Адкуль Стрыгінь (казка-легенда)

Жылі–былі дзед і баба. Баба камандавала дзедам, як хацела. А дзед усё ніяк не мог ёй дагадзіць.  Вось аднойчы паслала баба дзеда стрыгчы кусты. Паслухаўся дзед, пайшоў, выканаў усю работу. Прыходзіць да бабы і кажа: “Вось ідзі паглядзі – усё ўжо паголена”. Пайшла баба, паглядзела і не была б то баба, каб і змоўкла, і была задаволена. Схапіла яна кій ды за дзедам: “Не голена, крычыць, –  а стрыжана”.

А дзед уцякае ды на сваім стаіць:

-Голена!

-Стрыжана! – стаіць на сваім  баба.

-Голена! – не здаецца дзед.

Баба бегала за дзедам, бегала і ўскочыла ў балота. Стала балота зацягваць бабу. А яна не здаецца, крычыць з усяе сілы: “Стрыжана, стрыжана, стрыжана…” На тую пару ехаў карэтай  пан.  Пачуў ён крыкі, прыастанавіў карэту, і ці то пан быў глухаваты, ці то далёка ад бабы, але ён пачуў: “Стрыгінь… стрыгінь… стрыгінь…”.  

“Ага, гэта вёска называецца Стрыгінь”, – вырашыў пан. [1]


Існуе і другі варыянт казкі.  Была ў аднаго вяскоўца надта злая ды сварлівая жонка. Што той не зробіць, усё не так, гадзінкі не дасць спакойна пасядзець, ужо ляціць з крыкам.

Аднойчы позна восенню адправіла жонка селяніна ў лес за грыбамі ды ягадамі. Ды якія грыбы ў гэтую пару? Сеў селянін у лесе ды  журыцца. Тут пачуў ён зычны голас, які паабяцаў дапамагчы і параіў ісці дахаты.  Прыйшоў селянін і бачыць: поўныя кошыкі грыбоў і ягад стаяць на ганку. Ды яшчэ воз дроў ляжыць ля хлява.  На другі дзень баба пабегла на гэтае месца. Але замест грыбоў і ягад дома яе чакаў ахапак лазовых дубцоў. Усхадзілася тут баба на дзеда, але і яго як падмянілі. Схапіў дубец ды давай бабу лупцаваць ды прыгаворвае пры гэтым: “Ты мяне ніколі за чалавека не лічыла! Заўсёды насуперак казала! Я табе – голена, а ты мне – стрыжана!” Баба замест таго, каб памаўчаць, не здавалася: “Не голена, а стрыжана!”  Нарэшце стаміўся дзед і выпусціў жонку. Тая як пабяжыць са двара і не заўважыла, як уляцела ў рэчку. Заблыталася ў густой траве, галосіць ад болю і страху. Выскачыла на мост, а там пан у карэце ехаў. Бачыць, стаіць пасярод маста жанчына і крычыць: “Стрыжана! Стрыжана!”  Коні перапужаліся, карэта перакулілася, а пан са слугамі кінуліся прама праз лес уцякаць. Выбеглі ў чыстае поле і пападалі ледзь жывыя. Тут пазней і вёска з’явілася  з  дзіўнай назвай – Стрыгінь, ад той жанчыны, якая не пажадала мужу падпарадкоўвацца.[2]


[1]  Матуліны песні, бабуліны казкі, дзедава мудрасць: фальклорная спадчына родных вёсак : памятка чытачу / склад. С.М.Пунько. – Бяроза: Бярозаўская ЦБС, Стрыгінская сельская бібліятэка, 2002. – С.3-4.

[2]  Брэстчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1995. – С. 79-82.  – (Мой родны кут).

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *