Зінаіда Дудзюк

Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна — паэтэса, празаік, драматург, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1986 года.

Нарадзілася 29 сакавіка 1950 года ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. З 1960 года жыла ў горадзе Белаазёрску. Вучылася ў Белаазёрскай сярэдняй школе. З 1968 года жыве ў Брэсце.

Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве. Працавала інжынерам у праектным інстытуце, на Бярозаўскай ДРЭС,  метадыстам Бярозаўскага бюро экскурсій і падарожжаў, карэспандэнтам –арганізатарам у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР, на журналісцкай пасадзе ў абласной газеце “Народная трыбуна”, загадчыкам літаратурнай часткі Брэсцкага драмтэатра.

Літаратурным дэбютам сталі вершы, надрукаваныя ў красавіку 1967 года ў Бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма”. З 1976 года друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.

Зінаіда Іосіфаўна – аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, кніг мастацкай і дакументальнай прозы, у тым ліку раманаў, драматычных твораў і кніг казак для дзяцей, нарысаў і эсэ. На беларускую мову пераклала вершаваную казку Пятра Яршова “Конёк-Горбунок”, асобныя вершы ўкраінскіх і рускіх паэтаў. П’есы Зінаіды Дудзюк ставіліся на радыё, у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, Мінскім абласным драмтэатры, самадзейнымі тэатрамі і студыямі.

Зінаіда Дудзюк – лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2018), абласных прэмій “Берасцейская зорка – 1996”, “Пісьменнік года – 2004”, літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, міжнароднага конкурсу памяці К. М. Сіманава, літаратурнага конкурсу “Духоўная веліч” (2018) і інш.  Узнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» і інш.  

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *