Родная вёска… Самая лепшая, самая гасцінная, самая светлая. Менавіта тут самае высокае неба і самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і самыя зялёныя сенажаці, самая блакітная рэчка Дарагабуж і самае прыгожае возера Чорнае… Па-свойму прыгожыя і багатыя нашы мясціны. А галоўнае – людзі тут добрыя, працавітыя, шчырыя і спагадлівыя. Яны ведаюць усе зямныя сакрэты, чуюць, як дыхае зямля, сагрэтая сонечнай ласкай, аб чым шапоча сонца на досвітку…

І менавіта ў такім куточку – вёсачцы Хрыса – 18 лістапада 1951 года нарадзілася Ніна Несцераўна Бранковіч, якая на працягу мгогіх гадоў працавала ў жаночым вакальным квартэце «Купалінка» і ў Дзяржаўным народным хоры БССР, кіраўніком якога з’яўляўся Генадзь Іванавіч Цітовіч.
Творчае крэда «Купалінкі» – адраджэнне і прапаганда нацыянальнага народна-песеннага мастацтва. Квартэт «Купалінка» – прызнаны майстар вакальнай культуры, лаўрэат усесаюзных і міжнародных конкурсаў і фестываляў, уладальнік залатых медалёў.
Нарадзілася Ніна Несцераўна ў сям’і Вольгі Канстанцінаўны і Несцера Раманавіча Бранковічаў. Маці была родам з вёскі Здзітава, а бацька – з Хрыса. Ён служыў у польскай арміі, калі пачалася вайна. У 1939 годзе атрымаў раненне ў нагу, якую прыйшлося ампутаваць з-за гангрэны, калі яму было ўсяго 24 гады. Пасля вайны бацька не атрымаў пенсіі, таму што быў салдатам польскай арміі. Сям’і Бранковічаў жылося вельмі цяжка. Маці Ніны Несцераўны падпрацоўвала шыццём, а бацька ездзіў на заробкі ва Украіну, таму што, акрамя Ніны, у сям’і было яшчэ трое дзяцей: браты Дзмітрый і Васіль і сястра Марыя. У 1957 годзе згарэў іх дом і жыць стала яшчэ цяжэй, бо трэба было яго адбудоўваць ізноў.
У 1964 годзе памёр бацька Ніны Несцераўны, маці засталася адна з чатырма дзецьмі. Старэйшы брат Васіль у той час служыў у арміі, а сястра Марыя пайшла працаваць на Бярозаўскую ДРЭС, таму што трэба было выплачваць пазыку, якую бацька ўзяў, каб адбудаваць дом пасля пажару. Ніна Несцераўна ў той час ужо вучылася ў Хрысаўскай базавай школе. Яна была вельмі здатнай да вучобы і прыгожа спявала. Гэты дар ёй дастаўся ад маці, якая да вайны спявала дзесяць гадоў у хоры Здзітаўскай царквы.
Заўважыўшы здольнасці Ніны і тое, як цяжка жывецца гэтай сям’і, завуч школы Уладзімір Міхайлавіч Бухавец прапанаваў ёй вучыцца ў Косаўскай школе-інтэрнаце. Ніна адразу згадзілася на яго прапанову, з сёмага па дзясяты класы яна вучылася ў інтэрнаце. Настаў час выбраць будучую прафесію і, наогул, тую дарогу, па якой прыйдзецца ісці па жыцці. І Ніна Несцераўна вырашыла звязаць сваё жыццё з песняй.
У 1969 годзе Ніна Бранковіч паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне па спецыялізацыі «Харавое дырыжыраванне». Вучыцца было цікава, хоць і цяжка. На чацвёртым курсе Ніна вырашыла паехаць у Мінск на праслухванне ў Дзяржаўны народны хор БССР. Праз нейкі час прыйшоў выклік на яе імя. І з верасня 1973 года Ніна Несцераўна Бранковіч пачала працу ў Дзяржаўным народным хоры БССР, а ў 1974 годзе стала яшчэ сумяшчаць працу ў квартэце «Купалінка». Нагрузка была вельмі вялікай, бо трэба было адпрацаваць чатыры-пяць гадзін у хоры, а потым дзве-тры гадзіны ў квартэце. У маі 1976 года загадам міністра культуры БССР Ніна Бранковіч была пераведзена ў квартэт «Купалінка» на пастаяннае месца працы.
У 1976 годзе ў «Купалінкі» з’явіўся новы партнёр па сцэне – квартэт стаў выступаць у праграмах фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Разам з калектывам Ніна Несцераўна пабывала на гастролях у Бельгіі, Японіі, Фінляндыі, Паўночнай Карэі, Швейцарыі, Германіі, Югаславіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і, канешне ж, калектыў аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз.
З жаночым вакальным квартэтам «Купалінка» працавалі кампазітары Л. Захлеўны, А. Рашчынскі, Ю. Корсак, Л. Смялкоўскі, К. Паплаўскі. У рэпертуар калектыву ўваходзілі такія народныя песні, як «Выйду я на двор», «Туман, туман, матушка», «Ах ты, сонцэ», «Цi ўсе дзеўкi выйшлі», «Каваль», «Кiну кужаль на палiцу», «Бабка Еўка, дзед Тумаш», «Добры вечар, калядка», «Садам за садам», «Жаваранак», «Гарэла сасна», «На гары царкоўка», «Кумачкi-галубачкi», «Барабаны б’юць», «Каля майго церама», «Зялёны гай» і іншыя.
У вакальны квартэт «Купалінка» ўваходзілі Надзея Баканава, Ніна Бранковіч, Надзея Гумянюк, Алена Цялькова. Мастацкім кіраўніком была Надзея Баканава.
У складзе квартэта Ніна Несцераўна зрабіла многа запісаў на радыё і грампласцінкі (выпусціла ўсесаюзная фірма грамзапісу «Мелодыя»). У 1983 годзе на беларускім тэлебачанні быў зняты фільм-канцэрт «Купалінка».
У 1987 годзе жаночы вакальны квартэт «Купалінка» быў пераведзены ў Беларускую дзяржаўную філармонію.
У 1992 годзе Ніна Несцераўна Бранковіч была ўдастоена звання заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь.
З 1997 года артыстка пакінула Беларускую дзяржаўную філармонію па выслузе гадоў і пачала працаваць самастойна як салістка.
Сапраўды, вельмі хутка бяжыць час. Ён адбірае маладосць і сілы, але яму непадуладныя шчырасць людскіх сэрцаў і чысціня душы. Зараз Ніна Несцераўна пражывае ў горадзе Мінску і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але часам яшчэ выступае на розных мерапрыемствах. Жыццё кожнага чалавека – гэта часцінка гісторыі дзяржавы і ўсяго чалавецтва. Асабліва калі ён быў адданы карыснай справе, роднай зямлі і народу.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
— Бранковіч Ніна Несцераўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 3 / рэдкал. : Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. — С. 243.
— Берестень, С. «Купалинка» [Электронный ресурс] : знакомства / Светлана Берестень // На завалинке : музыкальная соцсеть. — Кругозор. — 1978. — № 9 (6). — С. 8. — Режим доступа : https://tunnel.ru/post-vokalnyjj-kvartet-kupalinka-belorusskie-narodnye-pesni-chto-za#prettyPhoto
— Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт «Купалінка» [Электронны рэсурс] // Беларуская дзяржаўная філармонія. — Рэжым доступу : https://philharmonic.by/by/artists /zasluzhany-kalektyu-respubliki-belarus-falklorny-gurt-kupalinka
— Захарэвіч, Г. Свята вёскі «Вёсачка мая» [Электронны рэсурс] : сцэнарый свята / Ганна Захарэвіч // Сцэнарыі святаў на беларускай мове. — Рэжым доступу : http://xn--80azkbz6b.xn--80ahe1ag.xn--90ais/roznyja/svyata-vyoski-vyosachka-maya
— Лянок, А. Матчына песня [Электронны рэсурс] : верш / Алена Лянок // Беларуская паэзія. — Рэжым доступу : https://belarusy.net/alena-lyanok/matchyna-pesnya/
— Писатель и война : в Минске прошел творческий вечер к юбилею Кондрата Крапивы [Электронный ресурс] // БЕЛТА. — Режим доступа : https://www.belta.by/culture/view/pisatel-i-vojna-v-minske-proshel-tvorcheskij-vecher-k-jubileju-kondrata-krapivy-430786-2021/