Бярозавы гай

Стомленае сонца павольна апускалаcя ўсё ніжэй i ніжэй. На зямлю напаўзаў вячэрні туман. На вузкай сцяжынцы, што вяла праз бярозавы гай, з’явіліся два чалавекі. Яны часта спыняліся i адпачывалі. Адзін з ix, сляпы стары, цяжка дыхаў. Далёкі шлях адабраў апошнія яго сілы. Другі спадарожнік, трынаццацігадовы хлопчык-павадыр, з прыкрасцю думаў пра тое, што яны яшчэ далёка ад бліжэйшага сяла, дзе можна знайсці прытулак на ноч i вячэру.

Сляпы спыніўся, прыслухоўваючыся.

– Унучак, Піліпка, ці не вада  журчыць там, збоку? –  спытаўся ён. – Мяне ўжо так даўно мучыць смага.                          
– Я зараз пагляджу, а ты чакай, дзед, – адказвае хлопчык. Але не ў бок лясной ракі пайшоў  ён, а наперад, па вузкай сцяжынцы, якая вядзе да сяла. Па вільготнай прахалодзе, што павольна апусцілася на яго плечы, стары зразумеў: надышла цемра. I хваляванне разам з невыказнай тугою авалодала ім. Выцягнуўшы перад сабою рукі, сляпы ідзе ў той бок, куды, па яго разуменню, павінен быў пайсці хлопчык, i гукае яго. Але толькі шолах дрэў ды звон вады, які становіцца ўсё бліжэй, чуюцца яму. Урэшце стары цяжка апускаецца на беразе ракі.

– Піліпка, дзе ты, унучак? – ужо не крычыць, а хрыпіць ён i раптам разумее: яго пакінулі. Слёзы крыўды i болю душаць старога. Ды столькі горычы ў слязах яго, што спачувальна сціхаюць начныя птушкі, схіляецца да зямлі трава i пачынаюць раняць на зямлю i ў раку свае  слёзы бярозы –  дажджом сыплюцца  празрыстыя кроплі, сцякаючы па белых ствалах дрэў. I робіцца вада рачная гаючай. I сляпы, прамыўшы свае вочы, раптам пачынае бачыць.

Цуд! Вялікі цуд! Ён у захапленні глядзіць на зорнае неба, мацае вільготную ад гаючага соку бярозавую строму, падносіць да вачэй рукі. Ён зноў плача, але гэта ўжо зусім іншыя слёзы – нечаканай радасці i вялікай падзякі.

– Бярозы выратавалі мяне, рака вярнула зрок – пра гэта я раскажу людзям,— шэпча ён і, нізка схіліўшыся ў паклоне перад спагадлівымі дрэвамі, спяшаецца ў дарогу. Наступным днём, даведаўшыся пра цуд, людзі прыйшлі да ракі. I той, хто пакаштаваў у той дзень вады з яе, пазбавіўся ад усіх сваіх хваробаў. I пачалі сцякацца адусюль у тыя мясціны хворыя ды ўбогія. З часам у бярозавым rai ўзнікла паселішча. Бярозай назвалі яго ў гонар добрага дрэва.[1]


[1]  Млын на сямі колах : беларускія народныя легенды і паданні  / запіс і літ. апрац. І.А. Масляніцынай. – Мінск : Юнацтва, 1998. – С. 174-175.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *