“Белаазёрск – названы па імені возера Белага, каля якога знаходзіцца”.
Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. [1]

Горад быў заснаваны ў 1958 годзе на месцы вёскі Ніўкі як пасёлак энергетыкаў у сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ДРЭС.
З возерам Белае, якое дало назву гораду, звязана легенда пра светлае ды чыстае каханне. Здарылася ўсё так. У незапамятныя часы была на месцы возера вёска ды жылі там працавітыя людзі. У самага багатага гаспадара была дачка-прыгажуня. Звалі яе Насткай. Усё пра заможнага жаніха марыла, а яе кахаў усім сэрцам Дзям’ян з беднаватай сям’і. Ды дзяўчына і не думала пра тое, каб пайсці за бяднейшага, чым сама. Так і сказала, відаць, хлопцу прама ў вочы.
Доўга думаў Дзям’ян, як выйсце знайсці, і прыдумаў. Падабраў ноч цёмную, узяў у рукі сякеру і пайшоў на вялікую дарогу. Калі паказаўся экіпаж, выскачыў на дарогу – і да гаспадара. Перарыў разбойнік тавары, кішэні няшчаснага вывернуў і знайшоў многа грошай, бо гэта багаты купец быў. Нават цела забітага не прыхаваў, пакінуў на месцы. На наступны дзень прыйшоў у хату да Настчыных бацькоў і як высыпле з торбы залатоўкі на стол, то гаспадары ледзьве непрытомныя не пападалі.
Вырашылі праз тры тыдні вяселле гуляць. Надта грошай многа ў Дзям’яна з’явілася, нельга было іх з рук выпускаць. Але Настка запатрабавала, каб расказаў Дзям’ян, адкуль грошы ўзяліся. Прыйшлося яму прызнацца ва ўсім. Тады адправіла дзяўчына жаніха на магілу забітага ім купца, каб даведаўся, што ды як далей рабіць… Пайшоў Дзям’ян ноччу на могілкі, знайшоў месца, дзе таго купца пахавалі, лёг на зямлю і чакае голасу. А навокал вецер шуміць, старыя сосны ды бярозы аб нечым перамаўляюцца. Ажно недзе калі толькі другія пеўні прапяяле і, чуе голас патаемны: “За што ты мяне забіў, злы чалавек? Прыйдзе і да цябе пакаранне, не зараз – то праз стагоддз!”
Пасунуўся Дзям’ян да дзяўчыны, паўтарыў усё даслоўна. Вырашылі яны, што дажыць яшчэ трэба да тых ста гадоў! Пажаніліся, зажылі добра, спакойна. Хутка час прайшоў-праляцеў, ужо ўнукі, праўнукі ў іх з’явіліся, а яны ўсё жывуць, век іхні ўжо да ста гадоў набліжаўся. Аднаго разу заехаў у іхнюю вёску падарожны, пераначаваць папрасіўся. Пусцілі яго, стол накрылі, а старая жанчына вырашыла яшчэ з хлеўчука сырых яек прынесці і заўважыла, што аднаго яйка не хапае. Раззлавалася яна, раскрычалася на ўсіх, бо ніколі нічога да гэтага дня ў гаспадарцы не прападала. Вандроўнік выказаў здагадку, што гэта можа быць знак нейкага пакарання за мінулыя грахі. Доўга думалі старыя, успомнілі, як маладыя былі, неразумныя, як грошы да іх прыйшлі.
Калі палеглі ўсе спаць, пачуў незнаёмец голас, які параіў яму хутчэй уцякаць з хаты. Падхапіўся ён, хуценька апрануўся і выскачыў на двор. Далекавата адбег, але на душы неяк цяжка стала, перад вачыма ўсё старыя гаспадары стаяць. Павярнуў назад і спыніўся нібы ўкапаны – вёскі перад ім не было, на месцы яе плескатала хвалямі вялікае возера ды кружыліся над ім белыя птушкі. Потым яго Белым людзі празвалі, таму што на тым самым месцы загінула многа нявінных душ падчас патопу. А белы і азначае – чысты, нявінны. Потым і горад Белаазёрскам назвалі, па назве возера.[2]
[1] Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 23.
[2] Брэстчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1995. – С. 62-67. – (Мой родны кут).