Мікіта Гаўрыльчык. Мая вёска

Мая родная вёска Ястрабель… Утульна яна размясцілася сярод лугоў і палёў. З усіх бакоў да яе падступае лес, як бы ахінаючы ад злых вятроў. Тут я нарадзіўся. Адсюль родам мая мама, мой дзядуля, мае прадзед і прабаба.
Адкуль пайшла такая назва – Ястрабель? Існуе некалькі легендаў. Я паведамлю адну з іх.
У даўнія часы праз гэтыя мясціны ішоў салдат са службы дамоў. Стаміўся, прылёг адпачыць пад елку. На елцы сядзеў вялікі ястраб. І падумаў салдат, а чаму б яму не пабудаваць тут дом і не застацца жыць у гэтым цудоўным месцы… Так і зрабіў. Пазней каля яго сталі сяліцца другія людзі з хутароў. А вёску назвалі Ястрабель.
Калі ехаць ад нас на Міжлессе – праязджаеш лес з прыгожай назвай Галя. Пані Галя купіла яго. Калі пачалася Першая сусветная вайна – прадала і пераехала жыць у Польшчу.
Калі ехаць на Зарэчча – праязджаеш Завадчыну. Раней тут жыў пан Завадскі.
На поўдзень ад вёскі размясціўся хутар з прыгожай назвай Дубы. Людзі адтуль ужо даўно выехалі, і дубоў там мала засталося, затое там ёсць стары яблыневы сад.
Многа яшчэ можна расказваць пра ваколіцы вёскі, але самае лепшае яе ўпрыгажэнне – гэта спагадлівыя, чулыя, руплівыя і працавітыя людзі. Няма з нашай вёскі знакамітых выхадцаў: навукоўцаў, палітыкаў, бізнесменаў. Затое жыў у ёй паэт-самародак Аляксандр Гарбачук. Не абмінуў ён сваёй творчасцю і маю сям’ю. Адзін з яго вершаў (“Замалёўка з натуры”) прысвечаны здарэнню, віноўнікам якога быў мой прадзед Коля. Не застаў я ні яго, ні бабы Манькі.
Шкада, што ў вёсцы з кожным годам усё больш пустуючых дамоў, шкада, што закрылі нашу ўтульную школу, шкада, што моладзь не застаецца на малой радзіме. Але я веру, што вёска наша яшчэ доўга будзе жыць, як і мае бацькі, якія пабудавалі тут дом, у які мы з братам з радасцю будзем прыязджаць.

Гаўрыльчык, М. Мая вёска : [легенда пра паходжанне назвы вёскі Ястрабель] / Мікіта Гаўрыльчык // Вёска, красачка мая : літаратурна-краязнаўчая гасцёўня / склад. В.М. Зялёнка. – Бяроза : Бярозаўская ЦРБ, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу, 2020. — С. 2-3.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *