Адлік сваёй гісторыі Бяроза вядзе з 1477 года, калі яе ўладальнік Ян Гамшэй заснаваў тут касцёл Святой Тройцы. Менавіта з гэтага часу яна вядома як вёска Сялецкай воласці Слонімскага павета Вялікага Княства Літоўскага.
На Беларусі многія населеныя пункты сваімі назвамі неяк звязаны з лясамі ці асобнымі пародамі дрэў, бо ўся тэрыторыя нашай роднай старонкі ў даўнія часы, калі гэтыя паселішчы толькі-толькі з’яўляліся, была пакрыта пушчамі ды барамі.
Пра назву горада Бяроза рознае расказваюць. Кажуць, што некалі тут раслі цэлыя бярозавыя гаі, якія цягнуліся на дзясяткі вёрст. Надта ж прыдатная глеба тут была для росту бяроз. Людзі ахвотна сяліліся ў бярозавых гаях, дзе было светла, утульна, а па вясне можна было пакаштаваць бярозавага соку. Не дзіўна, што паселішча, якое ўзнікла ў гэтай мясцовасці, атрымала сваю назву ад беластвольнага дрэва.
Але існуюць і іншыя варыянты паходжання назвы Бяроза.
Хадзіў па свеце сляпы старац з хлапчуком-павадыром. Старац вельмі хацеў бачыць. Дзе яны толькі ні былі, якіх знахарак і лекараў ні наведвалі, але нічога не дапамагала. І вось старац пачуў ад добрых людзей, што ёсць такое месца, дзе б’е з-пад зямлі жыватворная крыніца. Пачаліся пошукі гэтай крыніцы. Аднойчы хлопчык прывёў старца ў працяты сонцам бярозавы гай, дзе струменіўся празрысты ручай. Старац вырашыў памаліцца. Напэўна, просьбы добрых людзей хутка далятаюць да нябёсаў. Спачатку стомленыя вандроўнікі напіліся вады з крыніцы, а затым старац зачарпнуў прыгаршчы вады і плюхнуў яе сабе на вочы. І здарыўся цуд! Адразу вярнуўся зрок, і першае, што ён убачыў, была бяроза. Не змог вытрымаць і крыкнуў, каб усе вакол пачулі: «Бяроза!».[1]
Адно з паданняў сведчыць, што назва дадзена ў даўніну сялянамі-скарбашукальнікамі, якія заснавалі сваё паселішча пад бярозай.
Даўным-даўно адзін малады чалавек пажадаў знайсці папараць-кветку, бо казалі людзі, што той, хто яе знайшоў, становіцца не толькі багатым, але і відушчым. Калі ёю завалодаць, то ўсё срэбра-золата будзе тваё. Такі чалавек можа зразумець гаворку лясоў, палёў, птушак і жывёл. Адгаворвалі ўсяляк дзяды хлопца, каб не хадзіў шукаць папараць-кветку, казалі, што тое багацце заклятае і не прыносіць асаблівай радасці чалавеку.
Але не паслухаў ён старых людзей, дачакаўся купальскае ночы і, калі другія пеўні заспявалі, рушыў на пошукі. Як ён тую кветку ў цёмным лесе знайшоў – ніхто не ведае. Людзі кажуць, што яна ў цемры агеньчыкам гарыць і чалавека нібы прыцягвае. Стаў хлопец чуць гамонку дрэў, думкі птушак і звяроў. Калі выйшаў да вёскі, то пачуў з-пад старой грушы голас: “Глядзіце, вунь гаспадар ідзе! Трэба паклікаць яго, няхай і нас забярэ з сабою, мы ж гэтулькі стагоддзяў у сырой зямлі ляжым”.
Зразумеў юнак, што гэта скарб! Ухапіўшы зламаную галінку, пачаў калупаць зямлю і дастаў ёмісты гаршчок, поўны залатых манет.
З той самай купальскай ночы стаў хлопец вельмі хутка ўзбагачацца. Купіў зямлю, харомы сабе ўзвёў, жонку ўзяў з самай багатай сям’і, дзеці пайшлі адно за другім. Гаспадарка з года ў год багацела і прыбаўлялася. Але сам селянін нібы не быў гэтым усім задаволены. Ніколі нікога ў горы-нястачы не выручаў, жабракам кавалак хлеба не падаў. Кожную нядзелю, калі вяскоўцы збіраліся ў царкве, ён таксама некуды ішоў. Прыходзіў звычайна перад самым змярканнем – стомлены, але вясёлы, узбуджаны.
Пачала жонка са старэйшым сынам прыглядваць за мужам. Паспелі яны заўважыць, што бацька нешта шэранькае хавае ў бот, ідзе ў лес, а потым нешта закопвае ў бярозавым гаі. І здагадаліся яны, што гэта папараць-кветка дапамагае яму знаходзіць скарбы.
Перад наступнай нядзеляй старэйшы сын схітрыўся сцягнуць у бацькі кветку папаратніка і скрышыў яе ў дробны пыл. Гаспадар гэтага не заўважыў, сабраўся і пайшоў да лесу. Але калі адчуў, што не чуе больш галасы скарбаў, якія сам закапаў, а куды – не памятае, закрычаў дзіка і ўпаў мёртвы на зямлю.
Людзі, калі даведаліся пра таямніцу старых бяроз, пачалі начамі сюды з рыдлёўкамі прыходзіць ды капаць глыбокія яміны – шукаць закапаныя скарбы. Потым ужо і пад сонцам не саромеліся працаваць. Усю зямлю перавалілі, дрэвы падкапалі, ад чаго яны неўзабаве і пазасыхалі ўсе, акрамя аднаго. Вяскоўцы нават сяліцца тут паблізу пачалі, каб здалёк на адшуканне славутага скарбу не хадзіць. Паселішча гэтак і назвалі – Бяроза, што пад бярозай стаіць, значыцца. Вось адкуль назва гэтая пайшла. Ад таямнічае купальскае ночы.[2]
[1] Затирка, Е. Береза : [легенды земли белорусской] / Елена Затирка // Белорусская военная газета. Во славу Родины. – 2018. – 2 августа.
[2] Брэстчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1995. – С. 47-71. – (Мой родны кут).