Складальнік: Лідзія Іванаўна Рудзьман, бібліятэкар Вайцяшынскай сельскай бібліятэкі
Бу́ды — лясны масіў з палянамі для кашэння травы на сена.
Выжары́ — вялікі луг з сажалкамі для купання і выпасу хатняй птушкі.
Вызло́жыны — тарфяное балота, дзе капалі торфабрыкет на мясцовае паліва, пасвілі жывёлу, збіралі ягады.
Гара́ва — лясное ўрочышча на ўзвышшы.
Гашчо́ўскае — месца для кашэння травы на сена.
Глі̃нкі — месца для капання гліны.
Гры́шаў — забалочаныя, тарфяныя мясціны, дзе ішла загатоўка торфабрыкету.
Доўгі́йэ — поле, якое вельмi доўга цягнецца.
Жыгуля́нка — рака, назва якой паходзіць ад літоўскай асновы «жыгіоті» — ісці, рухацца — «рухомая» рака. Ёсць яшчэ славянская версія: ад слова «жыжаль», што азначае «халодная», ад слова «жыжа» — вадкасць, вада. Іншая версія — ад назвы дахрысціянскага падземнага бога агню ў беларусаў — Жыжаль.
Забы́ты — на гэтым месцы былi пакараны смерцю два чалавекі.
Заша́лово — тэрыторыя паміж вёскамі Вайцяшын і Пескі.
Зверы́ніна — травяныя ўгоддзі для выпасу хатняй жывёлы.
Імшэ́чок — пясчанае ўзвышша, на якім жыхары Вайцяшына закопвалі на захоўванне гародніну: бульбу і буракі, таму што хаты былі пабудаваны ў нізкім месцы і ў дварах стаяла вада.
Камсамо́льск — месца ў лесе на ўскраіне вёскі Старыя Пескі, дзе да Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся ваенны гарадок.
Ко́панка — месца, дзе капалі вапну.
Кулё́ва — пясчаныя землі, дзе размяшчаліся сялянскія хутары.
Ку́ндэроўка — нізкае, забалочанае месца, заросшае хмызняком і рэдкімі дрэвамі, выкарыстоўвалася для выпасу жывёлы і збору журавін.
Лугі́ — травяныя ўгоддзі для выпасу хатняй жывёлы.
Полонэ́ц — вялікі, затоплены вадой луг, да якога ішлі тры сцежкі: мужчынская, жаночая і конная. Усе яны размяшчаліся вакол гэтага вадаёма. Людзі тут купаліся, а жывёлу вадзілі на вадапой.
По́тэрэб — лясныя мясціны, дзе пасвілі жывёлу.
Стро́м — лясны масіў.
Сэрвэту́т — лясная паляна, дзе выдзіралі карчы, пні, каб затым пасеяць сельскагаспадарчыя расліны.
Тра́сы — лініі электраперадач з вялізнымі вышкамі, якія ідуць ад Бярозаўскай ДРЭС, праходзяць праз лясы і палявыя ўгоддзі і здаюцца бясконцымі.
У Дубка́ — адкрытае месца каля вёскі з парай невялікіх дубоў.
Шу́ёва Долы́на — урочышча атрымала назву ад імя гаспадара Якава Паўлавіча Шуя, лесніка, які выкупіў гэтую зямлю і выкарыстоўваў яе пад сенакос.
Яку́бово — нізкія, балоцістыя мясціны з сажалкамі ў лесе пад Агароднікамі, дзе пры Пуслоўскіх вырошчвалі рыбу.
Легенда пра паходжанне Гры́цавай гары
Пажылыя людзі кажуць, што на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Гры́цава гара, быў невялікі ўзгорак. На iм стаяла невялікая адзінокая хата, дзе жыў дзед Грыц. I была ў гэтага дзеда такая дзіўная звычка — ён любіў збірацъ усялякія нікому не патрэбныя рэчы. Але ж пасля смерці дзеда Грыца яго хата была разбурана, а на яе месцы быў вырыты глыбокі роў, куды скінулі сабраныя iм за доўгі час прадметы. Вось з той пары людзі i носяць у той роў усё нягоднае, а таксама смецце. Так і пайшла назва гэтага месца — Гры́цава гара.
Бада́йчын луг
Прозвішча «Бадайка» было дадзена Івану Цімафейчыку, жыхару вёскі Вайцяшын. Калісьці за вёскай быў луг, вясной i восенню запоўнены вадой. Іван, плаваючы на чоўне па вадзе, напяваў ва ўвесь голас: «Плыве човен, вады повен, бадай, не зваліўся». Вось з таго часу людзі празвалі Івана — Бадайка, а луг Бадайчыным.
Запісана са слоў жыхаркі вёскі Вайцяшын Паўліны Сцяпанаўны Цімафейчык (1916 г. н.) у 2005 г.