Шылін

“Шылін – назва ўтворана ад прозвішча Шылін”.

Жучкевич В.А.  Краткий топонимический словарь Белоруссии.[1]

Старыя людзі самае рознае гаварылі пра паходжанне назвы вёскі. Збяруцца ды й згадваюць, як той ці той чуў.

Адны сцвярджаюць, што вёска калісьці была куплена багатым чалавекам за шэсць ліняў (так раней называліся грошы), адсюль і ўтварылася яе назва.[2]

Другія кажуць,  што гэта прозвішча яе першапасяленца Шыліна. 

Трэція гавораць,  быццам у час вайны з саксонцамі тут загінуў мужны воін па прозвішчу Шылін. Ён быў пахаваны на ўзвышшы, якое празвалі ў народзе Смаганова гара, а вёску, што размясцілася ў нізіне – Шылін.[3]

 У народнай памяці засталося і такое паданне, што назва Шылін пайшла ад слова “шыць”. Мяркуецца, што тут займаліся   пераважна шыццём.

З пакалення ў пакаленне перадаецца ў вёсцы  легенда пра славутага  ў сівыя стагоддзі шаўца Шыліна. Людзі некалі жылі надта ж добра, па-справядліваму. Асабліва цаніліся людзі, якія валодалі нейкімі рамёствамі. Славіўся адзін такі шавец сваёю працаю ды залатымі рукамі далёка па наваколлі. Ён і хаты не меў. Дакладней, была можа, яшчэ прадзедаўская, але майстар там амаль не жыў. Пераначуе ноч-другую, калі недзе паблізу ходзіць, і зноў сыдзе на доўгія месяцы вандраваць, выконваць шматлікія заказы ды просьбы вяскоўцаў. Да яго нават своеасаблівая “жывая” чарга была. Зойдзе ў вёску, спытаецца ў першага сустрэтага ім чалавека:

–  Можа, у вас хто што-небудзь пашыць жадае?

Там гаспадар не толькі плату вызначае, але і корміць гэтыя дні шаўца і прытулак на ноч яму дае, пакуль майстар у яго працуе. Здаралася, што ў адной вёсцы працаваць даводзілася ўсю зіму.

А сам майстар ужо, можа, і не з-за грошай па вёсках хадзіў, хапала яму на жыццё. Але ж сярод людзей ён сябе весялей адчуваў. Майстар працуе, а вакол яго вяскоўцы сядзяць. Хто глядзіць уважліва, майстэрства пераймае, хто слухае, пра што той распавядае. Шавец быў не толькі выключным майстрам сваёй справы, але і рэдкім па таленце апавядальнікам. Ён ведаў шмат народных павер’яў.

Аднойчы ён расказаў цікавую гісторыю пра незвычайную жанчыну. Слухачы былі ў захапленні ад аповеду шаўца. Нехта нават сказаў:

– Ну і дзядзька, як раскажа, то нібы жывых усіх гэтых людзей перад вачыма бачыш.

– Шылін, ён і тут Шылін, – адзначыў нехта. – Шые, дык шва не ўбачыш, апавядае, дык не прыдзярэшся.

Ніхто і не ведаў з людзей, як звалі майстра, якога ён роду-  племені. Усе звярталіся проста – Шылін. Дзеці ж – дзядзька Шылін. Так і жыў чалавек, не злаваўся, што так звалі. Ды і чаго было злавацца? Гэта ж не абраза якая.

Загінуў Шылін не сваёй смерцю. Пагнаўся нехта за тымі капейкамі, якія ён за працу браў. Знайшлі яго на дарозе з прабітаю галавою, калі з адной вёскі ў другую пераходзіў. Шкада вяскоўцам было такога майстра, то і пахавалі яго            па-людску. Крыж на магіле паставілі, а месца, дзе яго забілі, Шылінам назвалі. З тых часоў так і жыве памяць пра чалавека, які меў залатыя рукі.[4]

 Легенда аб славутым майстры  лягла ў аснову верша Міколы Панасюка.

                           Жыхарам вёскі  Щылін прысвячаецца

Здаўна тут ведалі шаўца –

Ён боты шыў на заглядзенне.

Не меў ні хаты, ці хаця

На гэта хоць якой надзеі.

Ён з вёскі ў вёсачку хадзіў  –

Збягаліся насустрач сцежкі…

Абутак людзям шыў  наўдзіў,

А мог яшчэ кляпаць і дзежкі.

І, быццам, прозвішча не меў:

Усе казалі: “Шылін – майстра”.

Ад той хвалы яшчэ нямеў,

Заўжды ляжала побач кайстра…

З дарожнай торбай сябраваў –

Клаў хлеб ды штось яшчэ да хлеба,

І слухаў гоман ён дубраў,

І грукат  навальніцы з  неба.

На жаль, не ведаў толькі  ён,

Што торбу пільнаваў забойца…

Стагоддзі людзі на паклон

Ідуць да майстра  праз балотца…[5]


[1] Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии /              В.А.. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 410.

[2]   Ваўчок, Т. Цячэ жыццё бягучай рэчкай…/ Т.Ваўчок // Маяк. – 1996.

[3]  Матэрыял прадастаўлены бібліятэкарам Здзітаўскай СБ Юрковіч Т.М.

[4]  Брэстчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс і апрац. А.М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 1995. – С. 82-86.  – (Мой родны кут).

[5] Панасюк, М. “Здаўна тут ведалі шаўца…” :  [верш] / Мікола Панасюк  // Маяк. – 2011. – 30 июля. – С.6. – Жыхарам вёскі Шылін прысвячаецца.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *