Міжлессе

“Міжлессе – паселішча, размешчанае  ў лесе або паміж ляснымі масівамі”.            

Лемцюгова  В.П. Тапонімы распавядаюць.[1]

Мала хто цяпер ведае, што вёска Міжлессе, а цяпер аграгарадок, практычна да сярэдзіны мінулага стагоддзя мела яшчэ адну назву – Лёўкавічы. Пра гэтую назву ёсць  рамантычная легенда. Калісьці бабулі распавядалі сваім унукам, што жыў сярод лясоў і балот добры пан. Добра ставіўся да сялян, парабкаў, заўсёды своечасова аддаваў іх заробак. А перад смерцю падзяліў усе землі, якімі валодаў, паміж сваімі дзецьмі. І папрасіў людзей замацаваныя за спадкаемцамі паселішчы назваць іх імёнамі. Так і павялося: назва вёскі Елянова пайшла ад імя Алена, Мацвеевічы – ад Мацвея, Касцюкі – ад Кастуся,  Міхаілу дасталася вёска Міхалінак, а Марку – Маркавічы. Вёску ж, у якой размяшчаўся панскі двор, пан адпісаў свайму старэйшаму сыну па імені Леў або Лёва. І атрымала яна назву Лёўкавічы. А так як паселішча гэта было з усіх бакоў акружана лесам, то людзі пачалі называць яго Міжлессе.

І хоць гэтая прыгожая легенда не мае дакументальнага пацверджання, называць новыя паселішчы,  зыходзячы з імя,  прозвішча ці мянушкі  яго заснавальніка калісьці было агульнапрынятай практыкай.[2]


[1] Лемцюгова, В.П. Тапонімы распавядаюць : навукова-папулярныя эцюды / В.П. Лемцюгова. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 245.

[2] Карпинчик, В. Междулесье. А может, Лёвковичи? / Василий Карпинчик //  Маяк. –  2017. –  19 августа. –  С.6.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *