
Вялікі камень-валун усталяваны ў кастрычніку 2013 года насупраць Свята-Мікалаеўскай царквы побач з тым месцам, дзе яшчэ ў XIX стагоддзі было адкрыта народнае вучылішча. Надпіс на шыльдзе абвяшчае: «150 лет тому назад в Чернякове был открыт первый образовательный местный центр: «…народное штатное училище, в нарочито устроенном доме с 1863 года…». Звесткі гэтыя ўзятыя з царкоўна-прыходскага летапісу Чарнякаўскай царквы, вядомай з 1725 года. А памяць аб першай установе адукацыі ў гэтай мясцовасці ўвекавечана па ініцыятыве ўраджэнца вёскі, вядомага краязнаўцы А. А. Гладышчука і старшыні СВК «Боркаўскі» (цяпер УП «Боркаўскае») М. І. Дземідовіча.
Камень вагой 10 тон ляжаў на беразе меліярацыйнага канала, спатрэбілася тры трактары, каб зрушыць яго і перавезці на новае месца. Быў прымацаваны памятны надпіс, праведзена падсыпка тэрыторыі. Аўтар тэксту – Анатоль Гладышчук, ён жа вырабіў таблічку за ўласныя сродкі.
Адукацыйны цэнтр уваходзіў у сістэму пачатковай школы ў Расійскай імперыі, знаходзіўся ў падпарадкаванні Міністэрства народнай асветы і дзейнічаў на падставе зацверджанага ў 1864 годзе Палажэння аб пачатковых народных вучылішчах. Згодна з Палажэннем уводзіўся адзіны навучальны план, які ўключаў Закон Божы, чытанне царкоўных і грамадзянскіх кніг, лік (чатыры арыфметычныя дзеянні), пісьмо і царкоўныя спевы.
З’яўленне ў Чарнякаве ачага ведаў паспрыяла далейшаму адкрыццю ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў школ у шэрагу населеных пунктаў Чарнякаўскай воласці: Горску (1884), Стаўках (1893), Судзілавічах (1895), Ястрабелі (1898), Борках (1903).


