Стрыгінь

“Стрыгінь – назва ўтворана ад прозвішча  Стрыгін”.                          

Жучкевич  В.А.  Краткий топонимический словарь Белоруссии. [1]

Старыя людзі расказвалі, што ў  даўнія часы дарогі на Бярозу, якая ёсць зараз,  не было. Дарога ішла  за мясцовымі могілкамі. Яе называлі “гаць”, так як праходзіла яна праз рэчку, а потым па балоце. Па нядзелях сяляне вывозілі на базар лішкі малака, збожжа, бульбы, рамесныя вырабы. На базар даводзілася выязджаць яшчэ цёмна. І вось мясцовыя хлопцы, якія любілі пажывіцца за чужы кошт, прыстасаваліся перахопліваць тут праязджаючых і рабавалі іх, іншымі словамі – “стрыглі”. Пра гэтых злодзеяў так і казалі: “Там, каля гаці, падстрыгаюць  чужакоў”.  Так  і з’явілася    назва     вёскі – Стрыгінь. [2]

Згодна з другім паданнем, вельмі-вельмі даўно ў вёсцы жылі вельмі працавітыя людзі, якія трымалі вялікія гаспадаркі,  працавалі ад цямна да цямна. Амаль у кожным двары трымалі  авечак, якіх гаспадары самі стрыглі, апрацоўвалі воўну, пралі ніткі для вопраткі. Аб добрай якасці работы далёка пайшла гаворка, і пачалі людзі з навакольных вёсак звозіць сюды авечак, каб іх пастрыглі мясцовыя стрыгалі.  Адсюль і назва вёскі.

Яшчэ расказваюць, што калісьціна месцы, дзе цяпер стаіць вёска, рос роўны, як стрыжань,  лес. Яго высеклі, а на тым месцы ўзнікла паселішча, якое  назвалі Стрыгінь. Вёска атрымалася вялікая, але вельмі раскіданая і як бы падзеленая на тры часткі, якім далі назвы Засекі, Стрыгінь, Баравая. Прайшоў час, забудаваліся пустыя месцы, але і сёння можна пачуць: “Я жыву на Засеках”, “Я пайшоў на Баравую”. [3]


[1] Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 363.

[2]  Паданне, запісанае са слоў жыхаркі вёскі Стрыгінь Крагель Анастасіі Пятроўны, прадастаўлена бібліятэкарам Стрыгінскай СБ Пунько С.М.

[3] Матуліны песні, бабуліны казкі, дзедава мудрасць : фальклорная спадчына родных вёсак : памятка чытачу / склад. С.М.Пунько. – Бяроза : Бярозаўская ЦБС, Стрыгінская сельская бібліятэка, 2002. – С. 3.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *