Бронная Гара

Існуе паданне, што мясцовыя кавалі (да нашага часу прозвішча Кавалевіч – самае распаўсюджанае ў вёсцы) былі вельмі ўмелымі майстрамі па вырабу зброі (брані). Адсюль і назва вёскі.  А яшчэ кажуць,  што ў  даўнія часы нейкі вандроўны воін спыніўся адпачыць на адной з мясцовых гор, а прачнуўшыся, не  знайшоў свае зброі (брані). З тых часоў  месца і гара сталі называцца броннымі. [1]


Судзіслаў,  праўнук Перанега

У далёкія часы, калі князь Баляслаў I Храбры  выступіў супраць кіеўскага князя Уладзіміра і захапіў частку зямель, стаўшых у будучым  беларускімі, Кіеўская Русь, не жадаючы змірыцца з гэтым, прадпрымала спробы адваяваць назад страчаныя тэрыторыі. 

Князь Судзіслаў, пабываўшы ў Кіеве, паспяшаўся ў родныя мясціны, каб перасцерагчы князя Баляслава  аб  небяспецы.  Але Баляслаў  не паверыў,  што  кіеўскі князь збіраецца  ў паход. Ён  хваліўся,  што яго воінам  не страшныя ніякія варагі,  бо яны за жыццё столькі разоў выходзілі пераможцамі з бітваў, што з даспехаў ворагаў, забітых імі, можна было б скласці сапраўдныя курганы-бранявіцы.

Судзіслаў у той жа дзень  пакінуў родны горад. Ён добра ведаў, чаго вартыя словы княжацкія, таксама ж як ведаў і вартасці воінаў, землякоў і сяброў сваіх. Сапраўды, многія ліхія ворагі знаходзілі смерць у лясах і балотах іх радзімы, але не было сярод княжацкіх дружыннікаў ні аднаго, хто б мог з даспехаў пераможаных уласнай рукой ворагаў скласці курган. Так зрабіў калісьці толькі адзін чалавек — прадзед Судзіслава Перанег.

Віцязь добра ведаў: князь сваім недаверам імкнуўся прынізіць яго, Судзіслава, Перанегавага нашчадка, смеласць і незалежнасць якога даўно ўжо замінала княжацкай уладнасці. Але ж ён быў упэўнены – князь Уладзімір рыхтуе ваенны паход, і застаўся на заставе на мяжы княства. Прайшло шмат дзён. На заставе было спакойна,  але Судзіслаў  па-ранейшаму заставаўся насцярожаны і пільны. Чужынцы з’явіліся апоўдні, у адзін з гарачых летніх дзён. Варажская дружына кіеўскага князя моўчкі імчала прама на вартавую вежу.

Судзіслаў загадаў запаліць сігнальныя агні і надзеў шалом. I час спыніўся…   Судзіслаў не лічыў, колькі варагаў зваліў з ног яго меч. Ён не бачыў, колькі абаронцаў заставы яшчэ працягваюць стрымліваць шалёны націск. Рука яго быццам занямела, і ён не адчуваў больш яе. У галаве была толькі адна думка: ці хутка падыдзе князева дружына? Ён баяўся, што, пакуль гэта адбудзецца, варагі паспеюць змесці са шляху свайго невялічкі атрад абаронцаў і спыніць іх потым будзе ўжо вельмі цяжка. Пра сябе ён ведаў, што загіне. Вельмі ж няроўныя сілы сустрэліся тут, ля заставы. Толькі б пратрымацца як мага больш!..

Калі ля заставы з’явілася князева дружына, там была ўжо цішыня. Пасярод груды мёртвых целаў воіны ўбачылі акрываўленую постаць Судзіслава. Ён стаяў, абапіраючыся абедзвюма рукамі на ўторкнуты ў зямлю меч. Ён нават не азірнуўся. Тады князь скочыў з каня, наблізіўся да віцязя, апусціў руку яму на плячо, і віцязь упаў ля ног князя… Ён быў мёртвы. Уражаныя, доўга глядзелі на месца крывавай бойкі воіны, а потым моўчкі пачалі збіраць зброю варагаў, здымаць даспехі з пераможаных чужынцаў. Дарэмна спрабаваў спыніць іх князь, воіны ўпершыню не слухаліся яго загадаў. Мячы, шаломы, браня – усё скідвалася ў велізарную кучу, якая ўсё расла. Яна ўзнялася амаль на вышыню сігнальнай вежы, і тады зверху на яе паклалі мёртвае цела Судзіслава. I запалыхала пахавальнае вогнішча. Змрочныя, суровыя, праводзілі ў апошні шлях героя воіны, і ў цішыні чуўся толькі шум полымя ды ледзь стрыманы плач. Воддаль, апусціўшы галаву, усімі пакінуты, стаяў князь. Час яго ўлады скончыўся.

А браня расплаўлялася ў агні, сцякала распаленымі струменямі ды так і застывала. I калі агонь сціх, перад людзьмі ўзнікла сапраўдная  жалезная гара-бранявіца, векавечная віцезява магіла. Да нашага часу  паселішча, якое знаходзіцца на гэтым месцы, называецца Броннай Гарой.[2]

Легенда пра разбойніка Браніслава

Даўным-даўно ў гэтых месцах жыў разбойнік. Быў ён вельмі дужы. Адны называлі яго Браніслаў, іншыя — проста Бронік. Справа ў тым, што да сумленных,  працавітых людзей ён заўсёды ставіўся шчыра. А вось што датычыцца багатых і сквапных, злых людзей, то тут была іншая справа. Сустрэч з Браніславам такія людзі баяліся. Ён забіраў ад іх усе грошы, якія яны нажылі несумленнай працай. І гэтыя грошы потым Браніслаў аддаваў бедным. Сяляне, калі ў іх было бязвыхаднае становішча, самі прыходзілі да яго за дапамогай. І разбойнік нікому не адмаўляў. Так працягвалася добры дзясятак гадоў. Багатыя баяліся Браніслава, а бедныя бачылі ў ім свайго абаронцу.

Аднойчы Браніслаў сядзеў на прыдарожным камені. Раптам бачыць — імчыцца багата ўпрыгожаная карэта. Выйшаў ён  насустрач. Выцягнуў руку наперад, і коні сталі. Падышоў Браніслаў да карэты і моцна стукнуў у дзверы: «Выходзьце! Пагаварыць трэба!»

Выскачыў адтуль паніч, нізкарослы, крываногі, але з шабляй у руках, ды як закрычыць: «Зараз я табе, бандыт, галаву адсяку! Я цябе навучу, як перад панам на калені не станавіцца! Цяпер … «

Але не паспеў закончыць, таму што Браніслаў так стукнуў яго сваёй булавой, што той аж на бярозу заляцеў і сканаў. Волат усміхнуўся сам сабе: «Бач, які страшны паніч сустрэўся…» І ўжо хацеў ісці на гару, ды вырашыў паглядзець, што ж там у карэце. Не вельмі хацелася яму вяртацца з пустымі рукамі. Калі ён адкрыў дзверцы карэты, то анямеў ад здзіўлення: адтуль на яго глядзелі вялікія сінія вочы. Так і глядзелі моўчкі адзін на аднаго волат і дзяўчына.

Яны доўга размаўлялі, нічога вакол не заўважаючы. Не захацела дзяўчына вяртацца да бацькоў. Па душы ёй прыйшоўся Браніслаў.

Волат пабудаваў на самой гары вялікі і светлы дом. І зажылі яны ў ім дружна і шчасліва. Нарадзіліся дзеці, такія ж прыгожыя і здаровыя. Поле разаралі, балота паблізу асушылі. Спакойна жыццё далей пацякло. Браніслаў на дарозе ўжо больш ніколі не гаспадарыў і сынам не дазваляў гэтым займацца. Ён заўсёды вучыў іх:

– Мы, дзеці, чужога браць не хочам, але і свайго не аддадзім. Людзям бедным і няшчасным трэба дапамагаць, а вось ліхія – хай ведаюць, што літасці ім не будзе ніякай, з-пад зямлі дастанем, а за гора-бяду людскую – адплацім.

  Калі памёр Браніслаў, то яго пахавалі на гары. Жонка таксама вечны спакой знайшла побач з мужам. Адтуль і назва вёскі ідзе – Бронная Гара.[3]


[1] Бронная Гора : легенды [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://brogora.narod.ru/page.html

[2] Млын на сямі колах : беларускія народныя легенды і паданні  / запіс і літ. апрац. І.А. Масляніцынай. – Мінск : Юнацтва, 1998. – С. 64-66.

[3]  Брэстчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1995. – С. 47-71.  – (Мой родны кут).

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *