. Дзеці ўдзельнічалі ў нарыхтоўцы матэрыялу для работы, гэта самы важкі і працаёмкі працэс. Дзеля таго, каб атрымаць якасны выраб, трэба спачатку знайсці спелую асіну, дранка з маладых дрэў для гэтага не падыходзіць. Дуплаватае дрэва таксама нельга выкарыстоўваць. Наганяць дранку лепей утрох: двое цягнуць гэбель, а трэці кіруе гэтым інструментам. Каб зрабіць дужачку да карзінкі, трэба таксама валодаць тэхналагічнымі сакрэтамі, інакш яна будзе ламацца.

Не думаў Валодзя, што гэтае бацькоўскае майстэрства стане яго любімым заняткам у жыцці. Пасля школы ён скончыў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум і па размеркаванні паехаў працаваць у Ганцавіцкі раён, але пасля адпрацоўкі вярнуўся ў родныя мясціны. Працаўладкаваўся спачатку шафёрам, потым інструктарам па кіраванні трактарамі, майстрам вытворчага навучання ў школе.

Працуючы ў школе, пачаў асвойваць разьбу па дрэве, многа цікавых  разьбяных вырабаў было зроблена яго рукамі. Выконваў вырабы з бяросты, рабіў карзіны.

Вялікую частку свайго жыцця Уладзімір Фёдаравіч прысвяціў школе, працоўнаму навучанню маладога пакалення. Дзеці любілі яго ўрокі, з задавальненнем хадзілі ў гурткі рамеснай творчасці. За гады  працы ён выхаваў многа маладых людзей, якія пайшлі ў вялікі свет з пачуццём павагі і ўдзячнасці да свайго настаўніка. Уладзімір Фёдаравіч памятае кожнага свайго вучня, ганарыцца іх поспехамі.

З асаблівай цеплынёй ён расказвае пра сваіх дзяцей і ўнукаў, якія раздзяляюць яго любоў да рамяства, яны перанялі яго майстэрства, дапамагаюць нарыхтоўваць дранку.

Уладзімір Фёдаравіч прымае актыўны ўдзел і ў творчым жыцці раёна, ён з’яўляецца ўдзельнікам раённага народнага клуба майстроў народнай творчасці «Суквецце» пры Дзіцяча-юнацкім спартыўна-эстэтычным цэнтры. Неаднаразова ездзіў у Моталь і Пружаны праводзіць майстар-класы.

Кожны год удзельнічае ў выставах-продажах на абласных святах «Дажынкі». Яго работы знаходзяцца ў экспазіцыі Бярозаўскага цэнтра рамёстваў, экспанаваліся на прэстыжным рэспубліканскім фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску.

У нашай вёсцы амаль кожны чалавек ведае Уладзіміра Фёдаравіча Журко, яго любяць і паважаюць землякі за майстэрства, дабрыню і сціпласць. Гледзячы на Уладзіміра Фёдаравіча, разумееш, што сапраўднае багацце чалавека – у яго працавітых руках.


Выкарыстаная літаратура:

  • Осипова, В. Редкое ремесло / Валентина Осипова // Маяк. — 2017. — 17 июня. — С. 4.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *