«Крыжы – абярэгі, мой край захавайце…»

Жыццёвы шлях беларусаў здаўна звязаны з верай. Гэта праяўляецца ў пабудаванні храмаў, словах песен і малітваў, у прымаўках і прыказках, у арнаментах адзення, у абрадах і прыдарожных крыжах.
Крыж — самы вядомы знак у гісторыі чалавецтва. Дзе і калі чалавек упершыню напісаў гэты знак, невядома. Ужо дзве тысячы гадоў ён з’яўляецца сусветным знакам хрысціянства.

Крыж шанаваўся хрысціянамі не заўсёды. Ён быў рымскім спосабам пакарання смерцю, прызначаным для рабоў і для тых выпадкаў, калі смяротнае пакаранне жадалі ўзмацніць ганьбай.Але на ім быў распяты Хрыстос, і пралілася кроў яго, асвяціўшая і надзяліўшая крыж сілай.
Толькі каля 110 года нашай эры хрысціяне сталі прыпісваць крыжу магічную сілу і ахвотна ахіналі сябе крыжом па любой падставе, бо гэтае дзеянне давала ім духоўную падтрымку і, акрамя таго, падкрэслівала іх хрысціянскую прыналежнасць да братоў па веры. Крыж у хрысціянстве стаў знакам выратавання праз пакуты, а смерць на крыжы — ахвярай за выратаванне людзей і перадумовай уваскрэсення.
Так крыж з сродку ганебнага пакарання ператварыўся ў сімвал жыцця. Ён узвышаецца на купалах храмаў як пасведчанне таго, што Царква ўваходзіць у Царства Божае. Ім благаслаўляюць. Яго лічаць засцярогам, носяць на целе і дзеюць ім хросны знак.
Ён упрыгожвае нацыянальныя сцягі дзяржаў і старадаўнія гербы, чаканіцца на манетах. Ім узнагароджваюць. Яго ставяць на магілах нябожчыкаў і пры дарогах.
Звычай ставіць крыжы прыйшоў да нас з далёкіх часоў, калі іх узнімалі святыя апосталы, абвяшчаючы жыхарам аб пачатку ў іх землях хрысціянскай пропаведзі. У «Аповесці мінулых гадоў» Нестар-летапісец згадвае аб узвядзенні крыжоў святым апосталам Андрэем Першазваным на Кіеўскіх горах.
Адным з першых на Русі – яшчэ да прыняцця ў 988 годзе хрысціянства, быў устаноўлены і крыж святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі на беразе ракі Вялікая паблізу Пскова, у месцы, дзе вялікая княгіня і яе спадарожнікі ўбачылі тры нябесныя прамяні, якія сходзіліся на зямлі.

Прыдарожныя крыжы бываюць могілкавыя – на месцы пахаванняў, памінальныя – на месцы раптоўнай гібелі хрысціяніна, маякі – арыенціры для мараходаў, паклонныя – для малітвы і пакланення распятаму на крыжы Хрысту.
Нашы праваслаўныя продкі, маючы моцную веру, ведалі аб значэнні паклонных крыжоў для выратавання ў вечнасці душ сваіх і блізкіх.Таму ставілі іх на асаблівых памятных месцах, на перакрыжаваннях дарог, непадалёку ад сёл і гарадоў, каб, адпраўляючыся ў дарогу ці заходзячы ў вёску, чалавек мог памаліцца і папрасіць дапамогі ў Бога і нябесных заступнікаў.
Паклонныя крыжы ў нашай мясцовасці звычайна робяцца з дрэва, радзей — металічнымі і даволі высокімі – не меней двух метраў. Пры гэтым крыж арыентаваны на ўсход, а прыўзняты канец яго перакладзіны павінен паказваць на поўнач.
Паклонныя крыжы бываюць: — аброчнымі (набожныя людзі ў цяжкіх выпадках нярэдка давалі абяцанне ахвяраваць на царкву якую-небудзь прыналежнасць для царкоўнага богаслужэння, такой ахвярай мог быць крыж), — абярэгамі, — памятнымі (ставіліся ў памяць аб якой-небудзь важнай падзеі або ў знак падзякі за выратаванне), — закладнымі (на месцы закладання царквы або могілак). Гэтае дзяленне даволі ўмоўнае,адзін і той жа крыж можа быць і аброчным, і абярэгам, і памятным.
Кожны крыж мае сваю цікавую гісторыю ўстаноўкі, шанавання ці, на жаль, разбурэння, якая цесна пераплятаецца з лёсам вёскі або асобных сяльчан.
Найстарэйшы крыж, які захаваўся да нашага часу, гэта крыж у вёсцы Хрыса. Яго з упэўненасцю можна аднесці да аброчных крыжоў. Пастаўлены ён быў, апавядаюць старажылы, яшчэ за царскім часам. Называюць яго Андрыянаў, паколькі стаіць у двары селяніна, якога звалі Андрыян. З якога выпадку яго паставілі, памяць не захавала звестак, але што ён аброчны, няма сумненняў, бо яшчэ ў васьмідзесятыя гады абракалі яму тканіны. Сяльчане расказалі такую гісторыю. Калі жыхарка вёскі праводзіла сына на вайну ў Афганістан, дык абракла крыжу прыгожа вышыты фартушок. І ў хуткім часе сын вярнуўся, хоць і паранены. На жаль, цяпер крыж знаходзіцца ў паўразбураным стане. Аднавіць няма каму.
Людзі ў вёсках жылі з верай у сэрцы, маліліся Богу і спадзяваліся на нябеснае заступніцтва, якое ўвасаблялася ў крыжах-абярэгах. Іх ставілі, каб засцерагчыся ад няўзгод, якія неслі эпідэміі, войны, стыхіі.Такі стары драўляны крыж-абярэг захаваўся ў вёсцы Куроўшчына. Відаць, што ён зроблены з душой і любоў’ю.Пастаўлены у далёкім 1943-ім ваенным годзе Аляксандрам Сававічам Кулікоўскім. У 70-я гады крыж быў павалены,але сын Аляксандра Пётр прынёс яго назад і ўкапаў на два метры ў бок ад ранейшага месца. З таго часу крыж стаіць на двары Кулікоўскіх, рамантуецца і даглядаецца.
Гэты крыж у вёсцы Вайцяшын вяскоўцы ўстанавілі з надзеяй на Божую дапамогу таксама ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі іх маёмасць, хаты, а галоўнае – жыццё кожны дзень былі пад пагрозай. Да нядаўняга часу стаяў ён амаль пасярэдзіне вёскі, дзе ў саракавыя гады была ўскраіна. Зараз на яго месцы стаіць новы драўляны крыж.

Цікавую гісторыю мае прыдарожны крыж у вёсцы Лісічыцы. Калісьці ў вёсцы было два крыжы. Адзін з іх састарэў, яго забаранілі ўзнаўляць, а другі загадалі знішчыць дырэктару Альшэўскай птушкафабрыкі. Яго спілавалі і паклалі на могілкі ў вёсцы Ярцавічы. А праз год гэты чалавек захварэў і сам даў распараджэнне аднавіць спілаваны ў Лісічыцах крыж, а той з ярцавіцкіх могілак устанавілі ля лісічыцкіх, дзе знаходзіцца ён і па сённяшні дзень.
Вёска Альшэва не захавала свайго прыдарожнага крыжа-абярэга. Доўгі час вяскоўцы ўшаноўвалі толькі маленькі слупочак, што збярогся ад крыжа, які , мабыць, некалі быў закладным перад вясковымі могілкамі.
Амаль ля самай дарогі Бяроза-Драгічын знаходзіцца прыгожы шасціканцовы каваны крыж. Напачатку здавалася, што ён можа быць таксама паклонны. Але выявілася, што крыж надмагільны. Некалі тут былі могілкі, якія час ужо сцёр з твару зямлі, а гэты крыж захаваўся. Сяльчане сцвярджаюць, што пакоіцца тут прах жонкі графа Войцеха Пуслоўскага, княжны Жазефіны Друцкай-Любецкай (1776-1830) .

Недалёка ад гэтай магілы ў глыбіні вёскі знаходзіццца яшчэ адзін крыж, які можна назваць памятным. Ён устаноўлены ў 2008 годзе на месцы каменнага Свята-Успенскага храма, які прымаў у розныя часы то праваслаўных, то каталіцкіх вернікаў, але за доўгія часы прыйшоў у запусценне і быў узарваны ў 1964 годзе.

У вёсцы Малыя Лясковічы ўжо няма ніводнага жыхара, але людзі, карані якіх тут, кожны год збіраюцца на свята святой Троіцы ў родных мясцінах, каб вёска не памерла. У 2015 годзе яно атрымалася незвычайнае – на перакрыжаванні дарог у гонар 500-годдзя Лясковіч быў устаноўлены і асвечаны паклонны крыж. На камяні прымацавана таблічка з надпісам :«Род проходит и род приходит. А земля пребывает во веки. Лесковичи.500 лет. В знак памяти и уважения к предыдущим поколениям. В честь юбилея».У той жа дзень адбылася прэзентацыя кнігі зямлячкі Наталлі Дзядзічкінай “Малыя Лясковічы. Была такая вёска…”, якую можна знайсці ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі горада Бярозы.

Памятны драўляны крыж на перакрыжаванні лясных дарог сведчыць аб трагічных падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены і асвечаны ён у 2010 годзе на месцы вёскі Дзяды, якая знаходзілася ў пяці кіламетрах ад вёскі Бронная Гара і складалася ўсяго з сямі дамоў. Дзяды былі спалены фашыстамі ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі. Частку жыхароў расстралялі, астатніх перасялілі на Бронную Гару. Разам з хатамі знішчаны Свята – Антоніеўская царква і вясковыя могілкі, аб чым сведчыць надпіс на высокім стаўбе.

Пры асвячэнні крыжа протаіярэй Свята-Петра-Паўлаўскага храма г.Бярозы Георгій Шаўцоў адзначыў: “З гэтага часу крыж будзе мець сілу заўжды ўваскрашаць у памяці подзвіг жыхароў вёскі Дзяды, якія сталі ахвярай фашызму, і заклікаць памятаць сваю гісторыю”.

У цэнтры невялікай вёсачкі Сабалі ўзвышаецца драўляны крыж з распяццем, устаноўлены ў 2011 годзе побач з помнікам землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, месца пахавання якіх невядома. На гранітнай пліце побач з імёнамі 12 салдат пералічаны імёны бацькоў і шасці дзяцей з сям’і Жалудка, якія былі расстраляны за сувязь з партызанамі. Помнік і крыж з ліпы, зроблены сваімі рукамі, устанавіў у роднай вёсцы апантаны краязнаўца, брэсцкі мастак, член Саюза мастакоў Беларусі Анатоль Іванавіч Жалудка.

На Бярозаўшчыне, як і па ўсёй Беларусі, жывуць людзі розных веравызнанняў, але ў большасці гэта праваслаўныя і католікі, якія вякамі жывуць побач, раздзяляючы жыццёвыя радасці і няўзгоды. Так і крыжы – праваслаўны і каталіцкі стаяць побач, праважаючы падарожнікаў і сустракаючы іх з далёкай дарогі. Форма ў крыжоў розніцца, але мэта адна – просьба да Госпада аб ахове і падзяка за дапамогу.
Аб прыдарожным крыжы ў роднай вёсцы расказвае пісьменнік-публіцыст Анатоль Казловіч, ураджэнец вёскі Горск, у кнізе “Если бы да кабы”. У гэтай вёсцы вось ужо каля ста гадоў мірна жывуць побач хрысціяне праваслаўныя і евангельскія хрысціяне баптысты.

На жаль, гэты крыж у Горску, як і ў многіх іншых вёсках, быў знішчаны ў 70-я гады. У аповесці Анатоля Казловіча “Сторож горы” ёсць пасведчанне гэтаму:

“Деревенский дед говорил мне: “Крест был дубовый, закопали мы его на два метра. Остапчук вырвал трактором. Делали они это ночью… Волочили буксиром. На земле крест оставил ров. Я пошёл по следу, нашел крест в лесу. Поцеловал, попросил у него прощения, украсил мхом, вьюнком, попрощался”.

У 90-я гады на месцы знішчанага вяскоўцы паставілі новы крыж, але з горыччу ўспамінаюць яны страшныя гады бязбожжа. Не ў адной вёсцы могуць расказаць, як актывісты ссякалі прыдарожныя крыжы, выкопвалі іх, палілі. Бывала і так, што назаўтра на тым месцы ўжо стаяў новы крыж.

У вёсцы Сялец паклонныя крыжы таксама былі знішчаны ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Аб падзеях таго часу расказвае ў кнізе “Сяло ля Башты” краязнаўца Мікалай Пейган:

“Хто гэтым займаўся, згадваць не будзем…Людзі… памятаюць, што калі крыж прывезлі на ферму і загадалі камуністу, былому брыгадзіру Сважу яго спаліць пры варцы пойла цялятам, той катэгарычна адмовіўся. Тады з Куроўшчыны прыехаў бондар і забраў крыж на клёпкі. Пасля той бондар цяжка захварэў, 10 гадоў праляжаў нерухома, адняліся рукі і ногі”.

Сёння ў нас адраджаецца традыцыя ўстаноўкі раскрэсных паклонных крыжоў. Яны ставяцца ўсёй вёскай ва ўрачыстай атмасферы на перакрыжаванні дарог альбо пры дарозе, якая выходзіць з вёскі, каб уратавацца ад бедаў і нягод, заручыцца на добры зыход распачатае справы. У некаторых вёсках па два, тры і болей крыжоў. Напрыклад, у Нівах і Лісічыцах — па чатыры, у Хрыса – 5, у Песках — 9 крыжоў, якія акружаюць вёскі ахоўным кальцом.

Новы паклонны крыж на ўскрайку вёскі Пескі,на мяжы Пескаўскага і Белаазёрскага прыходаў, які быў устаноўлены ў 2012 годзе, акрамя знешняй прыгажосці, мае вялікую сілу –пад яго аснаванне памешчаны святыні з Свята – Серафімаўскага манастыра (Дзівеева, Расія), са святой зямлі (Іерусалім), са Свята-Успенскай Пачаеўскай лаўры (Україна), а таксама з Ганінай ямы (каля Екацярынбурга), у якую былі зкінуты пасля расстрэлу і аблітыя кіслатой целы царскіх мучанікаў – расійскага імператара Мікалая II, яго жонкі і дзяцей.

Каля гэтага крыжа звяршаюцца малебны ў Дзень памяці навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай (адзначаецца 7 лютага), веруючыя прыходзяць да яго хрэсным ходам, просяць дапамогі ў справах, моляцца аб сваёй Бацькаўшчыне.

Устаноўка крыжа патрабуе захавання пэўнай абраднасці: выбару месца, благаславення бацюшкі, асвячэння крыжа. Ставяць яго звычайна на ўзвышшы, якое сімвалізуе Галгофскую гару – месца распяцця Хрыста. Раней людзі, якія прысутнічалі пры ўстаноўцы крыжа, прыносілі жмені зямлі да яго падножжа. У наш час падножжа крыжа часта выкладваюць пліткай.

Прыдарожныя крыжы выклікаюць мноства пачуццяў. Старыя, якія прастаялі многа гадоў, напамінаюць аб страшным перыядзе ў нашай гісторыі, калі вера ў Бога знішчалася разам з крыжамі. Новыя, пастаўленыя ў асноўным 15-20 гадоў назад, даюць надзею, што Бог жыве ў сучасным чалавеку.

Гледзячы на прыдарожны крыж, з удзячнасцю думаеш аб тых людзях, якія зрабілі яго, устанавілі, упрыгожылі, хто прыходзіць да яго з малітвамі.

Звычай упрыгожваць крыжы атрымаў развіццё менавіта ад звычаю ахвяравання тканін на крыж.Упрыгожваюць крыж адзін раз у год – перад Вялікаднем. Набожныя вяскоўцы, у асноўным жанчыны, збіраюцца разам, каб прыбраць крыж. Стужкі прывязваюць на 30-40 сантыметраў ніжэй перакладзіны, ствараючы каскад складак, падобны на спаднічку. Спецыяльна сшытыя фартушкі, каб яны не падымаліся ад ветру, таксама абвязваюць стужкамі. На іконы павязваецца новы ручнік, звычайна прыгожа вышыты.

З даўніх часоў чалавек верыў сваім рукам, іх цеплыні і лекавай моцы, таму ствараў рытуальныя прадметы, якія захоўвалі яго душэўнае цяпло ды праменнае святло думак. Такім прадметам з’яўляецца і беларускі ручнік – повязь часоў, старадаўняя малітва, якая замольвае на дабро і спагаду, любоў і спакой.
Хоць прынцыпы “адзявання” крыжа падобныя ва ўсіх вёсках, можна заўважыць адрозненні ў іх аздабленні. Напрыклад, у вёсках Нівы, Пескі,Здзітава акрамя ручнікоў і фартушкоў, выкарыстоўваюць рознакаляровыя стужкі. На адных крыжах іх павязваюць вертыкальна, ад крыжа да плота, у іншых аздабляюць павязваннем стужак бантам.

Для ўпрыгожвання крыжоў у іншых вёсках больш выкарыстоўваюць штучныя кветкі , напрыклад, у Падкраічах, Смалярцы, Борках.

Незвычайна ўпрыгожваюць крыжы ў вёсцы Лісічыцы. Некаторыя з іх двухбаковыя, гэта значыць, аднолькава хораша аздобленыя з кожнага боку.

На крыжах звычайна ёсць іконы, адна або некалькі. Над іконай можа быць казырок, які захоўвае святыя лікі ад сонца і дажджу.

Бывае, крыжы ўпрыгожваюцца разьбой, як у вёсках Сігневічы, Ярцавічы, Куроўшчына. У Пешках крыж аздоблены карункамі з металу.
У нашых продкаў з прыдарожным крыжам было звязана мноства абрадаў. Ля крыжа спынялася вяселле, каб маладыя маглі памаліцца перад Укрыжаваным у дзень,калі назаўсёды крыжаваліся іх шляхі. Калі хлопца забіралі ў армію, то пры выездзе з вёскі ён абявязкова спыняўся каля крыжа, як бы з просьбай аб дапамозе ў службе і шчаслівым вяртанні дамоў.

Маладыя дзяўчаты, якія хацелі выйсці замуж, неслі да крыжа белую тканіну ці фартушок. Сталыя жанчыны звярталіся да яго з малітвай аб дапамозе ў сямейным жыцці і падзякай за атрыманую Божую ласку.

Збіраючыся ў дарогу, вяскоўцы каля крыжа, перахрысціўшыся, гаварылі такія словы: “Божая маці ўперадзе. Анёлы па баках. Мы ў Божых руках”.Кожны спыняўся каля крыжа са сваім клопатам, і кожнаму крыж адказваў – каго суцяшаў, каго падтрымліваў. Да нашага часу сталыя людзі вёскі, праходзячы каля крыжа, хрысцяцца і пакланяюцца яму, такім чынам выказваючы павагу да святога месца.

У вёсках, дзе няма царквы, перад Вялікаднем прыходскі святар разам з жыхарамі моліцца за вёску, асвяшчае святочную страву і велікодныя яйкі.

Здаралася такое, што крыжы на ростанях ставілі за адну ноч — па зароку. Рабілі гэта ў крызісных выпадках — падчас хваробы, вайны, эпідэміі. У тую ж ноч трэба было напрасці кудзелі, выткаць аброчныя тканіны для яго ўпрыгожвання. Толькі тады крыж быў надзелены цудадзейнаю сілаю.

Жыхарка вёскі Вайцяшын Заноска Антаніна Данілаўна расказала аб даўнім звычаі:

“Было ў нашай вёсцы такое павер’е. Калі выдаваўся засушлівы год і людзі баяліся застацца без ураджаю, то ўсе жанчыны вёскі збіраліся ў адной хаце, каб за адну ноч спрасці, аснаваць і саткаць ручнікі, адзін з якіх неслі ў храм, а другі павязвалі на крыж, каб Бог зміласцівіўся і паслаў дождж у нашыя мясціны”.

Да нашага часу захаваўся звычай праводзіць нябожчыка ўсёй вёскай да крыжа, дзе пахавальная працэсія спыняецца і аднавяскоўцы развітваюцца з памерлым. На крыж павязваецца ручнік, калі памірае мужчына,ці фартушок, калі хаваюць жанчыну. Ручнік на крыжы гаворыць – хай будзе шырокай і светлай пуцявіна памерлага пасля смерці, як белае палатно ручніка.Але і гэты звычай у наш час мяняецца. Усё часцей на крыж ці агароджу павязваюць стужку.

Наша краіна знаходзіцца на перакрыжаванні гістарычных шляхоў, якія злучаюць Усход і Захад, Поўнач і Поўдзень. На жаль, па гэтых шляхах ішлі не толькі мірныя людзі, але і войскі. Ваенныя падзеі пакінулі каля нашых дарог свае сумныя сляды – ваенныя пахаванні і памятныя знакі — надмагільныя крыжы.
Такі памятны знак – чорны гранітны крыж з распяццем стаіць на гарадскіх могілках па вуліцы Пушкіна ў горадзе Бяроза. Ён быў устаноўлены і асвечаны ў 2010 годзе побач з абеліскам на брацкай магіле, дзе пахаваны чатыры з палавінай тысячы мірных жыхароў – жанчын, старых, дзяцей, расстраляных каля сцен картузіянскага манастыра ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Высокі крыж, звараны з жалезных труб, пастаўлены ў 1990 годзе жыхаром вёскі Сабалі Лявонціем Кугачам на брацкай магіле, дзе пахаваны паўстанцы з атрада Рамуальда Траўгута, удзельнікі паўстання 1863 года на чале з Кастусём Каліноўскім. Яны загінулі ў баі пад Сабалямі. Падрабязна гэтыя падзеі апісаны ў кнізе Элізы Ажэшка “Слава пераможаным”. У 1929 годзе на магіле быў устаноўлены дубовы крыж, але яго спілілі ў 1939 годзе і выкарысталі пры будаўніцтве вясковага клуба.
Да крыжа прымацаваны таблічка з надпісам на беларускай і польскай мовах “Вечная памяць загінуўшым за незалежнасць Бацькаўшчыны. 1863.” і распяцце, якое мастак Анатоль Жалудка прывёз з радзімы палкоўніка Траўгута — вёскі Шастакова Камянецкага раёна. Па вуглах агароджы Анатоль Іванавіч размясціў зброю паўстанцаў – косы, таму іх і называлі касінерамі.Сярод мноства карцін, напісаных Анатолем Жалудка, ёсць і партрэт Рамуальда Траўгута.

Каля дарогі непадалёку ад вёскі Навасёлкі знаходзяцца так званыя “аўстрыйскія могілкі”. На гэтым невялікім кавалку зямлі пахавана 843 салдаты рускай, нямецкай, аўстрыйскай, венгерскай, Чырвонай армій – ахвяр Першай сусветнай і савецка-польскай 1920 года войнаў. Сярод соцен пліт, укладзеных роўнымі радамі, узвышаецца самотны крыж, сціплы надпіс ля падножжа на рускай і нямецкай мовах сведчыць: “Тут покоятся солдаты – жертвы Первой мировой войны”.Ворагі, паміраныя смерцю. У навуку нашчадкам…

Недалёка ад вёскі Сігневічы каля дарогі М1 Брэст – Масква стаіць крыж, размешчаны на могілках нямецкіх ваеннаслужачых. Гэтыя могілкі былі адкрытыя ў 2005 годзе. Сюды прывозяць для перазахавання рэшткі нямецкіх салдат, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны і былі пахаваны ў розных месцах на тэрыторыі Беларусі.Каля ўваходу ўстаноўлена пліта з надпісам на рускай, нямецкай і англійскай мовах: “Мертвые этого кладбища призывают живущих к миру”.

У наш час каля дарог з’явіліся крыжы, устаноўленыя на месцы гібелі людзей у аўтамабільных катастрофах. Праваслаўная царква да гэтага адносіцца адмоўна — крыж павінен быць усталяваны на тым месцы, дзе пахаваны чалавек, на святым месцы, а не там, дзе чалавек загінуў.

Прыдарожныя крыжы – гэта не толькі гісторыя нашых вёсак і гарадоў, нашых продкаў, нашага народа, якую трэба вывучаць і захоўваць. Крыжы кажуць нам – Бог жыве ў душах людзей. Зноў адчыняюцца святыні, моляцца там людзі. І зноў да крыжа нясуць яны свае хваробы, боль, радасць і падзяку.
Дарогі, ростані, вёскі, пералескі, лугі, палі. І там крыж ля дарогі, і там, і там. Шмат іх ужо, зноў сталі неад’емнай часткай заўсёды непаўторнага вясковага краявіду. І неяк спакойна на душы ад таго, што шляхі нашы пазначаны знакамі любові, засцярогі і заступніцтва.

