Васіль Данілавіч Друшчыц (8.02. 1886 – 20.12. 1937)

Вучоны, гісторык, даследчык гісторыі Беларусі, правадзейны член Інстытута беларускай культуры, педагог. Нарадзіўся ў вёсцы Блудзень (Першамайская) у вялікай сялянскай сям’і. Ужо з малых гадоў у Васіля Данілавіча праявілася цяга да ведаў. Дзе толькі было магчыма, здабываў ён кнігі, асабліва цікавілі народныя паданні і легенды, апавяданні аб мужных людзях і гераічным мінулым.

У 1907 годзе В. Друшчыц скончыў школу і паступіў у Юр’еўскі (цяпер г.Тарту, Эстонія) універсітэт. Як жа сялянскі сын з мнагадзетнай сям’і (бацькі Даніла Ігнатавіч і Юлія Сазонцьеўна выхоўвалі 11 дзяцей) змог атрымаць вышэйшую адукацыю ў тыя часы? Бацька Васіля Данілавіча пад час руска – турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў прымаў удзел у баявых дзеяннях на Балканах, штурме перавала Шыпка і яго абароне ў зімовы час. За ўдзел у гэтай кампаніі Д.І. Друшчыц быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Пасля заканчэння вайны царскія ўлады дазволілі дзецям удзельнікаў вайны вучыцца на льготных умовах. Дзякуючы гэтаму Васіль змог паступіць ва ўніверсітэт, які паспяхова скончыў у 1911 годзе і пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі ў Літве.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, В.Друшчыц разам з сям’ёй апынуўся ў бежанцах. Вярнуўшыся, стаў выкладаць гісторыю ў Рэчыцкай і Бабруйскай гімназіях, чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі на летніх настаўніцкіх курсах.
З 1922 года выкладаў у Белдзяржуніверсітэце, з 1927 года – прафесар БДУ. На пытанне анкеты “На якіх мовах, акрамя рускай, размаўляеце, чытаеце і пішаце?” прафесар, які ведаў шэсць моў, коратка адказаў: “Чытаю на польскай, нямецкай і лацінскай мовах”. Васіль Данілавіч быў цікавым лектарам, добрым выкладчыкам. Сярод тых, хто з захапленнем слухаў яго лекцыі, былі будучыя вядомыя беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы Кузьма Чорны і Алесь Дудар, Язэп Пушча і Яўген Рамановіч, Андрэй Александровіч і Анатоль Вольскі.
Васіль Данілавіч пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну. І хоць не ўсе яго даследаванні былі апублікаваны, можна смела гаварыць аб значным укладзе вучонага ў развіццё беларускай навукі і культуры. Васіль Данілавіч вывучаў гісторыю беларускіх гарадоў у эпоху феадалізму. Сярод навуковых прац – “Места Мінск у канцы XV і пачатку XVI ст.” (1926г.), “Нарысы сацыяльна-эканамічнага жыцця места Навагрудка ў XVI ст.”(1927г.), “Войты і іх улада ў беларускіх гаспадарчых местах з майдэборскім правам” (1928г.).
Васіль Друшчыц быў адным з першых беларускіх гісторыкаў, якія вывучалі становішча беларускага сялянства ў эпоху феадалізму і распрацоўвалі тэму класавай барацьбы.
Друшчыц прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці БДУ і ўсёй рэспублікі. Ён быў членам праўлення БДУ, узначальваў камісію Інбелкульта па гісторыі гарадоў. У 1933 годзе прыехаў у Маскву, дзе працаваў прафесарам кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя А.І. Герцэна.
У 1937 годзе яго жыццё трагічна абарвалася ў выніку палітычных рэпрэсій. У 1958 годзе Васіль Данілавіч быў рэабілітаваны.

Некалькі слоў пра блізкіх Васіля Данілавіча Друшчыца. Яго сын Уладзімір быў прафесарам палеанталогіі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Ламаносава, дачка Ірына па адукацыі ўрач–неўрапатолаг. Яна ў свой час і перадала Бярозаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею фотаздымак бацькі і пісьмо з падзякай ад студэнтаў БДУ – удзельнікаў семінара па гісторыі Беларусі (1923 – 1927 гг.).

Спіс выкарыстанай літаратуры:
1. ДРУЩИЦ Василий Данилович // Мешечко, Е.Н. Путешествие по Беларуси : В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти / Е.Н.Мешечко. – Брест : Брестская типография, 2012. –С.286.
2. ДРУШЧЫЦ Васіль Данілавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя,1996. – С. 289.
3. ІОФЭ, Э. Летапісец айчыннай гісторыі / Эмануіл Іофэ // Гістарычная брама. – 2000. – № 1. – С. 2 — 5.
4. ІОФЭ, Э. Расстраляны ў Мінску… / Эмануіл Іофэ // Беларуская мінуўшчына. – 1996. — № 1. – С. 42 – 43.
5. ПУЦЫКОВИЧ, А. Помнит Берёза профессора Друщица / Анна Пуцыкович // Заря. – 1981. – 1 апреля.
6. ПУЦЫКОВИЧ, А. Профессор В.Д. Друщиц : наши земляки / Анна Пуцыкович // Маяк коммунизма. – 1987. – 7 мая. – С. 2.
7. РУСЕЦКІ, С. Асуджаны. Рэабілітаваны : [Друшчыц В.Д.] / С.Русецкі // Газета для вас. – 2000. – 14 – 20 красавіка. – С. 2.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *