У 2011 годзе па ініцыятыве мясцовага жыхара Міхаіла Філюты на скрыжаванні дарог каля праваслаўнага крыжа быў устаноўлены камень-валун з памятнай дошкай. Надпіс на ёй сведчыць, што па перапісе 1897 года ў вёсцы Лісічыцы Пескаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні пражывала 344 жыхары ў 58 дварах.
Вёска знаходзіцца на беразе возера Чорнае паміж вёскамі Альшэва і Хрыса. Адносіцца да Пескаўскага сельсавета, да 2013 года ўваходзіла ў склад скасаванага цяпер Белаазёрскага сельскага Савета. На жаль, колькасць насельніцтва ў Лісічыцах змяншаецца з кожным годам: 169 чалавек на 01.01.2021, 185 – на 01.01.2020, 192 – на 01.01.2019. У 2008 годзе тут жыло 270 чалавек.
Існуе некалькі версій паходжання назвы вёскі. Па адной з іх, назва пайшла ад прозвішча першапасяленца Лісіцы, распаўсюджанага на Беларусі яшчэ з XV стагоддзя, па другой – у гэтых месцах вадзілася шмат ліс. Жыхар вёскі Філюта Іван Віктаравіч (1910 г. н.) расказваў, што людзі сталі сяліцца тут, каля возера, каб пракарміцца рыбай. А непадалёку калісьці было пахаванне памерлых коней, у сувязі з чым у гэтых мясцінах развялося шмат лісіц, было вельмі многа лісіных нор. Таму паселішча і атрымала назву Лісічыцы[1].
Цікавую версію аб паходжанні назвы вёскі Лісічыцы ад славянскага племені лісічан выказала ў эпілозе гістарычна-прыгодніцкага рамана «Велясіты» пісьменніца Зінаіда Дудзюк.
Прыдарожны крыж, каля якога ўстаноўлены памятны знак, таксама мае сваю гісторыю. Калісьці тут было два крыжы, адзін састарэў і згніў, а другі ўлады загадалі спілаваць. У хуткім часе чалавек, які выконваў гэты загад, захварэў. А ў народзе бытуе глыбокая вера ў непазбежнасць пакарання тых, хто ўзняў руку на святы крыж. Паверыў у гэта і сам хворы і даў загад: крыж каля ў’езду ў вёску аднавіць, а той стары ўстанавіць каля могілак.
[1] Матэрыял прадастаўлены бібліятэкарам Хрысаўскай сельскай бібліятэкі Н.М. Філіпчук.