Спіс выкарыстанай літаратуры:
БАРАДУЛІН, Р. Маленне за Беларусь: [верш] / Рыгор Барадулін // Збор твораў: Т.2. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. – С. 149-150.
БАШЛАКОЎ, М. Пяро зязюлі падніму: паэма і вершы / М.Башлакоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2001. – С. 55-56, 136-137.
ГІЛЕВІЧ, Н. Замова ад страху: новая кніга паэзіі / Ніл Гілевіч. — Мінск: Медысонт, 2009. – С. 50. – (Бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”: вып.12)
ГОРОВАЯ, М. Жертвам войны / Маргарита Горовая // Маяк. – 2010. – 27 октября. – С. 3.
ЗЭКАЎ, А. Пад кронай белых аблачын: вершы / Анатоль Зэкаў. – Мінск: Ковчег, 2013. – С. 122.
КАРПЕШ, Р. Не дать исчезнуть наследию предков / Розалия Карпеш // Маяк. – 2011. — 20 августа. – С. 4.
КАТАШЕВИЧ, М. Символ победы над злом / Мария Каташевич // Маяк. – 2013. – 12 апреля. – С. 2.
КНЫРЭВІЧ, С. Паміраныя смерцю / Сяргей Кнырэвіч // Гістарычная брама. – 1998. – № 6. – С. 1 – 3.
КОЗЛОВИЧ, А. Если бы да кабы: автобиоэколографический роман / Анатолий Козлович. – Минск: Мастацкая літаратура, 1994. – С. 181.
МАРОЗ, У. За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2004. – С. 194-197.
МІНЕЕВА, І. Спаленыя Дзяды / Ірына Мінеева // Народная трыбуна. – 2012. – 29 чэрвеня. – С. 10.
ПЕЙГАН, М. Вёска Куроўшчына / Мікалай Пейган // Маяк. – 2015. — 21 декабря. – С. 6.
ПЕЙГАН, М. Сяло ля Башты: краязнаўчы нарыс / Мікалай Пейган. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – С. 86.
ПРЫДАРОЖНЫЯ крыжы як сведкі лёсу чалавека: вусны часопіс. – ДУА “Гімназія г.Белаазёрска”, 2010.
РУДСКАЯ, І. На радзіме вада смачнейшая і трава зелянейшая / Ірына Рудская // Маяк. – 2015. – 6 ноября. – С. 5.
СИНКЕВИЧ, Н. Тайны Дедовской пущи / Николай Синкевич // Маяк. – 2011. – 23 апреля. – С. 7.
СЯДНЁЎ, М. Распяты Хрыстос: [верш] / Масей Сяднёў // Сонца святое – Хрыстос: зборнік беларускай духоўнай паэзіі. – Мінск: Біблейскае таварыства, 2001. – С. 72-73.
УСЦІЛОЎСКАЯ, А. Да крыжа … : [верш] / Алена Усцілоўская // Маяк. – 2010. – 27 марта. – С. 8.
ШНІП, В. Проза і паэзія агню: вершы, аповесць, эсэ / Віктар Шніп. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2010. – С. 270.

Інтэрнэт –рэсурсы:
КОЗЛОВИЧ, А. Сторож горы: документально-автобиографическая повесть / Анатолий Козлович [Электронный ресурс]. — Режим доступа: pdf. kamunikat. org> 13510 — 5 pdf .
ПОКЛОННЫЕ кресты [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http/www.srpska.ru/article.php.nid = 21131.
ПРЫДАРОЖНЫЯ крыжы: альбом выяў крыжоў у вёсках Белаазёрскага сельскага савета. – ДУА “Гімназія г.Белаазёрска”, 2010 [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: htts / docs. google. com/ file/d/.
РАМАНЮК, М. Крыжы прыдарожныя: зорна-крыжовы шлях / Міхась Раманюк // Наша вера. – 1998. — № 2 [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: media. catolik. bu/hv/ ns/ art 15 htm/.
СМИРНОВА, И. Тайная история креста. Всё о древнем магическом символе человечества / Инна Смирнова [Электронный ресурс]. – Режим доступа :svitk. ru / 004. book.

Автор записи: Admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *